Зiмы адыходзiны, вясны народзiны. Як святкавалі Масленіцу ў Лідзе

26 Февраля 2023 3037
Перш чым сустракаць вясну, спачатку нашы продкі ладзілі провады зімы. І адпаведныя абрады расцягваліся на тыдзень, які называлі Масленічным або Сырным. У сёлетнім календары ён выпаў на перыяд з 20 па 26 лютага. У мінулую нядзелю на раённым свяце Масленіцы, якое традыцыйна разгарнулася на пляцоўцы каля Лідскага замка, жыхары і госці нашага горада традыцыйна гукалі вясну. Ужо з абеду тут частавалі блінамі, спявалі народныя песні і жартавалі. 

— Ой, зяцек мой даражэнькі, колькі народу сабралася! А што ж гэта такое? – пытаецца са сцэны вядучая. 

— Вядома што, цешча мая шаноўная! Сёння ж провады зімы! А з гэтай нагоды  запрашаем у нашу хату, каб усе жылі багата! Каб вялося і пілося ды ўсім радасна жылося! 

На сцэне ладзілася сапраўдная тэатралізаваная імпрэза:  зяць заехаў на вячэру да цешчы, а тая ўзялася дапытвацца, хто лепей пячэ бліны: яна, цесць, родная матуля ці маладая жонка. Выкруціцца з розных жартоўных сітуацый зяцю дапамаглі кемлівасць і, канечне, шчырая падтрымка лідчан. Вясёлую атмасферу на мерапрыемстве таксама стваралі народныя ансамблі: “Гудскі гармонік”, “Святліца” і сям’і Парфенчыкаў. Непаўторны каларыт святу надалі “Прымакі”. Гэты музычны калектыў прыехаў да нас з Баранавічаў. 

— Такі прыгожы, утульны і развіты горад, як Ліда, яшчэ трэба пашукаць, — дзеліцца сваімі ўражаннямі ўдзельнік народнага ансамбля народнай песнi i музыкі “Прымакі” Андрэй Канапацкі. — З вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у сенняшніх “Провадах зімы”.  Пазітыву, які выпраменьвала публіка, хопіць нам яшчэ на доўгі час. Дзякуй лідчанам за іх усмешкі, актыўны ўдзел у нашых конкурсах, а таксама за шчырыя авацыі! 

Пах бліноў і гарбаты з зёлак вітаў у мінулую нядзелю бадай над усёй Лідай. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах сустракалі ўсіх ветлівай усмешкай і запрашалі пачаставацца нацыянальнымі прысмакамі. Дарэчы, раней лічылася, што з кожным з’едзеным у гэты дзень  бліном чалавек атрымлівае часцінку сонечнага цяпла і святла. Таму самым шчаслівым, па павер’і, павінен быў стаць менавіта той чалавек, які з’ядаў бліноў больш за ўсіх. У сям’і Раісы і Антона Матусевічаў з вескі Крупава з даўніх часоў існуе традыцыя: у нядзелю пячы аладкі. Але сення яны зрабілі выключэнне: падсілкавацца гэтым ласункам прыехалі ў Ліду. 

— Цудоўнае сення свята, каларытнае, шматлюднае! Тут весела і моладзі, і людзям сталага ўзросту, — прытанцоўваючы з бліном у руцэ, кажа Антон Матусевіч. 

Такое жартоўнае і вясёлае развітанне з зімой атрымалася дзякуючы спецыялістам раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама  артыстам Палаца культуры города Ліды. У рамках мерапрыемства адбыўся конкурс тэматычных фотазон "Блінны рай", удзел у якім прынялі ўдзел больш за дзясятак арганізацый Лідчыны. Свае пляцоўкі прэзентавалі “Лідская мука”, “Лідскія харчовыя канцентраты”, Лідская раённая бібліятэка, Дварышчанскі і Беліцкі дамы культуры і шмат іншых. І хоць каля кожнай фотазоны людзі выстройваліся ў чаргу на фотаздымкі, пераможцам у конкурсе, па меркаванні журы, стала пляцоўка ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама. 

— Цяжка ўседзець дома, калі ў горадзе так весела і шумна, — прызнаецца лідчанка Марына, якая прыйшла на свята разам са сваей дачкой Карынай.     —Вельмі спадабаліся фотазоны, – цепер на маім тэлефоне некалькі дзясяткаў арыгінальных фотаздымкаў.  Асабліва цікавым атрымаўся той, дзе побач з Карынай стаіць каларытная жанчына ў народнай вопратцы і з самаварам. Колькі яркіх уражанняў за адзін дзень!

Шчыра запрашалі ўсіх на свята карабейнікі. Яны частавалі людзей прысмакамі, прапаноўвалі паспытаць сваё шчасце і набыць латарэйныя білеты. Дзятва каталася на мініяцюрным цягніку і забаўлялася на гульнёвых пляцоўках. У “горадзе майстроў” ажыўлена ішоў гандаль. Народныя ўмельцы прадставілі свае вырабы з дрэва, цацкі, упрыгожанні і многа іншага.

Апошнім акордам свята стала масленічнае вогнішча. Усе дружна палілі пудзіла, разам з якім, паводле традыцыі, згаралі крыўды. Старажылы казалі: “Зімы адыходзіны — вясны народзіны”. 

Вось так гучна, шчыра і сыта лідчане сустрэлі вясну. Спадзяёмся, што яна прынясе толькі добрыя навіны, якія мы абавязкова надрукуем на старонках “Лідскай газеты”. 

 Более подробно смотрите в видеосюжете наших корреспондентов









Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться