Бегаў па Брукліне, жыў пры царкве. Лідчанін Леанід Анацка распавёў пра свае прыгоды ў Нью-Ёрку

19 Сентября 2019 1963
Сёння Леанід Анацка зноў выйшаў на старт шасцісутачнага забегу ў італьянскім горадзе Палікара. У мінулым годзе бягун з Ліды тут жа пабіў рэкорд Беларусі. За ўстаноўлены час ён пераадолеў дыстанцыю ў 721,5 кіламетра і заняў трэцяе месца ў абсалютным заліку. Цяпер Леанід спадзяецца прабегчы яшчэ больш.

Цікава, што ў Італію наш зямляк адправіўся амаль што адразу пасля таго, як вярнуўся з ЗША, дзе прабыў чатыры з паловай месяцы. У Нью-Ёрку ён прыняў удзел у десяцісутачным забегу, дзе стаў у абсалютным заліку другім! Была ў Леаніда Анацка яшчэ адна мэта: там жа падчас спаборніцтваў прабегчы 3100 міль. Але ж арганізатары не дапусцілі яго да старту. Чаму? Чытайце ніжэй.

– Леанід, вы шмат дзе бегалі ў мінулым годзе, але ж ніколі не падарожнічалі так далёка, аж за акіян…

– Так, было многа стартаў, што дазволіла мне заняць першае месца ў КЛБ-матчы – рэйтынгу бегуноў-ультрамарафонцаў. Па набраных балах нават апярэдзіў нашу славутую зямлячку Вольгу Мазуронак. Але ў гэтым годзе ўвялі шмат абмежаванняў, таму спаборнічаць у рамках гэтага рэйтынгу асабіста мне стала нецікава. Не скажу, што я бегаю толькі дзеля нейкіх перамог, але ж, на маю думку, прынцып размеркавання балаў стаў не вельмі справядлівым. Таму я вырашыў паспрабаваць нешта новае, у тым ліку паўдзельнічаць у самым вялікім забегу ў свеце – забегу на 3100 міль у Нью-Ёрку. Ніхто з беларусаў за ўвесь шматгадовы час існавання гэтых спаборніцтваў уделу ў ім не прымаў. На пераадоленне гэтай неверагоднай дыстанцыі даецца 52 сутак. Не кожны, нават самы вытрыманы, атлет можа справіцца з такім выпрабаваннем, таму арганізатары ўвялі дадатковы «экзамен» – дзесяцісутачны забег. Дарэчы, і ў ім ніхто з беларусаў-мужчын дагэтуль не ўдзельнічаў. Як мне казалі, дваццаць чатыры гады назад бегла ўраджэнка Беларусі, якая на той момант ужо даўно жыла ў Нью-Ёрку. Таму я вырашыў накіравацца ў ЗША, каб дабавіць новы адметны факт да сваёй спартыўнай біяграфіі.

– Мяркую, што да падарожжа прыйшлося доўга рыхтавацца. Прычым маю на ўвазе не толькі фізічную форму.

– Што датычыцца формы, то я быў цалкам гатовы да абодвух забегаў. Некаторы час заняло афармленне візы, але ж дзякуючы таму, што арганізатары спаборніцтваў даслалі мне запрашэнне, асобых праблем удалося пазбегчы. Я атрымаў гадавую візу, па якой можна аднаразова прабыць у ЗША не больш за шэсць месяцаў. Яшчэ дагэтуль рызыкнуў і купіў квіткі на пералёт. Самыя дарагія – летам, каля 550-600 долараў. Я ж браў іх вясной, прычым наўмысна планаваў вярнуцца ў Беларусь восенню, каб сэканоміць на пералётах. У выніку набыў іх па значна таннейшай цане.

– Наколькі я ведаю, удзел у спаборніцтвах таксама каштуе нямала.

– Скажу па праўдзе, я меў грошы на дзесяцісутачны забег, але сродкаў на аплату забегу на 3100 міль у мяне не было. Сума сапраўды немалая – паўтары тысячы долараў. Мне вельмі дапамаглі беларусы, якія жывуць у ЗША. Адзін з іх, Мікалай Антонік, аднакурснік з інстытута. Мы з ім трыццаць гадоў не бачыліся! Нягледзячы на гэта, ён прыехаў за 150 кіламетраў на машыне – з Нью-Джэрсі, – завёз дадому, дапамог не толькі з вопраткай, бо я не мог узяць з сабой на самалёт шмат багажу, але і фінансава. Афіцыйна працаваць я не мог, таму дапамог сябру па гаспадарцы, каб хоць неяк падзякаваць яму за гасціннасць. Таксама мне дапамагалі многія беларусы з Нью-Ёрка.

– Жылі вы таксама ў іх?

– Не зусім, але з іх дапамогай я пасяліўся ў Нью-Ёрку на тэрыторыі праваслаўнай царквы. Гэтае памяшканне ў 1953 годзе выкупілі беларускія мігранты і ўстроілі царкву. Прыхаджан цяпер нямнога, але сярод іх ёсць і ўраджэнцы Ліды. У вольны ад бегу час я дапамагаў з рамонтам. Са старой цэглы і маленькіх каменьчыкаў вылажыў дарожкі вакол і тым самым ачысціў ад будаўнічага смецця падвал. Нават кветкі пасадзіў (смяецца). Хацелася зрабіць як мага больш, таму ў апошнія дні спаў па пару гадзін. За сваю працу атрымліваў начлег, ежу і ахвяраванні. Пашанцавала з месцам знаходжання царквы. Па-першае, зусім блізка адтуль, дзе праходзіў забег. Па-другое, у элітным раёне Бруклін, недалёка ад Манхэтэна. Але ж часу на азнакамленне з горадам было не вельмі шмат. Аднойчы атрымалася пакупацца ў Атлантычным акіяне, таксама сябры завезлі да Ніягарскага вадапада. Дзякуючы яму позіркам яшчэ пабываў у Канадзе.

– Давайце вернемся да бегу. Ці дабіліся пастаўленай мэты?

– На жаль, толькі напалову. Я прыняў удзел у дзесяцісутачным забегу, прычым выканаў усе патрабаванні да яго. Прабягаў кожны дзень больш за сто кіламетраў, у суме – 1079. З гэтым вынікам стаў другім у абсалютным заліку. Уступіў толькі бегуну з Манголіі, які маладзейшы за мяне на дваццаць адзін год. Ён вельмі знакамітая асоба на сваёй радзіме – напрыклад, як Фёдар Конюхаў у Расіі. Вельмі цікавы чалавек – сыраед. Падчас забегу некалькі сутак ужываў толькі мандарыны. А ўвогуле, ён прыехаў у Нью-Ёрк разам з цэлай камандай аж за тры месяцы да спаборніцтваў. Сярод іх былі і лекары, і масажысты. Я ж усё рабіў сам, таму лічу, што выступіў вельмі ўдала. Але допуск да забегу на 3100 міль мне так і не далі. Арганізатары матывавалі гэта тым, што спісы ўдзельнікаў ужо былі складзены загадзя і я значуся ў іх, але ж толькі на наступны год. Спачатку было вельмі крыўдна, нават спрабаваў выйсці на старт сёлета, каб атрымаць падтрымку з боку бегуноў. Але ж арганізатары папрасілі мяне спыніць бег. Потым вырашыў, што, можа, так і лепей. Атрымаў вопыт удзелу ў спаборніцтвах у такіх спякотных умовах, ды і ўвогуле зрабіў для сябе не 52-сутачны марафон, а стадзённы – працоўна-рухавы – і стаў яшчэ матэрыяльна мацней.



– Вы плануеце вярнуцца праз год?

– Так, але да гэтага часу яшчэ далёка. Наперадзе ў мяне некалькі іншых важных спаборніцтваў. 16 верасня стартую ў шасцісутачным забегу ў Італіі, у горадзе Палікара (размова з Леанідам Анацка адбылася напярэдадні яго вылету.Аўт.), 26-27 кастрычніка ў французскім горадзе Альбі прой-дзе чэмпіянат свету па сутачным бегу. 16 снежня планую прыняць удзел у сутачным забегу ў Барселоне і ўжо адтуль, пад Новы год, адправіцца на шасцісутачны забег у Каліфорнію. Атрымаў запрашэнне паўдзельнічаць у забегах па тэрыторыі Індыі – магчыма, адкрыю для сябе новую частку свету. Напрыканцы наступнага года хачу правесці ў роднай Лідзе II ультрамарафонскі фестываль, у які ўвойдзе дзесяцісутачны забег. Так што планаў у мяне вельмі шмат!
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться