Наталля Калпінская: У прафесіі для мяне самы галоўны прынцып – гэта не нашкодзіць, калі трэба – падтрымаць, быць побач

12 Сентября 2026 734
Наталля Калпінская – дэпутат Лідскага раённага Савета дэпутатаў, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, выкладчык беларускай мовы Лідскага каледжа ГрДУ Янкі Купалы. Мы запрасілі Наталлю Станіславаўну стаць госцем нашага праекта “Мая грамадзянская пазіцыя”.

– Ці выбіраліся Вы раней у склад дэпутатаў мясцовых Саветаў? Якія надзённыя задачы вырашае раённы Савет? Якія пытанні, што выносіліся на павестку дня сесій, лічыце асабліва важнымі?

– Дэпутатам Лідскага раённага Савета дэпутатаў я абрана ўпершыню. Да гэтага ў мяне не было вопыту работы ў сістэме мясцовага самакіравання. Але праз прафесійнае кантактаванне са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Інэсай Генадзьеўнай Белуш, з дэпутатамі ранейшых скліканняў, праз назіранні за іх дзейнасцю было разуменне, што дэпутат – гэта пасярэднік паміж людзьмі і ўладай, гэта чалавек, для якога чужых праблем не бывае. 

Дэпутаты раённага Савета вырашаюць пытанні мясцовага значэння. Яны зацвярджаюць раённы бюджэт і праграмы развіцця рэгіёна, усталёўваюць мясцовыя падаткі і зборы, кантралююць выкарыстанне камунальнай уласнасці і зямлі, рамонт дарог, добраўпарадкаванне тэрыторый, двароў, дзіцячых пляцовак, утрыманне і развіццё пітнога водазабеспячэння, рэалізацыю раней прынятых рашэнняў, а таксама даюць згоду альбо адмаўляюць у прадастаўленні павярхоўных водных аб’ектаў у арэнду для рыбаводства. Адным словам, народныя абраннікі абараняюць правы і інтарэсы жыхароў свайго раёна, вырашаюць пытанні забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва. Асабіста я ўваходжу ў склад пастаяннай камісіі па камунальных і сацыяльных пытаннях. Яны закранаюць дабрабыт, здароўе, працу. Лічу, што ў рабоце Савета дэпутатаў няма незлабадзённых пытанняў, усё важна і ўсё значна. 

Праходзяць выязныя сесіі. І гэта, на мой погляд, вельмі добрая форма работы, бо ідзе аналіз пытанняў на месцы.

А яшчэ наша дэпутацкая праца – гэта пастаянны дыялог. Ён уключае ў сябе сустрэчы з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, дзецьмі, моладдзю, грамадскасцю, накіраваныя, у тым ліку, на фарміраванне ў іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі і аб’ектыўнага разумення падзей.

– Што паклала пачатак Вашаму ўдзелу ў грамадскім жыцці? Магчыма, гэта было падчас вучобы ў школе, вышэйшай навучальнай установе?

З аднакласніцамі падчас вучобы ў першым класе Бердаўскай сярэдняй школы (злева).

– У народзе кажуць, што чалавеку павінна пашчасціць тройчы: у каго нарадзіцца, у каго вучыцца і на кім ажаніцца. Дык вось, што датычыць маёй актыўнай жыццёвай пазіцыі, то гэтаму спрыяла, безумоўна, школа. Вучылася я ў Бердаўскай сярэдняй школе, і менавіта тут былі сфарміраваны першыя навыкі адказнасці за іншых. Мне пашчасціла сустрэцца з вельмі разумнымі настаўнікамі. З цеплынёй успамінаюцца мне Антаніна Цімафееўна Лучко, Вольга Васільеўна Лучко, Зінаіда Фёдараўна Кучынская, Наталля Фёдараўна Крупа, Рэгіна Іванаўна Гілевіч, Марыя Адамаўна Сіўко, Ірына Яраславаўна Вабішчэвіч, Крысціна Іосіфаўна Новікава, Зінаіда Іванаўна Парфенчык і, вядома, дырэктар школы Анатоль Леанідавіч Крупа. Гэтыя людзі закладалі ў вучняў асновы самага важнага ў жыцці: вернасці слову, адданасці сваёй справе і вялізнай любові да таго, чым будзеш займацца. Я была і старшынёй піянерскай арганізацыі школы, і старшынёй вучнёўскага савета. Так што пачынаючы са школьнай парты ўдзельнічала ў вырашэнні многіх пытанняў жыццядзейнасці вучнёўскага калектыву. І гэта было не фармальна, не проста на паперы. Патрэбна было ўносіць свой уклад у арганізацыю кожнай справы, несці адказнасць не толькі за свае рашэнні, але і за рашэнні іншых удзельнікаў вучнёўскага самакіравання. Гэта быў цікавы і важны час для майго станаўлення як асобы.

Не цуралася я грамадскага жыцця і тады, калі пасля заканчэння школы з сярэбраным медалём паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на філалагічны факультэт па спецыяльнасці “філолаг, выкладчык беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры”. Асабліва ахвотна брала ўдзел у мерапрыемствах, якія былі звязаны з прапагандай беларускай культуры і беларускага слова. 

– Як і чаму выбралі прафесію? 

– Калі гаварыць шчыра, то педагагічная дзейнасць была вызначана не мною, а маімі настаўнікамі. Яны заўважылі ўва мне жаданне дапамагчы іншаму, уменне растлумачыць матэрыял (у школе замацоўвалі больш моцных вучняў за слабейшымі), здольнасць згуртаваць калектыў і падштурхоўвалі на педагагічную сцежку. А ў мяне ішоў выбар, кім жа мне стаць: настаўнікам гісторыі ці беларускай мовы і літаратуры. Потым само сабой склалася, што я асэнсавала, што ўсё ж хачу быць філолагам. Тым больш прадмет ведала нядрэнна, удзельнічала ў алімпіядах. Вольга Васільеўна Лучко, якая вучыла беларускай мове і літаратуры, нават дазваляла мне правяраць сшыткі вучняў. (Вядома, потым яна пераправярала пасля мяне). Для мяне ж гэта была яшчэ адна дэталь, якая вызначыла мой прафесійны шлях.

– А якая роля бацькоў не толькі ў Вашым выбары прафесіі, але ў станаўленні і выхаванні?

– У пачатку нашай гутаркі я сказала, што трэба, каб тройчы пашчасціла ў жыцці, у тым ліку ў каго нарадзіцца. Мама і тата, Валянціна Пятроўна і Станіслаў Флер’янавіч, прывілі мне галоўнае – працавітасць, адказнасць, любоў да людзей. А яшчэ яны навучылі мяне быць удзячнай тым, у каго вучылася і хто дапамагаў, і што нават у самай цяжкай сітуацыі нельга губляць сумленне. Я ніколі не чула, каб у нашай сям’і каго-небудзь асудзілі, абгаварылі, панаваў толькі пазітыў. Гэта таксама стала для мяне прыкладам. Па жыцці мае бацькі – адкрытыя, шчырыя, добрыя людзі. І гэта ўсе адзначаюць, хто іх ведае.

Мама у свой час скончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. У Бердаўку яна прыехала на прэддыпломную практыку. Тут пазнаёмілася са сваім суджаным, выйшла замуж. А працавала мама ўсё жыццё ў Лідскай раённай племянной станцыі. Пачынала заатэхнікам, а закончыла намеснікам дырэктара. Тата працаваў у мясцовым калгасе спачатку вадзіцелем, а потым токарам і фрэзіроўшчыкам.  Зараз мама і тата на пенсіі. Яны па-ранейшаму жывуць у Бердаўцы.

– Як Вы падымаліся па службовай лесвіцы? 

– Універсітэт я скончыла ў 1993 годзе. Першым месцам маёй работы стала сярэдняя школа №16 у Лідзе. Менавіта тут адбылося маё прафесійнае станаўленне, тут я набыла пэўны вопыт. Мабыць, калі б былі іншыя ўмовы, то не было б той Наталлі Станіславаўны Калпінскай, якую цяпер ведаюць. Кіраўніцтва ўстановы павінна паказваць сваім прыкладам, як трэба, дык вось гэта пра адміністрацыю шаснаццатай школы, начале якой стаяў Віктар Казіміравіч Даўляшэвіч. А маім непасрэдным настаўнікам (для маладога педагога) лічу Таццяну Іосіфаўну Жынгілевіч.

Праз два гады мне прапанавалі пасаду намесніка дырэктара школы па выхаваўчай рабоце. Тут змагла набыць пэўны вопыт упраўленчай дзейнасці: на якіх пазіцыях кіраваць калектывам, на што звяртаць увагу, як вызначаць стратэгічныя задачы і акрэсліваць тактычныя дзеянні. Вялікую ролю ў гэтым адыграла Святлана Міхайлаўна Быкоўская, якая на той час займала пасаду галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі і курыравала выхаваўчую работу ў школах горада. Затым некаторы час я працавала галоўным спецыялістам аддзела адукацыі Лідскага гарвыканкама. На жаль, пры выкананні абавязкаў на пасадзе галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі ў працоўны час нельга было сумяшчаць педагагічную дзейнасць, а для мяне гэта было вельмі важна, і я ў 2001 годзе прыняла рашэнне перайсці ў выкладчыкі. Былы дырэктар Лідскага каледжа Юльян Міхайлавіч Грыневіч прыняў мяне на работу метадыстам і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. А потым, калі ў штатны расклад каледжа ўвялі пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, мяне назначылі на яе.

– Лідскі індустрыяльны тэхнікум і Лідскае педагагічнае вучылішча – папярэднікі каледжа – заўсёды высока каціраваліся. Гэта ў многім заслуга іх кіраўнікоў. Дарэчы, Вам за 25 гадоў работы давялося працаваць пад кіраўніцтвам некалькіх дырэктараў і Вы можаце зрабіць высновы. Таму адкажыце на такое пытанне: у чым, на Вашу думку, сакрэт таго, што і сёння Лідскі каледж утрымлівае высокую планку?

– Недарэмна кажуць, што справа добра ідзе там, дзе адзін за ўсіх, а ўсе за аднаго. Пад граматным кіраўніцтвам дырэктара каледжа, магістра навук Андрэя Мікалаевіча Сямашкі, ва ўстанове працуе зладжаная каманда. Калі казаць аб павышэнні эфектыўнасці кіравання з пункту гледжання змены акцэнтаў у дзейнасці, то галоўным фактарам, на маю думку, з’яўляецца асабістая эфектыўнасць. Андрэй Мікалаевіч дзейнасна кіруе зменамі, стварае культуру супрацоўніцтва ў калектыве, бо, як вядома, ніхто з нас не разумнейшы за ўсіх нас разам.

– Зараз Вы з’яўляецеся намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце. Каму як не Вам ацэньваць прафесійны ўзровень педагогаў каледжа. Наколькі ён высокі?

– Вы, мабыць, чулі, што вучыць і лячыць могуць усе (усміхаецца). Аднак цяжка ўявіць сітуацыю, калі для лячэння хворага запрашаюць чалавека, які не мае медыцынскай адукацыі, толькі таму, што ён калісьці лячыўся ў шпіталі? Альбо, напрыклад, хто пусціць за штурвал самалёта старонняга чалавека на той падставе, што ён часта лятаў на самалёце ў якасці пасажыра? Для гэтага трэба вучыцца. Мы, педагогі, для вырашэння прафесійных задач вучымся штодзённа. Дыплом – гэта яшчэ не ўсё, што трэба педагагічнаму работніку для прафесійнага развіцця. Сёння мы можам сцвярджаць, што ў каледжы сфарміравана карпаратыўнае адукацыйнае асяроддзе. У сценах установы прайшлі шлях ад станаўлення да прафесійнай сталасці больш за 73% педагагічных работнікаў. 

Педкалектыў расце якасна. У складзе 83 штатных выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання ёсць выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, 85% калег маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю (дарэчы, гэта лепшы паказчык за апошнія 25 гадоў), 3 кандыдаты навук, 20 магістраў.

Не магу не адзначыць, што педагагічныя работнікі каледжа займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. У складзе нашага калектыву – дэпутат Лідскага раённага Савета дэпутатаў, член Маладзёжнага парламента пры Лідскім раённым Савеце дэпутатаў, член праўлення Лідскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, член Прэзідыума Гродзенскага абласнога камітэта прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. І на кожным уроку, і на кожным мерапрыемстве пазаўрочнага характару бачна грамадзянская пазіцыя кожнага члена калектыву. Бо для нас важна, каб са сцен каледжа выходзіў не проста спецыяліст, а чалавек, які любіць сваю сям’ю, вуліцу, па якой ходзіць, населены пункт, у якім жыве, і, вядома, нашу Беларусь.

– А якая была назва Вашай навуковай працы?

– У мяне самой няма навуковай ступені. Гэта быў мой выбар: паступаць у магістратуру, аспірантуру ці не. Разам з тым для мяне вельмі важна арганізацыя даследчай дзейнасці, таму што гэта не толькі ўваходзіць у сферу маіх прафесійных інтарэсаў, але і частка маёй педагагічнай пазіцыі. Я з’яўляюся аўтарам больш чым 25 артыкулаў па актуальных пытаннях кіравання якасцю сістэмы прафесійнай адукацыі, вопыт прадстаўлены ў навукова-метадычных часопісах і навуковых зборніках. Я маю вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю па пасадзе “выкладчык” і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю па пасадзе “метадыст”. 

– Выпускнікі любой навучальнай установы – гэта яе гонар. Згадайце, калі ласка, такіх выпускнікоў каледжа, якія і зараз падтрымліваюць з ім цесныя зносіны.

– Хачу сказаць, што для каледжа кожны навучэнец і выпускнік каштоўны і важны, незалежна ад таго, які жыццёвы шлях ён выбраў у далейшым і якую пасаду займае. Адныя з выпускнікоў проста заходзяць у каледж як ва ўстанову, якую скончылі і з якой звязаны цёплыя ўспаміны, іншыя ўзаемадзейнічаюць з ім, аказваюць падтрымку ў падрыхтоўцы спецыялістаў, прафесійная дзейнасць якіх будзе суадносіцца з мэтамі і задачамі дзяржавы. Гэта першы намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Дзмітрый Янавіч Юрго, начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Зыгмундаўна Тарасюк і яе намеснік Ірына Янаўна Лобан, генеральны дырэктар кіруючай кампаніі холдынгу “Гроднасельбуд” Дзмітрый Аляксандравіч Пачобут, дырэктар Лідскай ПМК-169 Дзмітрый Андрэевіч Кір’яновіч, дырэктар ЛРСУП “Мажэйкава” Андрэй Іванавіч Лявон, намеснік дырэктара Лідскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Надзея Васільеўна Сіняк, загадчыца дзіцячага сада №40 Вера Баляславаўна Стэфановіч, начальнік майстэрні філіяла аўтобуснага парку №2 Алег Аляксандравіч Санюк. Няхай мяне прабачаць тыя, каго не назвала. Бо гэта далёка не ўвесь спіс былых навучэнцаў, якія актыўна дапамагаюць каледжу ў падрыхтоўцы спецыялістаў у адпаведнасці з патрабаваннямі рынку працы. 

Вялікую каштоўнасць для нас маюць і выпускнікі пакаленняў, якія не толькі самі скончылі каледж (тэхнікум, вучылішча), але і прыводзяць сюды для навучання сваіх дзяцей і ўнукаў. Іх таксама вялікая колькасць.

І яшчэ такі факт. Больш за 30% педагагічных работнікаў каледжа – гэта выпускнікі нашай навучальнай установы, пры гэтым у складзе адміністрацыі – 44%.

– Які Ваш галоўны жыццёвы прынцып?

– Існуе такі тэрмін, як культурны і гістарычны код краіны. У кодзе нашага народа ўсе прынцыпы ёсць: і хрысціянскія, і маральныя. З іх на кожным этапе выходзяць нейкія словы, дзеянні, якія гучаць актуальна для ўсіх нас. Свае ж жыццёвыя прынцыпы я абазначыла так: мэта, мара і любоў. У прафесіі для мяне самы галоўны прынцып – гэта не нашкодзь, калі трэба – падтрымай, будзь побач. Ім кіруюся ў адносінах да калег, навучэнцаў, іх бацькоў.

– Наталля Станіславаўна, ці звязаны хтосьці з Вашых родных з педагогікай?

– У нашай сям’і ніколі не было педагогаў. Я першая, хто вырашыў стаць настаўнікам. Я ўжо казала вышэй, што мае бацькі звязалі жыццё з сельскай гаспадаркай, як і дзядуля па мамінай лініі. Ён меў адукацыю агранома і больш за 30 гадоў кіраваў гаспадаркай. Праўда, старэйшы татаў брат, які быў інжынерам-механікам, некаторы час працаваў у Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы. 

Не пайшла па педагагічнай сцежцы і мая дачка. Яна – медык. Да дзясятага класа дачка вучылася ў сярэдняй школе №16, а потым – у ліцэі №1 горада Ліды. Я ўдзячна настаўнікам гэтых устаноў адукацыі, што далі ёй трывалыя веды. Дачушка паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Скончыла яго з чырвоным дыпломам, затым – клінічную ардынатуру і зараз працуе ўрачом-кардыёлагам у абласной клінічнай бальніцы. У яе сям’і падрастае дачка. Спадзяёмся, што яна возьме лепшае ад сваіх бацькоў і продкаў. А ўжо ў якую прафессію пайсці – гэта будзе яе асабісты выбар.

– Пачаўся новы навучальны год. Якія планы на яго ў намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Лідскага каледжа?

– Для мяне вельмі важна, каб маладыя і пачынаючыя спецыялісты, якія прыходзяць да нас, як і іх калегі, прафесійна раслі ў сценах нашага каледжа. Спадзяюся, што дзякуючы намаганням масцітых педагогаў, адміністрацыі ўстановы і кожнаму супрацоўніку, ім будзе ўтульна, радасна і захочацца быць часткай нашай вялікай дружнай сям’і. Гэта першае. Другое. Важна і надалей паказваць той станоўчы вопыт, які ёсць у каледжы, прэзентаваць яго, каб усе ведалі, які прафесійны калектыў працуе тут. Моладзь цяпер розная, і трэба валодаць метадамі, прыёмамі, тэхналогіямі, якія дапамогуць кожнаму навучэнцу не толькі атрымаць веды, але і паверыць у сябе, у свае здольнасці і ўпэўнена ступіць на прафесійную і жыццёвую дарогу. 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться