«Пяць падзей тыдня»

05 Ноября 2022 39907

«Пяць падзей тыдня», – 
рубрыку пад такой назвай новай не назавеш: у свой час на старонках “Лідскай газеты” друкаваліся матэрыялы на адпаведную тэму “Чым запомніўся мінулы тыдзень?” Цікавыя ў ім былі нататкі: лідчане шчыра разважалі пра тое, што адбывалася навокал, расказвалі пра асабістыя падзеі, дзяліліся сваімі планамі на будучае. Так, час цяпер няпросты, неспакойна ў свеце, але і ў сённяшнім жыцці ёсць радасць, ёсць будні і святы – а ў іх столькі падзей, мараў. Чаму б не падзяліцца? Пачнём?

Тыдзень таму прымала ўдзел у IX форуме маладых журналістаў “Беларускія медыя – 2022: традыцыйныя і новыя формы работы”. Так, і міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў, і іншыя спікеры мерапрыемства гаварылі пра неабходнасць быць лідарамі ў медыясферы сваіх рэгіёнаў, пра надзённыя задачы журналістыкі. А каму іх вырашаць як не маладым журналістам, тым больш з разлікам на заўтрашні дзень? Таму вельмі парадавала атмасфера, якая панавала ў зале: адчувалася зацікаўленасць аўдыторыі ў той інфармацыі, якую ім даносілі падчас выступленняў вопытныя ў прафесіі калегі. Сярод іх і Ігар Тур, палітычны аглядальнік АНТ, прафесіянал у сваёй сферы і чалавек, які не забывае на свае карані, а яны, як вядома, на лідскай зямлі.

Форум праходзіў дынамічна: гучалі вострыя пытанні, выказваліся розныя думкі і меркаванні – разам з тым адчувалася еднасць прысутных, хоць у зале, нагадаю, было больш за трыста маладых журналістаў з розных рэгіёнаў краіны. Кожны з іх творчы, адукаваны чалавек, якому не ўсё роўна, што адбываецца навокал. І няхай веды, атрыманыя падчас правядзеня форуму, зносінаў з калегамі па журналісцкім цэху, стануць дамінантай у рабоце рэгіянальных СМІ. 

У мінулую сераду ў Лідзе прайшоў семінар, на якім абмяркоўваліся Праекты законаў “Аб змяненні Выбарчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь” і “Аб Усебеларускім народным сходзе”. Семінар праходзіў пад кіраўніцтвам старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі.таксама ўдзел у гэтым мерапрыемстве прыняў яго намеснік, а наш зямляк, Валерый Міцкевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Лідскай выбарчай акрузе №55.
Гонар і адказнасць для Лідчыны – прымаць удзельнікаў мерапрыемства такога высокага ўзроўню. А яшчэ магчымасць папоўніць летапіс Лідчыны радком пра тое, што да лёсу краіны праз абмеркаванне і непасрэдны ўдзел у выпрацоўцы законаў, па якіх будзе жыць беларускае грамадства ўжо вельмі хутка, маюць дачыненне і лідчане. Хаця такая магчымасць ёсць у кожнага беларуса, – гэту акалічнасць вельмі правільна зазначыла праз назву артыкула карэспандэнт “Лідскай газеты” Вольга Яхантава “Пішам законы разам”.

Не чыталі аповесць Барыса Васільева “Іванаў катар”? Калі не – то раю. Светлая аповесць пра былога франтавіка, яго блізкіх… Простая мова, няпростыя лёсы герояў, але дамінуе ў кнізе думка, што дабро пераможа і людскасць, як у нашых краях любяць казаць, – найгалоўнейшая якасць у жыцці чалавека, незалежна ад часу і падзей.

Не паспеем азірнуцца, як Новы, 2023 год, пастукае ў дзверы. А для нашага горада ён юбілейны – святкаваць будзем 700-годзе з дня заснавання Ліды. Разам з дырэктрам – галоўным рэдактарам “Рэдакцыі “ЛідаМедыяКампанія” Паўлам Івуцем вырашалі, як найлепшым чынам адлюстроўваць у газеце гэту значную дату ў гісторыі Ліды. Але матэрыялы гэта адно, а стварэнне экспазіцыі, прысвечанай “Лідскай газеце” як вядучаму выданню Лідчыны і яе летапісцу, – іншая справа. Вырашылі: наш будынак з яго гісторыяй варты таго, каб у ім з’явіўся музейны пакой.

Святочныя імшы ў касцёлах, наведваннне могілак блізкіх, якія заранёў былі прыведзены ў парадак – на гэтым тыдні каталікі святкавалі Дзень Усіх Святых. Мы з мужам таксама ў гэты дзень вырашылі зранку (не выпадала інакш) наведаць могілкі ў Крупаве.  
Было а палове сёмай, і я думала, што будзем ці не першымі, хто запаліць знічкі. Дзе там! Пад’язджаючы да могілак, убачылі мноства агеньчыкаў, – шмат людзей яшчэ звечара наведалі могілкі і пазапальвалі лампадкі. 
Дарэчы, у тую раніцу зямлю асвятлялі не толькі знічкі, запаленыя на могілках, але і зорнае неба, якое быццам схілілася над нашым краем у пяшчоце: жывіце, людзі, па традыцыях продкаў, шануйце памяць пра іх, клапаціцеся пра жывых, дбайце пра добрае – Бог будзе з вамі.

Кацярына Серафiновiч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться