Хто яны, заснавальнiкi шклозавода «Неман»?

23 Ноября 2012 2477

Гонар і слава Бярозаўкі – імёны заснавальнікаў гутнай вытворчасці Зянона Ленскага, Вільгельма Краеўскага, Юліуса Столле, Браніслава і Фелікса Столле... Гісторыя сям’і апошніх — легендарная старонка гісторыі Лідчыны.

Сёння геаграфія пражывання нашчадкаў славутага роду Столле вельмі шырокая: гэта Польшча, Ірландыя, Аргенціна, ЗША, Вялікабрытанія, Аўстралія… А пачатак свой Столле бяруць яшчэ з канца XVIII стагоддзя ў Паўночнай Чэхіі. Вядома, што дзед Юліуса Столле Аўгустын Столле нарадзіўся ў 1793 годзе і пражыў кароткае жыццё – усяго 26 год. У 1819 годзе ён ажаніўся з Тэрэсай Гедман, але памёр, не дачакаўшыся нараджэння сына Яна Аўгустына. Бацька Юліуса, Ян Аўгустын, у 1844 годзе ажаніўся з Юліяй Гедман. Ён працаваў майстрам па роспісу шкла, пабудаваў прыгожы, вялікі дом з агародам і садам на схіле гары ў Паўночнай Чэхіі. У сям’і нарадзілася шасцёра дзяцей, якія навучыліся мастацкаму майстэрству ў бацькоў. Пасля смерці мужа Юлія Столле пераехала жыць да старэйшага сына, Юліуса, які на той час ужо актыўна развіваў гутную вытворчасць у нашым краі. Памерла ж Юлія Столле ў 1906 годзе і пахавана на могілках у Бярозаўцы (месцазнаходжанне магілы невядома).

Юліус Столле ў дваццацігадовым узросце эмігрыраваў у Польшчу, дзе ажаніўся з Юзэфай Лібіх. У 1879 годзе разам з маленькім сынам Аўгустам яны пераехалі ў вёску Дзяцькава Бранскай губерні на крыштальны завод, які быў заснаваны сям’ёй Мальцавых. Там ён пачаў працаваць мастаком па шкле, пазней стаў кіраўніком мастацкай майстэрні. Разам з ім працавалі сёстры: Іаанна, Юлія, Аўгустына і брат Генрых. У хуткім часе паміж братамі ўзнікла спрэчка, якая прывяла да разрыву адносін.

У 1891 годзе Юліус Столле разам з галоўным інжынерам Дзяцькаўскага завода Вільгельмам Краеўскім пераехалі ў Лідскі павет і арандавалі завод Зянона Ленскага. А ў 1894 годзе вырашылі заснаваць сваю вытворчасць па выпуску шкла. Спачатку яны арандатары гуты “Нёман А” Зянона Ленскага, а затым і сапраўдныя гаспадары.

Пазней на беларускія землі перабраліся і іншыя члены сям’і Столле. Ім належала не толькі шкляная гута “Нёман”, але таксама гуты ў Барысаве і Ганцавічах. Напрыклад, гутнай вытворчасцю ў Ганцавічах кіраваў Генрых Столле. З шкляной вытворчасцю звязалі сваё жыццё і сёстры Юліуса: Іаанна Шалль (Столле), Юлія Кадлец (Столле) і Аўгустына Рокас (Столле). У прыватнасці, Іаанна Шалль выйшла замуж за Караля Шалля і працавала разам з мужам — майстрам па роспісу шкла на Дзяцькаўскім заводзе. Затым муж і жонка перасяліліся на беларускія землі. Менавіта да сястры Іаанны звярнуўся Юліус Столле з просьбай пазычыць чатыры тысячы злотых на адкрыццё новай гуты, за што абяцаў за свой кошт выхоўваць яе сына Германа. Сястра згадзілася, бо ў яе было 12 дзяцей. І так Герман з дзесяці год жыў і вучыўся за кошт дзядзькі. З’яўляючыся пляменнікам Юліуса Столле, ён з малых гадоў далучаўся да шкляной вытворчасці. Юлія Кадлец, яшчэ адна сястра Юліуса Столле, пасля смерці мужа разам з дзвюма дочкамі таксама прыехала да яго ў Бярозаўку. Тут яна жыла і працавала мастаком па роспісу шкла. Пахавана яна на мясцовых могілках (месцазнаходжанне магілы невядома). 

У 1905 годзе патануў у Нёмане Вільгельм Краеўскі. Праз чатыры гады фірма “KS” была канчаткова выкуплена Юліусам Столле. Ён выплаціў сям’і Краеўскага яго долю, хаця пазней сродкі вярнуліся да Столле – толькі ў выглядзе пасагаў: Яніна Краеўская выйшла замуж за аднаго з сыноў Юліуса – Браніслава, а Станіслава Краеўская стала жонкай другога сына – Фелікса Столле.

З 1923 года разам з Юліусам Столле сталі кіраваць і яго сыны: Браніслаў і Фелікс, фірма атрымала назву “Столле і сыны”. Узнікла акцыянернае таварыства Ю. Столле “Нёман”. Трэба адзначыць, што Юліус Столле быў добра знаёмы з сусветна вядомай чэшскай школай гутніцтва і паспяхова пераносіў яе тэхнічныя правілы і прыёмы, арганізацыйныя прынцыпы і элементы дызайну ў працу свайго прадпрыемства. У прынёманскіх мясцінах ён правёў палову свайго жыцця, стараючыся стварыць прадпрыемства, вядомае сваімі вырабамі далёка за межамі дадзенай мясцовасці. Гэта яму ўдалося.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться