Памяць сэрца не маўчыць. Артыкул у «Лідскай газеце» ўскалыхнуў 80-гадовых былых вучняў Табольскай школы

04 Ноября 2022 34685
“Успаміны – гэта багацце старасці…” – казала Фаіна Ранеўская. У гэтым пераканаліся і мы пасля публікацыі ў верасні бягучага года артыкула “Табольская школа вокнамі ў сад”. 

 Паводле ўспамінаў старэйшай жыхаркі гэтай вёскі Веры Гулевіч, аповед ішоў пра мясцовую школу, якой ўжо даўно няма, пра яе настаўнікаў і вучняў, асаблівасці навучання, перапляценне эпох і лёсаў. Артыкул не застаўся незаўважаным. Яго прачыталі тысячы (з улікам чытачоў інтэрнэт-версіі), у тым ліку – многія з вучняў, пра якіх расказвала Вера Гулевіч і якіх вучыў яе муж, Станіслаў Гулевіч. На хатні нумар жанчыны пасыпаліся тэлефонныя званкі і  ўспаміны, успаміны… Успаміны тых, хто пазнаў сябе ў артыкуле і на фотаздымках. 

  У рэдакцыю “ЛідаМедыяКампаніі” таксама паступіла просьба  працягнуць успаміны і надрукаваць старыя фотаздымкі, што захаваліся ў асабістых сямейных архівах і на якіх яны, вучні трэцяга і чацвёртага класаў Табольскай школы, такія юныя і шчаслівыя, поўныя веры і надзеі на лепшую будучыню. Няхай жа ўбачаць сябе ўсе вучні (а сёння ім ўжо за 80), хто застаўся ў жывых, няхай успомняць шчаслівыя гады дзяцінства! 

 Мы абяцалі – і просьбу выконваем! З дапамогай Веры Аляксандраўны Гулевіч працягваем гістарычны экскурс і запрашаем ізноў зазірнуць у Табольскую школу 1945, 1946,1947 г.г.

 “Пасля вызвалення Лідчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 1 верасня 1944-га, Табольская школа шырока адчыніла вясковым дзецям дзверы ў краіну ведаў. Першым настаўнікам і загадчыкам школы, згодна з загадам №25 раённага аддзела адукацыі, стаў Станіслаў Аляксандравіч Гулевіч. У школе былі сфарміраваны чатыры класы. Вучыліся па два класы ў дзве змены. Некаторыя вучні перавысілі школьны ўзрост. Напрыклад, у чацвёрты клас пайшлі нават шаснаццацігадовыя вучні, – расказвае Вера Гулевіч. – У іх ліку была і мая сястра Шура. Аднойчы настаўнік задаў ёй вывучыць на памяць верш “Сталінград”. Яна вучыла, а я за ёй паўтарала і запомніла некалькі радкоў: “Он с воздуха весь разнесен, обстрелом с земли изувечен, но образ его, как закон, незыблем в душе человеческой. Это город-солдат, это наш Сталинград, это наш Сталинград боевой!”

4 клас Табольскай школы: крайняя справа – Тамара Вяршыла, скончыла Лідскае педвучылішча, настаўнічала ў Пескаўскай школе; зверху над ёю – Соф'я Самахвал, працавала ў калгасе; крайняя злева – Таццяна Вершаловіч, стала медыкам, працавала ў г. Лідзе.

У гэтым жа 4-ым класе вучылася Шура Вяршыла. Пасля яго заканчэння яна перайшла ў сямігодку в. Сялец (дырэктар Віктар Іванавіч Савонь), затым, у 1951 годзе, скончыла Лідскую гімназію. Яе накіравалі ў Тракельскую школу настаўніцай матэматыкі. Потым Аляксандра Аляксандраўна (па мужу – Шчапачова) працавала  настаўніцай матэматыкі ў школе №44 г. Мінска. Лёс яшчэ аднаго вучня, Аляксандра Карабача, склаўся так: ён скончыў Гродзенскі сельгасінстытут, працаваў у Міністэрстве сельскай гаспадаркі.

 У 1945-1946 навучальным годзе, з моцным жаданнем атрымаць веды, у школу прыйшлі новыя вучні. Вучоба ў школе доўжылася шэсць дзён на тыдзень. Самая высокая адзнака была 5 – “выдатна”. 1-ы, 2-і, 3-і класы пераводзіліся з класа ў клас, а 4-ы здаваў экзамены. Напрыканцы гэтага навучальнага года іх здавалі разам вучні Табольскай і Ямантаўскай школ. Прымалі экзамены настаўнікі Станіслаў Гулевіч (Табольскай школы) і Юльян Місюкевіч (Ямантаўскай), асістэнтамі былі Антон Ляошка і Васілій Лагонда. 

 У ліку тагачасных выпускнікоў была Лідзія Місюкевіч. Пазней яна скончыла Лідскае педвучылішча і была накіравана на працу ў родную Табольскую школу настаўніцай пачатковых класаў. Затым скончыла Гродзенскі педінстытут і працавала настаўніцай ў СШ №9 г. Ліды. Выпускніцай Ямантаўскай школы была Ганна Зайко. Яна скончыла Нёманскую сямігодку, працавала ў Беліцкім сельсавеце.

 Многія з вучняў засталіся жыць у родных вёсках Табала і Восава і  працаваць ў калгасе. Дзяўчаты – паляводамі, жывёлаводамі, хлопцы – трактарыстамі. Каб вывучыцца на трактарыста, патрэбна было пасведчанне аб заканчэнні сямігодкі. Таму пры Табольскай школе арганізавалі вячэрнюю. Дзякуючы працавітасці тых, хто застаўся ў родных вёсках і працаваў на мясцовым участку №3, калгас імя Гагарына заўсёды займаў годнае месца ў вытворчых спаборніцтвах.

3 клас Табольскай школы: крайняя справа – Аляксандра Буйніцкая (Копшына), г. Кандапога, Рэспубліка Карэлія. “Станіслаў Гулевіч залажыў моцны фундамент па арыфметыцы, дзякуючы чаму я ўсё жыццё адпрацавала бухгалтарам. Вялікі яму дзякуй!” – піша яна.

1946-1947-ы навучальны год. Кожны дзень вучні спяшаліся ў школу. І хоць бытавыя ўмовы былі зусім сціплыя (школа размяшчалася ў жылой хаце), вучыліся ўсе з вялікім задавальненнем. Дарэчы, гэта хата, пачынаючы з 1928 года, выпусціла ў свет шмат вучняў. 

 Лідскае педвучылішча падрыхтавала і выпусціла маладых настаўнікаў. Двое з іх былі накіраваны ў Табольскую школу. Гэта Аляксандр Каральчук і Аляксандр Цыунель. Маладыя настаўнікі з натхненнем прыступілі да працы. 
Набліжаўся Новы год. Самае доўгачаканае і вясёлае свята ў школе. Вучні і настаўнікі актыўна рыхтаваліся, каб зладзіць канцэрт і павесяліць вяскоўцаў. У школе паставілі ёлку. Вучні сваімі рукамі з паперы рабілі ланцужкі, з саломы – павучкоў, цукеркі загортвалі ў рознакаляровыя паперкі. Змайстравалі сцэну, запалілі вялікую газавую лямпу і запрасілі гледачоў з Табалы, Восава. Іх сабралася – яблыку не ўпасці! Вучні выйшлі на сцэну: віншавалі гледачоў з Новым годам, расказвалі вершы, спявалі песні пра ёлачку і паставілі сцэнку “12 месяцаў”. У ёй іграла ролю Сабіна Плаўская. Гледачы засталіся вельмі задаволеныя. Пасля канцэрта старэйшыя разышліся, а маладыя яшчэ бавілі час.

 Колькі ўспамінаў пра той незабыўны час!.. Гэта тое, што нас сагравае, робіць шчаслівымі. Гэта сапраўднае багацце. Беражыце яго! 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться