Крочыў Купала па вуліцах Ліды
26 Апреля 2023
14411
А пачнём праект з артыкула пра першага дэпутата Вярхоўнага Савета БССР ад выбарчай акругі нашага горада. Ім з’яўляўся беларускі паэт Янка Купала. Інфармацыю мы атрымалі, звярнуўшыся да свайго ж выдання. У 2011 годзе “Лідская газета” надрукавала матэрыял Мар’яна Казакевіча “Ніколі , браткі, не забуду, што чалавек я, хоць мужык…” На аснове яго мы і падрыхтавалі сённяшнюю публікацыю.
Вылучылі ў склад Вярхоўнага Савета
Нумар ад 15 мая 1909 года газеты «Северо-Западный край», якая выходзіла ў Мінску, так і застаўся б толькі чарговым нумарам. Але мелася адна акалічнасць. У гэты дзень газета надрукавала верш «Мужык», падпісаны імем Янка Купала. З гэтага выдатнага твора, вядомага цяпер нават школьнікам, пачынаецца творчая біяграфія паэта.
Дарэчы, Янка Купала добра ведаў наш горад. Ён некалькі разоў наведваў Ліду, а ў 1940 годзе на пару дзён нават затрымаўся ў ёй. Падставы для гэтага меліся самыя найактуальнейшыя: лідчане вылучылі вядомага паэта кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР.
«Я цябе, як дзяўчыну, люблю за Купалы цудоўныя вершы...»
13 сакавіка 1940 года – асаблівая дата ў гісторыі Ліды. У гэты дзень вядомы паэт прыехаў у наш горад на сустрэчу з выбаршчыкамі. Асаблівую цікавасць да візіту творцы праявілі жыхары Слабады: менавіта яны вылучылі Янку Купалу кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР, і ён балатаваўся па 306-й выбарчай акрузе.
Разам з Купалам на сустрэчу з гараджанамі прыехалі такія паэты, як Алесь Кучар, Зэлік Аксельрод, Пятро Глебка. Пасялілі гасцей у гасцініцы «Брыстоль» па вуліцы Савецкай. Такую падзею, як прыезд вядомых літаратараў, не маглі прапусціць журналісты газеты «Уперад» (цяпер «Лідская газета») Валянцін Таўлай і Ніна Тарас, а таксама старшыня Беліцкага сельскага Савета Іван Івашэвіч, які падпісваў свае вершы псеўданімам Пятрусь Граніт. Лічыцца, што радкі: «Маці, песня, зямля дарагая, я цябе, як дзяўчыну, люблю за Купалы цудоўныя вершы...» – належаць якраз яго пяру. Янка Купала вельмі цёпла аднёсся да мясцовых паэтаў, якія сустрэлі яго, распытваў пра жыццё ў заходнім раёне Беларусі, які нядаўна ўвайшоў у склад БССР. Шмат размоў вялося пра літаратуру ўвогуле і, зразумела, пра саму журналістыку, якая, на думку Янкі Купалы, павінна была адлюстроўваць карэнныя змены ў лёсе беларусаў, вызваленых ад панскага прыгнёту.
«Абвілася краіна ў кветкі»
У 2005 годзе ў наш горад прыязджала сястра паэта Валянціна Таўлая Ніна Паўлаўна. Яна сябравала з сям'ёй адной лідчанкі, работніцы лакафарбавага завода, і па яе запрашэнні прыехала на некалькі дзён у Ліду. Вядома ж, госця з Літвы (а жыве Ніна Паўлаўна ў г. Электрэнай) не абмінула рэдакцыю «Лідскай газеты», дзе некалі працаваў яе брат. Мы вельмі шмат часу правялі ў размовах, успаміналі творчы шлях Валянціна Таўлая. Тады ж зайшла размова і пра наведванне Купалам у 1940 годзе Ліды.
– O, гэта значны факт у маім жыцці! – расчулілася жанчына. – На нейкі момант я стала амаль што галоўнай гераіняй сустрэчы паэта з выбаршчыкамі.
А было ўсё так. Сустрэча з выбаршчыкамі 306-й Лідскай-Слабадской выбарчай акругі праходзіла ў чыгуначным клубе. У даваенны час ён знаходзіўся на сённяшняй вуліцы Труханава (тады Каляёвай), па сённяшніх мерках, у раёне мэблевай фабрыкі. Вялікая зала, тым не менш, не змагла змясціць усіх жадаючых трапіць на сустрэчу з Янкам Купалам. Людзі стаялі ў праходзе, тоўпіліся пад вокнамі. На сцэне клуба стаяў вялізны стол, засланы чырвоным сукном. У прэзідыуме знаходзіліся прадстаўнікі мясцовай улады, вайскоўцы з Паўночнага гарадка, чыгуначнікі. Пад бурныя апладысменты ў прэзідыум запрашаецца Янка Купала, які быў вельмі ўсхваляваны такім цёплым прыёмам.
– На гэтую сустрэчу, – успамінае Ніна Паўлаўна, – мяне прывёў брат Валянцін Таўлай. Хоць я была малой, ужо ведала шмат вершаў, у тым ліку купалаўскі «Абвілася краіна ў кветкі». Разам з намі знаходзілася ў клубе першая жонка брата Стэра.
У газеце «Уперад» у рэпартажы аб прайшоўшай сустрэчы адзначалася, што на сходзе з прамовай выступілі кандуктар Міхаіл Гайдучак, маляр дэпо Арон Фрэнкель, начальнік паравознага аддзела Іван Варатнікоў, журналіст Ніна Тарас. Настаўніца Стэра Таўлай горача віншавала Купалу ад імя педагогаў Лідчыны і выказвала ўпэўненасць, што вядомы паэт будзе годна прадстаўляць інтарэсы лідчан у Вярхоўным Савеце.
– Падняўся на сцэну мой брат Валянцін, – успамінала Ніна Паўлаўна. – Верш яго быў якраз у тэму і называўся «Чырвоным урнам радасць занясі». І вось тут для мяне настала самая хвалюючая хвіліна. Мы раней дамовіліся з братам, што я таксама выступлю на сустрэчы і прачытаю са сцэны купалаўскі верш.
Дзявочы голас спрабаваў прабіцца праз шыркі вялізнай залы, але юнай дэкламатарцы не адразу ўдалося авалодаць увагай аўдыторыі. І тут на дапамогу Ніне прыйшоў Янка Кyпала. Ён узяў дзяўчынку за руку, падвёў да стала прэзідыума і паставіў на яго. З такога вось «подыума» і чытала верш сястра Таўлая. Купала быў вельмі ўсхваляваны выступленнем дзяўчынкі. Ён абняў яе, пацалаваў і голасна сказаў, што сёння Беларусь нагадвае вось такую дзяўчынку, перад якой адкрываюцца неабсяжныя далі новага жыцця.
Пасля ў сваім выступленні вядомы паэт прадоўжыў гэтую тэму. Звяртаючыся да выбаршчыкаў, Купала сказаў: «Ужо больш за 30 год сваёй творчасцю я служу народу. Я абяцаю сумленна служыць людзям да канца дзён сваіх. Памятаю вас прыгнечаных, абяздоленых, і тым больш у мяне радасць бачыць вас свабоднымі і шчаслівымі».
Сустрэча ў бібліятэцы
Днём 14 сакавіка адбылася сустрэча беларускага паэта з сялянамі вёсак Лідчыны. Праходзіла яна ў кінатэатры «Эдысон» (ён стаяў на тым самым месцы, дзе зараз разбіты скверык з помнікам Францыску Скарыне). У газеце «Уперад» адзначалася, што пабачыцца з Янкам Купалам спяшаліся людзі за 30-40 кіламетраў ад Ліды. Хтосьці дабіраўся ў Ліду вазамі, многія ішлі пешшу. Вакол кінатэатра было столькі вазоў, быццам на рыначнай плошчы Ліды ў час гандлю.
Давераная асоба Алесь Кучар расказаў пра жыццёвы шлях кандыдата ў дэпутаты, заклікаў прысутных аддаць галасы за паэта. Затым зала вельмі ўважліва слухала свайго галоўнага прамоўцу. Той стаяў перад людзьмі ў паліто (на той час Купала вельмі дрэнна адчуваў сябе, у яго была высокая тэмпература) і, не зважаючы на хваробу, пранікнёна апавядаў людзям пра перспектывы жыцця на вызваленых беларускіх землях. А пасля чытаў вершы «Ты з Заходняй, я з Усходняй», «Накарміліся панскаю ласкай», «Слава табе, армія», «Выходзіш, вёска, з яснай явы...»
А вечарам у гэты ж дзень высокі госць горада Ліды быў запрошаны на сустрэчу з чытачамі ў гарадскую бібліятэку. Знаходзілася яна непадалёку ад Фарнага касцёла, прыблізна ў раёне сённяшняга музычнага каледжа. Пасля размовы з чытачамі і супрацоўнікамі ўстановы культуры Янка Купала падарыў бібліятэцы сваю кнігу «Над ракой Арэсай», якая была выдадзена ў 1937 годзе ў Мінску. Дарэчы, гэта была першая кніга на беларускай мове ў лідскай чытальні. Рaботнікі бібліятэкі не засталіся ў даўгу – яны падарылі Янку Купалу зборнік вершаў польскай паэткі Марыі Канапніцкай «Паэзія». Некалькі хвілін часу выдзеліў кандыдат у дэпутаты для знаёмства з фондам лідскай бібліятэкі і быў вельмі засмучаны, што ў ёй практычна няма твораў сучасных беларускіх савецкіх паэтаў і празаікаў.
– Хоць вы сціпла маўчыце, – папракнуў работнікаў бібліятэкі Купала, – пра тое, што кніг малавата на паліцах, але я павінен гэта зазначыць. Таму прымаю ваш наказ мне, як кандыдату ў дэпутаты, дапамагчы папоўніць фонд бібліятэкі.
Трэба зазначыць, што сваё слова вялікі пясняр беларускага народа стрымаў. Літаральна праз месяц лідская бібліятэка атрымала звыш чатырох тысяч кніг на беларускай і рускай мовах. Рашыў Янка Купала і другое немалаважнае для супрацоўнікаў Лідскай гарадской бібліятэкі пытанне: фінансавыя органы краіны выдзелілі добрую суму грошай на аплату штата работнікаў, набыццё мэблі г. д.
* * *
Тут самы час зрабіць пераскок у часе на пяць гадоў наперад. У 1945 годзе Савет народных камісараў БССР і ЦК КП(б) Беларусі прынялі пастанову пра ўвекавечанне памяці народнага паэта Янкі Купалы.Намячалася рэалізаваць мноства мерапрыемстваў. А ў знак таго, што Янка Купала балатаваўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР у 1940 годзе па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе, было прынята рашэнне прысвоіць гарадской бібліятэцы Ліды імя Янкі Купалы.
«Буду верна служыць народу...»
24 сакавіка 1940 года адбыліся выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР. Ад Лідскай-Слабадской выбарчай акругі ў найвышэйшы заканадаўчы орган краіны дэлегуецца вядомы паэт Янка Купала. Праз некаторы час у газеце «Известия» быў надрукаваны зварот песняра беларускай зямлі да лідскіх выбаршчыкаў. У ім меліся такія словы: «Я глыбока ўдзячны маім выбаршчыкам – працоўным Лідскага раёна, якія аказалі мне высокі гонар выбраннем дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Да канца маіх дзён буду верна служыць народу...»
На вялікі жаль, гэтых дзён лёс наканаваў паэту не так шмат. 28 чэрвеня 1942 года ў выніку трагічных абставін Янкі Купалы не стала, ён не дажыў да сваёй юбілейнай даты – 60-годдзя – усяго адзін тыдзень. Аднак засталіся пасля смерці беларускага песняра яго творы – вялізная колькасць твораў, якія сталі падмуркам класічнай літаратуры Беларусі. А ўдзячныя лідчане свята шанавалі і шануюць памяць пра народнага песняра. Рашэннем Лідскага гарвыканкама ў верасні 1946 года вуліца Шкляная была перайменавана ў вуліцу Янкі Купалы. У чэрвені 1947 года, у пятую гадавіну з дня раптоўнай смерці паэта, у гарадской бібліятэцы адкрыўся спецыяльны куток, прысвечаны найлепшаму літаратурнаму творцу краіны. 14 верасня 1950 года на сваім сходзе сяляне Дубровенскага сельсавета арганізавалі калгас і назвалі яго імем Янкі Купалы.
Неаднойчы наш горад наведвала і жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Яна падарыла гарадской бібліятэцы вялікі партрэт Янкі Купалы (зараз ён знаходзіцца ў Мінску ў музеі Янкі Купалы), а таксама альбом «Беларускі народны арнамент». Падарунак да гэтага часу знаходзіцца ў Лідзе. Трэба зазначыць, што ў 2010 годзе ён разам з вялізным кніжным фондам «пераехаў» на вуліцу Ленінскую, у новы будынак галоўнай чытальні нашага горада – Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.