Умець цаніць, што маем… Цэнім?

07 Августа 2023 31563

Нядаўна праз перапіску ў Вайберы перакінула калезе невялікае відэа: на ім рэчка, парослыя кустоўем берагі, хмурыя аблокі над вадой… Пра тое, што гэта горад, гавораць шматпавярхоўкі. А пра тое, што гэта Стакгольм, апавядае аўтар за кадрам.

Калега напісала: “Стакгольм?! Я падумала, што гэта дзесьці ў нас…”

Вось такое адчуванне, што ў нас не горш, а дзесьці і лепш (і датычыцца гэта не толькі краявідаў), узнікае і ў мяне кожны раз, калі разглядаю фота, відэа, скінутыя сябрамі або знаёмымі з розных краін. Калі ўсё ж такі гаварыць пра прыродныя багацці, то няма ў нас мора, пясчаных пляжаў, на якія набягаюць высокія хвалі, але ж ёсць блакітныя азёры з крынічнай вадой, у якіх можна купацца кожнаму; няма высокіх гор, але ёсць лясы, рэліктавыя ў тым ліку, дзе можна збіраць грыбы, ягады… І гэта не прыватная ўласнасць, а нацыянальны набытак. Як часта мы ўзгадваем пра гэта? Ганарымся тым, што маем, ці адмахваемся: ой, а дзесьці там лепш… Не буду спрачацца, магчыма, і лепш для жыхароў той краіны, грамадзянамі якой яны з’яўляюцца. Але для беларусаў іншай Ра-дзімы, дзе ўлада дбае пра іх клопаты, стварае ўмовы для жыцця і рэалізацыі ў ім, няма і не будзе.

Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава, прыярытэтам якой з’яўляецца дабрабыт яе грамадзян. І нават сёння, пад беспрэцэдэнтным знешнім ціскам і беспадстаўнымі санкцыямі, унутраная і знешняя палітыка беларускай дзяржавы адпавядае найперш нацыянальным інтарэсам. Менавіта таму мы маем магчымасць працаваць у сваёй краіне, выхоўваць дзяцей, дбаючы пра яе традыцыйныя каштоўнасці, пры неабходнасці можам бясплатна папраўляць здароўе з дапамогай дзяржаўнай медыцыны… Пералік можна працягваць: тут і дэкрэтныя водпускі на тры гады, і дапамога шматдзетным, і школы-гурткі, секцыі-спартзалы для развіцця талентаў, санаторыі для аздараўлення… Ведаем пра гэта? Цэнім? Для інвалідаў і састарэлых, людзей паважанага ўзросту дзейнічаюць свае пра-грамы – толькі б не трацілі яны пачуццё запатрабаванасці, не замыкаліся ў чатырох сценах.

А колькі робіцца для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, як дарослых, так і дзяцей? Вось толькі адзін факт. Пры Савеце Рэспублікі Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання створаны кансультацыйны савет па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У яго склад уваходзяць парламентарыі з профільных камісій, міністры, спецыялісты, у тым ліку з рэгіёнаў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Цяпер на ўзроўні Савета Рэспублікі, яго спікера Наталлі Качанавай вырашаецца пытанне пра стварэнне ІТ-кампаніі для рабят з аутызмам.

На днях старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў рамках правядзення кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця наведала і пазнаёмілася з дзейнасцю ўстановы “Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця” і ДУ “Гомельскі гарадскі цэнтр інклюзіўнай культуры”.

Проста і зразумела Наталля Іванаўна сфармулявала асноўны прынцып дзейнасці ў сацыяльнай сферы: “Мы ўсе аднолькавыя перад Богам, і калі мы прыйшлі ў гэты свет, павінны дапамагаць адзін аднаму”.

Здаецца, што на гэтыя словы нам трэба не забывацца ў паўсядзённасці. Яны арыенцір не толькі для тых, хто працуе ва ўладных кабінетах. Кожны з нас, па меры сіл і магчымасцей, можа дапамагчы бліжняму свайму: усмешкай, своечасовай парадай, ахвярным учынкам… Згодны?

І напрыканцы, ёсць прымаўка: “Добра там, дзе нас няма”. На мой погляд, больш актуальна гучыць: “І там, дзе мы ёсць, таксама добра”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться