Цяпло дома. Прыёмная сям’я Людмілы Агар з аграгарадка Бердаўка выйшла ў фінал абласнога конкурсу
18 Декабря 2020
1559
Прыёмная сям’я Людмілы Янаўны Агар з аграгарадка Бердаўка была названа лепшай у час правядзення першага (раённага) этапа абласнога фестываля-конкурсу замяшчальных сем’яў “Планета Сям’я”. А днямі стала вядома, што прадстаўнік Лідчыны выйшаў у фінал абласнога конкурсу і будзе супернічаць за званне пераможцы.Пасада? Не, прызванне
У рэдакцыі “Лідскай газеты” парадаваліся, даведаўшыся аб гэтай навіне. Бо Людміла Янаўна Агар насамрэч вартая высокай адзнакі як прыёмная маці і наогул як чалавек. Самыя лепшыя ўражанні пакінула сустрэча з ёю ў журналіста раённага выдання, калі надарылася пабываць у Бердаўцы ў рамках акцыі “Збяром дзяцей у школу”. Імі ён не прамінуў падзяліцца з калегамі, а таксама запланаваў сустрэцца з Людмілай Янаўнай яшчэ раз, каб расказаць пра яе і яе дзяцей падрабязна на старонках газеты. Бо вельмі ўразілі шчырасць жанчыны, мудрасць, трапяткія адносіны да сваёй радзімы, да свайго роднага. У яе вясковым доме вельмі ўтульна не толькі ад таго, што тут зроблены сучасны рамонт (дарэчы, дапамагалі ў гэтым родныя дзеці). Утульна ад душэўнай цеплыні, якая пануе тут і якую стварае Людміла Янаўна. Дарэчы, тое, што яна сапраўдная маці па сваім складзе характару, па справах, паводзінах, было ацэнена дзяржавай. У 1997 годзе Людміла Янаўна за выхаванне пецярых уласных дзяцей была ўзнагароджана ордэнам Маці.А яшчэ мы ведаем пра жанчыну, што яна рана стала ўдавой і дзяцей выводзіць у людзі давялося адной, што ў свой час яна скончыла Жалудокскае медыцынскае вучылішча і доўгі час шчыравала медыцынскай сястрой у бальніцы.
У 2007 годзе Людміла Янаўна пачала працаваць на пасадзе прыёмнай маці. Гэта так гучыць афіцыйна, а па сутнасці яна стала сапраўднай мамай для чужых дзяцей. Вось што апавядае сама Людміла Агар.
«Дарослыя дзеці і сваякі падтрымалі мой выбар»
«Я вырасла ў шматдзетнай сям’і з моцнымі хрысціянскімі традыцыямі, дзе заўсёды панаваў аўтарытэт бацькоў. І нас у бацькоў было чацвёра – два браты і дзве сястры. Сёння ўжо я сама – мама дарослых трох сыноў і дзвюх дачок, якія жывуць асобна, а таксама бабуля чатырох унукаў. Можна з упэўненасцю сказаць, што мой дом ніколі не пуставаў без дзяцей. Але ў верасні 2007 года побач са мной дома застаўся толькі малодшы сын-школьнік. Таму неяк само сабою нарадзілася жаданне ўзяць на выхаванне дзіця, якое засталося без апекі кроўных бацькоў, каб падарыць яму любоў і ласку маці, клопат і абарону сапраўднай сям’і.
Дарослыя дзеці і сваякі падтрымалі мой выбар. Так у нашай сям’і з’явіўся шасцігадовы Вадзім – жыццярадасны, прастадушны, ласкавы і мілы хлопчык. З самага пачатку яго прыходзілася вучыць літаральна ўсяму. Нават даросламу чалавеку цяжка прывыкаць да новага месца, да новай працы напрыклад. А тут – дзіця, якое ў сваім узросце ўжо многае перажыло. Бывае, што не толькі жахі сямейнай бязладзіцы, але і трагічныя моманты ў доме кроўных бацькоў, бальніцу, сцены сацыяльна-педагагічнага прытулка...
У 2011 годзе, калі Вадзім заканчваў чацвёрты клас, мне прапанавалі ў нашым доме абагрэць мацярынскім клопатам яшчэ аднаго хлопчыка, які застаўся без бацькоўскай апекі. Так у Вадзіма з’явіўся знешне даволі спакойны і разважлівы дзесяцігадовы “брат” – аднакласнік Жэня. З яго з’яўленнем у нашу прыёмную сям’ю прыйшлі свае станоўчыя эмоцыі і свае складанасці. Мне прыйшлося практычна як па крузе паўтараць той жа шлях, які некалькі год таму быў пройдзены з Вадзімам: вучыць хлопчыка жыць у сацыяльна станоўчай сям’і. Праўда, гэты віток у нашым выпадку быў адзначаны вельмі важным плюсам: Вадзім і Жэня былі амаль аднагодкамі, і старэйшы прыёмны сын ператварыўся ў майго своеасаблівага памочніка.
Час імкліва ішоў. Дзеці падрасталі. Вучоба ў школе як Вадзіму, так і Жэню (кожнаму па сваіх прычынах) давалася даволі цяжка, але абодва ў выніку аказаліся вельмі стараннымі. Яны стараліся атрымаць лепшую адзнаку або пачуць словы пахвалы ад настаўнікаў, стараліся дапамагаць па хатняй гаспадарцы і адказна выконваць грамадскія абавязкі ў школе… Для мяне ж як для мамы самым важным было тое, што кожная іх невялічкая перамога станавілася вынікам работы над самім сабой. Упэўнена, адназначна важную ролю ў станаўленні ў нашай сям’і сёння ўжо дарослых прыёмных сыноў адыграла і выхаванне на перанятых ад маіх бацькоў традыцыях хрысціянства. Хлопчыкі з першых дзён знаходжання ў Бердаўцы разам з іншымі сямейнікамі вучыліся дружалюбнасці, прыязнасці і гасціннасці, устрыманню ад курэння і алкаголю.
Хуткаплынны час прыўносіў змены не толькі ў характары маіх выхаванцаў – здаралася, змяняўся і склад нашай сям’і. І калі Вадзім і Жэня прымаліся мной на прыёмнае выхаванне да заканчэння вучобы ў школе, то ў 2013 годзе пятнаццацігадовы Максім пасяліўся ў нас часова. Праз шэсць месяцаў для яго знайшлася свая прыёмная сям’я.
2017 год стаў першым паўнавартасным “выпускным” у гісторыі нашай прыёмнай сям’і. Вадзім і Жэня атрымалі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыi, і наша сям’я апынулася на скрыжаванні – мы стаялі перад выбарам далейшага шляху для хлопцаў, прафесійнага. Дзеля справядлівасці скажу: у тыя дні мяне, як і Вадзіма, і Жэню, палохаў новы для выхаванцаў сучасны свет са сваімі праблемамі і нечаканасцямі. Але так хацелася спадзявацца, што і далейшы наш выбар будзе правільным.
Ужо больш за тры гады, як афіцыйна прыёмныя сыны перасталі лічыцца маімі дзецьмі, аднак мы падтрымліваем цесныя зносіны. Вадзім у Смаргонскім політэхнічным ліцэі атрымаў спецыяльнасць электразваршчыка ручной зваркі, працуе ў будаўніча-мантажным трэсце №19. Ён заўсёды цікавіцца нашымі справамі, турбуецца аб маім здароўі, кожныя выхадныя па-ранейшаму прыязджае ў свой дом – у нашу сям’ю, якую лічыць роднай. Жэня атрымаў прафесійную адукацыю ў Нёманскім дзяржаўным прафесійным ліцэі Бярозаўкі і зараз працуе ў сферы гандлю ў Клецку. Адлегласць не дазваляе яму часта наведвацца ў Бердаўку, але гэта не замінае хлопцу патэлефанаваць мне, параіцца, што набыць, як і што лепш зрабіць, як зрабіць у той ці іншай сітуацыі.
Самае ж прыемнае ў сённяшніх маіх стасунках са старэйшымі прыёмнымі сынамі – бачыць у іх вачах удзячнасць за тое, што атрымалі магчымасць перажываць пачуццё прыналежнасці да сям'і, а цяпло сямейнага ачага атуліла, сагрэла і навучыла іх станоўчаму ўзаемадзеянню з акаляючым светам.
«Мы ўсё робім разам»
Жыццё ж нашай прыёмнай сям’і таксама не стаіць на месцы. Адразу пасля выпуску Вадзіма і Жэні мне было прапанавана ўзяць на выхаванне васьмігадовую Дашу, а літаральна праз месяц – дзевяцігадовую Таню. І мы зноўку разам вучымся жыццёвым каштоўнасцям – вучымся прымаць кожны новы дзень з яго радасцямі і няўдачамі як самы шчаслівы і самы важны, напоўнены сваім асаблівым сэнсам.У маі 2019 года ў нашай прыёмнай сям’і з’явіліся брат і сястра – шасцікласнік Саша і сямікласніца Вераніка. Год таму іх прыём у сям’ю разглядаўся таксама як часовы. Але дзеці так арганічна ўвайшлі ў наш дом, што сёння нават не вядзецца размова пра тое, каб аддаць іх некаму іншаму.
Мы і ў такі складаны для ўсіх перыяд жывём агульнымі клопатамі і радасцямі, падтрымліваем адзін аднаго, пазнаём новае і аберагаем нашы традыцыі. Мы ўсё робім разам: наводзім парадак дома і ў двары, рыхтуем урокі, накіроўваемся ў лес па грыбы або ягады. Самая любімая сумесная праца – пасадка і догляд агародніны і садавіны на прысядзібным участку. Кожны на працягу ўсяго сезона мае свой пасільны адказны ўчастак работы. Але мы зноўку разам радуемся з’яўленню першых усходаў, першай квецені і завязі, першаму ўраджаю. Гэта ні з чым не параўнальнае задавальненне, калі дзяўчынкі гатуюць салату з вырашчаных уласнымі рукамі зеляніны, агуркоў або памідораў, а пасля ўся сям’я смакуе страву. Ці калі дзеці гуртам дапамагаюць складаць у скрыні садавіну, каб потым зімовым вечарам за сумесным праглядам цікавага фільма хрумсцець сакавітымі яблыкам і грушкай. Дарэчы, акрамя кінапраглядаў, для агульнага правядзення вольнага часу ў нашай сям’і самыя любімыя – настольныя гульні.
Самы ж любімы час – гэта сямейныя святы, сярод якіх найперш Каляды і Вялікдзень. Дзеці з радасцю прымаюць удзел у падрыхтоўцы да святочных сустрэч. Ужо за некалькі дзён да таго мы разам прыбіраем пакоі, гатуем разнастайныя прысмакі. Асабліва любімая страва ў нашай сям’і як у прыгатаванні, так і ва ўжыванні – клёцкі з мясам. Таму ўсе дружна абіраем бульбу, рыхтуем начынку, лепім самі клёцкі. А ў святочны дзень у доме збіраецца ўся сям’я – мае дарослыя дзеці, унукі, нашы родныя. І вельмі важны і адказны момант – удзел у святкаванні кожнага з дзяцей. Асабліва прыемна, калі падчас сямейных сустрэч яны маюць магчымасць і жаданне выявіць свае таленты, паказаць, чаму навучыліся. Трое з маіх прыёмных дзетак наведваюць музычную школу: Саша іграе на баяне, Вераніка і Таня – на цымбалах. Акрамя таго, Таня займаецца вакальнымі спевамі і самастойна асвойвае ігру на піяніна. У педагогаў музычнай школы нават з’явілася ідэя арганізаваць з іх удзелам сямейны музычны ансамбль.
Мудрыя гавораць, што нават такая дробязь, як узмах крыла матылька, можа ў рэшцэ рэшт стаць прычынай тайфуну. Напэўна, таму і цяжка пераацаніць значэнне сям’і ў жыцці кожнага маленькага чалавека: сям’я дае нам апору, падтрымку, цяпло, навыкі зносін... Для сябе я вызначыла так: чым больш будзе ўдзяляцца ўвагі кожнаму дзіцяці, тым больш надзейна гэтае дзіця будзе адчуваць сябе ў будучым жыцці. Толькі ў такім выпадку для кожнага з маіх сённяшніх дачок і сыноў сям’я стане тым компасам, які павядзе правільным курсам. Яна стане суцяшэннем, калі часам нехта спатыкнецца, робячы памылкі, і застанецца натхненнем для дасягнення новых вышынь».
У дзіцячым сацыяльным прытулку Лідскага раёна ёсць дзеці, якім патрабуецца сямейны клопат. Вы можаце ім дапамагчы. Кантактны тэлефон упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама – 529776.
.jpg)
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







