Глядзіць гісторыя са старых фотаздымкаў

10 Февраля 2019 3757
Да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адкрылася выстава, у экспазіцыі якой… усяго адзін прадмет. Гэта альбом, які налічвае больш за 100 фотаздымкаў Ліды і Лідскага раёна сярэдзіны мінулага стагоддзя.

– Альбом быў створаны ў жніўні 1958 года, акурат да 40-гадовага юбілея БССР, – праводзіць агляд выставы галоўны захавальнік фондаў музея Наталля Хацяновіч. – Музею ён быў перададзены ў 1979 годзе райкамам партыі. Фотаальбом змяшчае прозвішча і подпіс нейкага Каваленкі, але аб тым, хто гэты чалавек, звестак няма – магчыма, проста член партыі. На жаль, невядома, і хто менавіта захаваў для нашчадкаў вялікае багацце – выгляд нашага рэгіёна ў 50-я гады. Але бачна, што аўтар фотаздымкаў (або некалькі аўтараў) настолькі моцна любіў свой горад, што стараўся падрабязна адлюстраваць яго вулачкі, плошчы, старыя будынкі. Кожны фотаздымак – як памяць аб мінулым. Гартаючы альбом, можна прасачыць трансфармацыю горада. На той час на тэрыторыі Заходняй Беларусі барацьба з бандытызмам ужо скончылася, усталявалася савецкая ўлада і інтэнсіўнымі тэмпамі пачалі развівацца розныя галіны народнай гаспадаркі: будаўніцтва, сельская гаспадарка, ахова здароўя і г. д.  

Кожная фотакартка сапраўды ўнікальная. Напрыклад, вы памятаеце, дзе ў Лідзе стаяў помнік Сталіну? А як выглядаў кінатэатр “Кастрычнік”, калі замест цэнтральнай плошчы было проста поле? А дзіцячая паліклініка? І гэтах “а”, паверце, вельмі шмат. Некаторых будынкаў ужо наогул няма, а па некаторых нельга нават высветліць адрас – настолькі Ліда за гэтыя дзсяцігоддзі змянілася. Ёсць фотаздымак з такім подпісам: “Тэрыторыя малочна-кансервавага завода, побач з якой будзе будавацца “Лакафарба”. Як вам такая загадка гісторыі? Прадпрыемствы ж сёння знаходзяцца ў процілеглых канцах горада!

– Кожны фотаздымак можна выносіць у асобную выставу аднаго прадмета, – разважае Наталля Аляксандраўна. – Аб кожным можна расказваць і расказваць. Таму гэты альбом можна разглядаць як вялікую пляцоўку для даследчыкаў і проста аматараў гісторыі роднага краю. У наведвальнікаў музея ёсць добрая магчымасць зазірнуць на выставу, пагартаць альбом і больш даведацца пра Лідчыну. Магчыма, знайсці на фотаздымках сябе альбо сваіх сваякоў ці знаёмых.  

Прадмет адзін, а лёсаў тысячы… Час ідзе. Яго не вярнуць, але можна захаваць. І дапамогу ў гэтым можаце аказаць вы, чытачы “Лідскай газеты”, жыхары і ўраджэнцы Ліды і Лідскага раёна. Магчыма, вы ведаеце, каму належаць прадстаўленыя ў музеі здымкі? Або ў вашых сямейных архівах захаваліся фатаграфіі ранейшай Ліды? А можа, вы хочаце падзяліцца сваімі ўласнымі ўспамінамі аб тым, як будаваўся і ператвараўся горад? Мы будзем рады пісаць гісторыю раёна разам з вамі. Тэлефанаваць можна па нумары 53-29-80. 
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться