Жывапісныя кветкі на белай паверхні

01 Ноября 2024 1493
У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адбылося свята ткацтва і адкрылася выстава традыцыйнай вышыўкі майстроў Лідчыны.

– Вышыўка як дэкаратыўнае народнае мастацтва набыла сваю папулярнасць у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. і бытавала пераважна ў форме хатняй вытворчасці для патрэб сям'і. Гэта абумовіла яе глыбокую самабытнасць і склала характэрныя мясцовыя традыцыі, – паведаміла малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ірына Дыдышка. – Ёю аздаблялі жаночыя галаўныя ўборы, кашулі, фартухі, мужчынскія кашулі, шыйныя хусткі, а таксама суконную і аўчынную вопратку. 

Цікава было ўбачыць прадметы абрадавага і бытавога прызначэння (ручнікі, абрусы, навалачкі, накідкі на падушкі, сурвэткі, дарожкі, фіранкі, дываны), якія ўпрыгожаны вышыўкай у розных тэхніках. Старэйшыя па часе рэчы пачатку ХХ ст. прадстаўлены на саматканым палатне з абмежаванай колеравай чырвона-чорнай гамай нітак, выкананай у тэхніцы крыжа з малюнкамі геаметрычных форм. З другой паловы ХХ ст. пачынаецца эра паліхромнай гамы і пластычных форм раслінных кампазіцый, жывапісных кветак на белай баваўнянай паверхні ў тэхніцы гладзі. Самы каштоўны здабытак у разрэзе цэлага стагоддзя прадстаяўляе вышыўка і ткацтва вёскі і хутара Збляны. Дарэчы, на мерапрыемстве прысутнічала жыхарка вёскі Збляны Станіслава Паповіч, дзякуючы якой папоўнілася скарбонка звестак пра традыцыі Лідскага краю.

– Раней ткала дзяругі, рушнікі, навалачкі, шмат чаго…, – кажа Станіслава Паповіч. – Час быў складаны, але я вельмі любіла ткаць, і таму, прыходзячы пасля работы, ткала да трох гадзін ночы. Свае работы перадала ў Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, каб захавалася і перадавалася памяць з пакалення ў пакаленне.

На выставе таксама прадстаўлены посцілкі Лідскага, Дзятлаўскага і Воранаўскага раёнаў. Прадэманстраваны работы самабытнай мастачкі Ганны Пуйдак са Шчучынскага раёна. Адна з такіх работ – ручнікі з вышыўкай па канве. Жанчына завяршыла матуліны тканыя ручнікі не толькі вышыўкай, але і карункапляценнем. прадставіла свае работы і  член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Алена Міхед. З 2021 г. яна адраджае рэгіянальнае ткацтва Слонімшчыны. Валодае палатняным перапляценнем, тэхнікамі ёлачнай і ломанай саржы. Калекцыю ручнікоў майстар саткала сама.

На свяце кожны змог выкарыстаць магчымасць затрымацца і ўважліва разглядзець творчасць папярэдніх пакаленняў і сучаснікаў, што захоўваюць традыцыі продкаў.




























Текст: Анжаліка ЗабродскаяАнжаліка Забродская
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться