Захапляліся майстэрствам вершнікаў, прымяралі кальчугу, каштавалі парасё на ражне…

02 Сентября 2023 11322
Урачыстыя мерапрыемствы ў рамках святкавання 700-годдзя Ліды праводзіліся і ў Лідскім замку, з будаўніцтва якога 700 гадоў назад і пачыналася гісторыя горада. Старажытны архітэктурны помнік на цэлы дзень пагрузіўся ў сярэднявечча з рыцарскімі баямі, княжацкім паляваннем, танцамі кавалераў і дам, стравамі тых часоў і іншым. Мінулая субота ў Лідскім замку стала днём сярэднявечнай культуры, у рамках якога тут адбыўся конны рыцарскі турнір “Лідскія ваяры”.

Аднак  сам  турнір чакаў  наведвальнікаў замка вечарам, а днём аматарам сярэднявечнай культуры была паказана не менш відовішчная рэканструкцыя “Княжацкае паляванне” з удзелам мінскага клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Каралеўскі дом”. Гледачам нагадалі пра часы Вялікага князя Вітаўта, які часта збіраў ваяроў у Белавежскай пушчы на паляванне, дзе яны праяўлялі свае спрыт, моц, мужнасць, спасцігалі навуку ваярскага майстэрства. Чатыры ўдзельнікі клуба на конях не толькі палявалі на імітаваных жывёл, але і траплялі дзідамі ў шчыт-“сарацыну”, на скаку нанізвалі на дзіды кольца, рассякалі шаблямі капусныя качаны. 
На жаль, не абышлося ў ходзе “палявання” без няштатнай сітуацыі: адзін з ваяроў, спадар Вадзім, зваліўся з каня, які заблытаўся ў вяроўцы, за якую быў прывязаны імітаваны “воўк”. На шчасце, абышлося без сур’ёзных траўмаў, але рысталішча спадар Вадзім вымушаны быў пакінуць.

– Мяккая пляцоўка дазволіла змякчыць наступствы падзення нашага вершніка, – расказвае пасля “палявання” ў інтэрв’ю “Лідскай газеце” кіраўнік клуба “Каралеўскі дом” месір Арчыбальд дэ Мантэск’ё. – Увогуле, пляцоўка для конных спаборніцтваў у Лідскім замку выдатная. Каб паказаць у вашым замку на працягу гадзіны рэканструкцыю княжацкага палявання, мы трэніраваліся цэлы год, тры разы на тыдзень.

І калі каманда месіра Арчыбальда ўжо выступіла перад  лідчанамі і гасцямі горада, то ўдзельнікі клуба  ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Залатая шпора” (таксама з Мінска) яшчэ рыхтаваліся да вячэрняга коннага турніру.

– Рыцарскія турніры, гаворачы сучаснай мовай, самы элітны спорт часоў сярэднявечча, – гаворыць кіраўнік “Залатой шпоры” Павел Калінкоў (спадар Павел Заслаўскі). – Я рыхтуюся да такіх турніраў вось ужо больш за дваццаць гадоў. Ёсць у нашым клубе і рыцары з дзесяцігадовым, пяцігадовым стажам. Сёння ў Лідскім замку выступяць чатыры нашы рыцары і чатыры коні. Усяго ж у клубе “Залатая шпора” на сённяшні дзень больш за дваццаць чалавек і каля сарака коней.

А пакуль конны рыцарскі турнір не пачаўся, можна наведаць розныя тэматычныя і забаўляльныя пляцоўкі ў замку: зброевую майстэрню, сярэднявечныя кузню і кухню, пагуляць у сярэднявечныя гульні…

Зброевая майстэрня і кузня знаходзяцца побач адна з другой. Тут працуюць два майстры са сталіцы. Каля пляцовак – шмат жадаючых прымераць даспехі, патрымаць зброю, сфатаграфавацца ў вобразе сярэднявечнага ваяра.

– Рэканструкцыяй даспехаў і зброі X-XV стагоддзяў займаюся пяць гадоў, – расказвае майстар Андрэй Сушчы. – Аднойчы на турзлёце пазнаёміўся з рэканструктарам, які і зацягнуў мяне ў гэты занятак. Вырабленыя мною жалезныя рэчы знаходзяцца ў рыцарскіх клубах, музеях, прыватных калекцыях. Асабліва цесна супрацоўнічаю з клубам, які рэканструюе побыт шатландскіх воінаў. Наведвальнікаў пляцоўкі асабліва цікавіць, як вырабляецца кальчуга, – ужо чалавек пятнаццаць сёння пра гэта ў мяне пыталіся. Вельмі марудна вырабляецца, вялікага цярпення патрабуе. Я сам пакуль не зрабіў ніводнай кальчугі.

Прываблівае прахожых і сярэднявечная кухня, ад якой ідуць водары розных страў, што гатуюцца па рэцэптах тых далёкіх часоў (захавалася шмат сярэднявечных кулінарных кніг, у тым ліку ў перакладзе).

– Мы са сваёй кухняй прыехалі ў Ліду з Брэста, – гаворыць прадстаўнік суполкі жывой гісторыі “Тэра тэўтоніка” Андрэй Асмалоўскі. – Рэканструюем не толькі кухню, але  і даспехі, строі  часоў сярэднявечча. Сёння на нашай пляцоўцы можна ўбачыць парасё на ражне, паўночныя піражкі з рыбай, гарошак па-багемску, пасту карзеці і некаторыя іншыя сярэднявечныя стравы. Час ад часу мы аб’яўляем дэгустацыю страў. Асабліва ўюцца наведвальнікі вакол парасяці, просяць адрэзаць кавалачак, і мы частуем. Парасё на ражне – зорка сённяшняга дня ў нашай кухні.

Жадаючыя патанцаваць (якіх, дарэчы, было нямала) маглі паўдзельнічаць у майстар-класах па сярэднявечных танцах ад сталічнага танцавальнага калектыву “Хорус тэмпора”.

Але вось імправізаваная танцпляцоўка пасярод замкавага двара зноў ператвараецца ў рысталішча – на гэты раз для коннага рыцарскага турніру “Лідскія ваяры”, галоўнай падзеі дня сярэднявечнай культуры ў Лідскім замку. На конях выязджаюць на пляцоўку чатыры ўдзельнікі турніру ў цяжкіх жалезных даспехах – прадстаўнікі клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Залатая шпора”. 

Паміж рыцарамі праводзяцца двубоі на драўляных дзідах, а затым баі на мячах. Па выніках усіх баёў абсалютным пераможцам турніру становіцца кіраўнік клуба спадар Павел Заслаўскі, які мае найбольшы вопыт удзелу ў такіх турнірах (як ён сам гаварыў вышэй, больш за дваццаць гадоў). Але павагі гледачоў заслугоўвае кожны ўдзельнік турніру: нялёгка амаль дзве гадзіны пратрымацца на конях, у саракакілаграмовых даспехах, у закрытых шлемах.

Але і пасля турніру жыццё ў замку працягвае віраваць: на імправізаванай сцэне выступае музычны калектыў “Неўрыда”, затым у двары замка ладзіцца вогненнае шоу ад вогненнага цырка “Крэсіва”, а ўжо ноччу – дыскатэка “ZAMOKDANCE”.






























Текст: РедакцияРедакция
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться