Рэтраспектыва: Табольская школа вокнамі ў сад і лістапад успамінаў

14 Сентября 2022 36979
Жыхарка вёскі Табала Вера Гулевіч – старажыл з прыродным розумам, яснай памяццю і добрым сэрцам. На працягу шэрагу гадоў Вера Аляксандраўна нястомна запісвае ўспаміны аб мінулым вёскі і яе жыхароў.

Аднойчы яны ўжо леглі ў аснову артыкула пра гісторыю абраза Маці Божай Крывіцкай на старонках “Лідскай газеты”. Яшчэ адной яскравай старонкай яе нататкаў з’яўляецца гісторыя навучання ў Табале. Муж Веры Аляксандраўны настаўнічаў, ды і сама яна ўсё жыццё цягнулася да ведаў. А звярнуцца менавіта да гэтай тэмы на старонках газеты натхнілі верасень, пачатак навучальнага года і дата – 17 верасня. Запрашаем у гістарычны экскурс… 

 20-30-я гады ХХ стагоддзя… Усе дзеці з вёсак Табалы і Восава вучыліся ў Табольскай школе. 

 “Мой муж Станіслаў Гулевіч скончыў у ёй чатыры класы, а ў пяты пайшоў у Няцецкую школу. Скончыўшы сямігодку, паступіў у Лідскую купецкую гімназію. Экзамен здаў на выдатна і 1 верасня 1935 года стаў студэнтам, – расказвае Вера Гулевіч. – Навучанне ў гімназіі было платнае. Інтэрнату не было, сталовай таксама. На другі год вучобы адна гарадская сям’я ўзяла яго на кватэру – дзеля таго, каб і іх сын вучыўся разам са Станіславам. Жыллё і абед (суп і катлету) за гэта давалі дарма. На жаль, іхні сын не здаў экзамен пры паступленні і ў кватэры Станіславу адмовілі.
Муж успамінаў пра сваё жыццё ў гады вучобы… Зімой ён хадзіў у гімназію ў аўчынным кажусе (за няйменнем іншай верхняй вопраткі). Настаўнік пакпіў: “Што, “раб”, з Сібіры прыехаў?” Хлопец засаромеўся. Пасля гэтага прыехалі яго бацькі і пайшлі ў краму купляць паліто. Але каштавала яно ажно 130 злотых. Студэнт быў вымушаны застацца ў старым кажусе”. 

 9 мая 1939 года заканчваецца вучоба. Пачынаюцца экзамены, а 21 чэрвеня з вынікам “добра” ён атрымаў пасведчанне. І даў сабе слова: “Буду працаваць, зараблю грошай і куплю паліто”. Але жыццё прадыктавала іначай.
Станіслава забіраюць у войска, на курсы падрыхтоўкі афіцэраў. У г. Быдгошч курсанты вучыліся ваеннай справе, будавалі ўмацаванні. А 1 верасня 1939 г. немцы напалі на Польшчу. Курсантаў распусцілі па хатах. 

 Шлях дадому, у Беларусь, быў цяжкім. Ішлі начамі, закладвалі рукі адзін аднаму на плячо і падтрымлівалі, каб не заснуць і не ўпасці. Днём нямецкія самалёты лёталі нізка над дарогамі і стралялі з кулямётаў. Хлопцы сядзелі ў лесе пад елкамі нерухома. У вёсках людзі давалі ім есці. 15 верасня 1939 года яны дайшлі да Варшавы. Дзень быў сонечны, на вуліцах ні душы, толькі глоснікі спявалі “Пад тваю абарону, Ойча, на небе”. Вечарам з Варшавы адправіўся апошні цягнік на Баранавічы. Адтуль ён ішоў у Ліду. Гэтым цягніком Станіслаў Гулевіч прыехаў на станцыю Нёман (в. Сялец) і пяшком прыйшоў дамоў. Ён нават склаў радкі: “Тут мая радзіма, тут і мой дом. Дзякую Пану Богу, што ў родную зямлю прывёў”.

 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла нямецка-польскую мяжу і з’яднала Усходнюю і Заходнюю Беларусь. Пачалося новае жыццё.

 Хутка ў Лідзе адкрыліся курсы настаўнікаў. Станіслаў Гулевіч скончыў іх і ў 1941 годзе быў накіраваны настаўнікам пачатковых класаў у Брэсцкую вобласць. Але 22 чэрвеня 1941 года зноў пачалася вайна: фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз.

 А ў Табале тым часам падзеі развіваліся так: падчас ваеннай акупацыі і адразу пасля яе школы не было. Яна працавала толькі ў Беліцы. Партызаны казалі: “Советы придут и школу принесут”. 

 8 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія прагнала фашыстаў з Ліды. Праз Табалу ішоў конны абоз. Немцы ўцякалі ў бок станцыі Курган. Коні падбітыя, кульгавыя… Як убачаць немцы на гаспадарцы каня, патрабуюць: “Замяні”. Многія вяскоўцы хавалі коней  у няцецкім лесе. Удалечыні ад шашы Беліца – Жалудок яшчэ свісталі снарады. А потым стала зразумела: немцаў прагналі канчаткова.

 Прыйшлі “другія Саветы”. Ваенкамат прызываў мужчын на вайну. Станіславу Гулевічу далі “браню”, пакінулі ў Табале вучыць дзяцей. 

 4 верасня 1944 года
 Лідскі раённы аддзел адукацыі назначыў мужа загадчыкам Табольскай школы і адначасова настаўнікам. Вучыў у дзве змены па два класы. Усіх вучняў было 120 чалавек. Два школьныя гады працаваў адзін. 
У 1946 годзе ў Табале было 80 двароў: 20 двароў на вуліцы і 60 на хутарах. Насельніцтва – 367 чалавек, мужчын – 78 чалавек, жанчын – 116, дзяцей – 87 хлопчыкаў і 86 дзяўчынак. 

 У 1946 годзе ў Табольскай школе праводзіўся экзамен для вучняў 4 класа (разам з вучнямі школы в. Яманты). Некаторыя вучні былі ва ўзросце 16 год. Мая сястра Шура (1931 года нараджэння) таксама вучылася. А мне тата сказаў: “Ты са сваімі рукамі справішся і ў калгасе”. Так я і засталася на ўсё жыццё калгасніцай. 

 У 1947/1948 навучальным годзе ў Табольскую школу прыслалі настаўнікаў Аляксандра Георгіевіча Каральчука і Аляксандра Іосіфавіча Цыунеля. У 1948/1949 навучальным годзе з’явіліся настаўніцы Валянціна Паўлаўна Карась, Лідзія Парфір’еўна Кучкоўская.

 Школа працавала ў прыватным доме Іосіфа Вяршылы (гэта мой хросны). І толькі ў 1950 годзе Станіслаў Гулевіч збудаваў новую школу. Ездзіў па вёсках, збіраў матэрыял, кулі саломы (ёю крылі дах).
 У 1950/1951 навучальным годзе Табольская школа ўжо сямігодка, яе дырэктар – Іван Іванавіч Вільбік. 
Станіслаў Гулевіч ў 1951 годзе ажаніўся. Нехта лжыва заявіў у раённы аддзел адукацыі, што ён вянчаўся, і яго пераводзяць у Жалудоцкі раён загадчыкам Парэчскай пачатковай школы. Там ён адпрацаваў дзевяць год. Тым часам, у 1953 годзе, Табольская школа згарэла, і класы зноў сталі вучыцца па хатах.

 У 1959 годзе калгасныя будаўнікі збудавалі ў Табале новую школу. У суседняй вёсцы Крывічы яшчэ ад паншчыны застаўся будынак (у народзе яго звалі панскі палац) – яго і перавезлі ў Табалу пад школу. Яна атрымалася выдатная, светлая, усім на радасць і ўжо васьмігодка.

  У 1961 годзе Гулевіча пераводзяць у Табольскую школу настаўнікам пачатковых класаў і працы. Дырэктар школы – Арон Мендзялеевіч Клябанаў. Пасля яго дырэктар школы – Сцяпан Вікенцьевіч Капцэвіч. Ён быў дырэктарам ад Бога.
 Станіслаў Гулевіч разам з вучнямі пасадзілі за школай парк, кожны сваё дрэўца. Пасля вучні шмат гадоў прыязджалі і адпачывалі ў яго цені. 

 У 1970 годзе, 22 красавіка, у дзень нараджэння Леніна, настаўнікі з вучнямі пасадзілі каля школы 100 яблынь. Яны і сёння растуць, пладаносяць… 



Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться