Уменне выказвацца і слухаць, марыць і дзейнічаць – і не залежаць ад вонкавых меркаванняў

16 Января 2021 1069
На вуліцы студзень. Пачатак 2021 года многім запомніцца вось такім па-сапраўднаму зімовым, са скрыпучым снегам пад нагамі, бліскучым інеем на заснежаных дрэвах. Мы адвыклі ад такіх прыгожых зім, якія для нашых геаграфічных шырот былі характэрнымі, здаецца, зусім нядаўна. Таму так шчыра радуемся і снегу, і марозікам…

У сацыяльных сетках халоднае надвор’е стала адной з самых “гарачых” тэм – так шмат у інтэрнэце здымкаў на фоне зімовых краявідаў, каментарыяў, рэпостаў. Але цудоўнае надвор’е, якое ўсталявалася на тэрыторыі нашай краіны, – гэта толькі адна з тэм, цікавая для людзей рознага ўзросту, сацыяльнага статусу, якая актыўна абмяркоўвалася ў апошнія дні. 

Іншыя тэмы – Год народнага адзінства, аб’яўлены Прэзідэнтам  Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам,  і  правядзенне VI Усебеларускага народнага сходу – маюць яшчэ больш высокі індэкс цытавання. І гэта не здзіўляе, бо Усебеларускі народны сход, які пройдзе ў нашай краіне ўжо ў шосты раз, стане той дамінантай, на якой будзе вызначана стратэгія далейшага развіцця краіны. І раней на Усебеларускіх сходах  акрэсліваліся  прыярытэты і задачы на бліжэйшыя пяцігодкі. Тым больш цяпер, калі наша грамадства перажывае не самыя простыя часы, патрэбныя дыялог і рашэннні, якія будуць працаваць на карысць кожнага грамадзяніна рэспублікі, якая, нагадаю, нават пад жорсткім напорам не самых прыемных для краіны падзей не мяняе сваёй сутнасці і застаецца сацыяльна арыентаванай.

Што хацелася б сказаць у пачатку Года народнага адзінства? Апошнія тры гады – трыяда малой радзімы – таксама былі значнымі ў жыцці кожнага нераўнадушнага да сваёй Бацькаўшчыны чалавека. Толькі іншым было вымярэннне любові да краю, у якім жывём, і, давайце прызнаемся, мы больш дбалі аб яго чысціні і прыгажосці, рэалізацыі сацыяльных і эканамічных праектаў, чым аб чымсьці іншым. 

Цяпер жа асаблівае значэнне маюць патрыятызм, уменне выказваць свой пункт погляду і слухаць апанента, жаданне бачыць свой край квітнеючым і прыкладваць для гэтага намаганні. Гэта час, калі дамінаваць павінны не лозунгі і бравада, а голас розуму, цвярозай свядомасці. Гэта менавіта той момант, калі мы павінны зразумець: у нас адна краіна, погляды на яе развіццё могуць быць рознымі, гэта можна і патрэбна абмяркоўваць, але нельга дапусціць, каб нам навязвалася бачанне сітуацыі не беларусамі, тымі, каму патрэбны раскол у нашым грамадстве і напружанне ў ім для сваіх карысных мэт.
 
Няхай жа 2021 год стане годам аб’яднання нацыі, годам паразумення і дыялогу. Ад гэтага залежаць будучыня Беларусі і магчымасць кожнага яе грамадзяніна мець хлеб надзённы і бачыць прыгажосць навокал ва ўсіх праяўленнях жыцця. У тым ліку тую, што нам дорыць прырода. Заўтра нядзеля – самы час наталіцца зімовымі краявідамі Лідчыны. Яны насамрэч цудоўныя, як і іншыя мясціны нашай роднай Беларусі. Хаця з улікам прагнозу сіноптыкаў, якія і надалей прагназуюць маразы, няблага застацца ва ўтульным доме і правесці час разам з блізкімі.

Кацярына Серафіновіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться