Кветкі як дар падзякі і кахання

07 Марта 2023 1850


Адзін з Божых дароў, дадзеных чалавеку, – гэта кветкі, якія прыносяць радасць і надзею, павагу і любоў, падзяку і памяць пра чалавека, а таксама ўдзячнасць Богу і Маці Божай. 

Кветкі з’яўляюцца і сімвалам таямніцы, нявіннасці, шчасця, далікатнасці, жалобы, смутку, логікі і сіметрыі, зямной і жаночай прыгажосці. Аб дасканалай прыгажосці вобразаў кветак у Святым Пісанні гаворыцца ў Песні песень: для маладога яго нявеста адрозніваецца сваёй прыгажосцю ад іншых дзяўчат (“Як лілея паміж калючкамі, так і сяброўка мая паміж дзяўчынкамі”). У Новым Запавеце таксама сустракаем сімвалічны вобраз кветак. Так, лілея з’яўляецца сімвалам нявіннасці, боскага клопату пра абранага: “Паглядзіце на палявыя лілеі, калі яны растуць: яны не працуюць і не круцяцца, і я кажу вам, што нават цар Саламон быў не такі апрануты, як адна з іх”. У сусветнай літаратуры кветкавая сімволіка складаецца як адзіная сістэма: кожнай кветцы адпавядае сваё значэнне (верас – вобраз Радзімы, лілея – маладосці і дзявочай чысціні, пралеска – сімвал вясны, валошкі – сімвал міру, прыгажосці і творчасці і г. д.). У творах Адама Міцкевіча сустракаем: “Расці высока, кветка, як пан ляжыць глыбока”. Беларускі класік Максім Багдановіч адзначаў: “Добра быць коласам, але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком”.

Часам не трэба многа слоў, бо прыгожыя кветкі ўжо самі па сабе многае могуць сказаць. Кветкі суправаджаюць чалавека праз усё жыццё. Іх мы прыносім у касцёл для ўпрыгожвання алтара, складаем падзяку ля ног Марыі, дорым жанчыне ці мужчыне на розныя святы, таксама з кветкамі прыходзім на магілы сваіх блізкіх.

Кожны з нас не раз атрымліваў кветкі ці сам дарыў іх, але не заўсёды мы разумеем вялікую вартасць такога падарунка. Асабіста я не раз чуў ад іншых, што кветкі – гэта выкідванне грошай на вецер, можна палюбавацца кветкамі на клумбе, і гэтага будзе дастаткова. Ведаю, што некаторыя мужчыны не могуць зразумець, чаму жанчыны так любяць кветкі, ну, а жаночую размову з кветкамі лічаць дзівацтвам. Шчыра прызнаюся, што калісьці і сам так думаў, але пераканаў мяне адзін старэйшы мужчына, які на кожнае маё свята прыходзіў з кветкамі. І я пачаў разумець, што гэта прыносіць мне вялікае задавальненне і радасць, а мой старэйшы сябар выказвае тым самым пашану.

Кветкі не проста расліны – гэта спосаб узняць настрой чалавека, надаць сіл і прынесці асалоду. У гэтым годзе на свята атрымаў больш за дзвесце руж. Сапраўднае свята!

Звычай дарэння кветак свае першыя крокі зрабіў у далёкім Сярэднявеччы. З гісторыі вядома нават “Свята Ружы”, так званае Rosalia. У тыя часы гэта быў адзіны дапушчальны публічны спосаб выказаць сваё пачуццё. Звычайна мужчыны дарылі іх каханым свайго сэрца праз пасланца. Кветкі былі своеасаблівымі інфарматарамі, значную ролю адыгрывалі колер, памер і колькасць кветак, сама кампазіцыя і нават спосаб дарэння і прыняцця. Час рыцарства адышоў, і сення многія традыцыі і тагачасныя значэнні ў адносінах да кветак забыліся. Але яны ўсё роўна засталіся каштоўным, значным падарункам.

Сваё месца кветкі знайшлі таксама і ў літургіі. У касцёлах мы бачым прыгожыя кветкавыя кампазіцыі, часта мы самі прыносім да Марыі кветкі як сімвал падзякі. У хрысціянстве самым яскравым кветкавым вобразам заўседы была ружа, якая звязана з мукаю Хрыста і культам Маці Божай. Ружавыя шыпы нагадвалі пра пяць ран Хрыста і Яго мукі. У Літаніі Ларэтанскай ёсць параўнанні Маці Божай з Ружай Містычнай (лац. rosamystica). Беззаганная Марыя з’яўляецца ружай сярод калючак. Да найстарэйшых сведчанняў такой сімволікі варта аднесці верш Кармэна Пашэйлы, паэта Садулія (каля 430 г.). У касцёле ружа з’яўляецца таксама сімвалам ружанца.

Дарагія чытачы! Гэты артыкул я напісаў па розных прычынах. Па-першае, многія з вас прыходзяць з кветкамі да Маці Тракельскай, каб выказаць сваю падзяку, удзячнасць, любоў і адданасць Ёй. Па-другое, набліжаецца жаночы дзень (8 сакавіка). Заахвочваю, каб кожны з нас у гэты дзень памятаў пра сваіх матуль, жонак і іншых жанчын, бо кожная з іх – гэта кветка, якая распускае свае пялёсткі, каб прыняць і адлюстраваць цяпло сонца, як кажа Папа Рымскі Пій XII. Няхай ваша малітва і вясеннія кветкі падкрэсляць у іх прастату і клопаты. Маленькі жэст, а колькі можа даць новых сіл і цяпла, адчування таго, што цябе цэняць і памятаюць! Нават праз кветкі людзі яднаюцца паміж сабою.

Дарагія жанчыны! Няхай Маці Нябесная заўсёды падтрымлівае і дапамагае ў выкананні вашай місіі на зямлі.

Текст: Юрый БЯГАНСКІ, ксёндз-канонікЮрый БЯГАНСКІ, ксёндз-канонік
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться