«Жыхары Ліды – вялікія кнігалюбы». За мінулы год у магазіне «Кніжны свет» было прададзена 15,5 тысячы кніг, а за 8 месяцаў гэтага года – 11,3 тысячы выданняў

06 Сентября 2020 1534
Штогод у першую нядзелю верасня Рэспубліка Беларусь адзначае важнае ў духоўным жыцці грамадства свята – Дзень беларускага пісьменства, – якое адлюстроўвае адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай. 

Зазірнуўшы ў мінулае, нялішнім будзе нагадаць, што першае паўнааб’ёмнае выданне ў Еўропе – 42-радковую «Біблію» – надрукаваў Ёган Гутэнберг у горадзе Майнцы ў сярэдзіне XV стагоддзя. А яго паслядоўнік і наш зямляк, беларускі грамадскі дзеяч, прадпрымальнік і лекар-навуковец Францішак Скарына першую друкаваную беларускую кнігу – «Псалтыр» – выдаў у 1517 годзе. Шмат часу прайшло з тае пары, але, нягледзячы на з'яўленне інтэрнэту, кніга па сённяшні дзень застаецца важнай часткай чалавечай культуры і асноўным матэрыяльным носьбітам інфармацыі.

Па меркаванні прадаўца магазіна «Кніжны свет» ААТ «Белкніга» Алены Лянцэвіч (на здымку), жыхары Ліды – вялікія кнігалюбы, бо галоўная кніжная кропка гандлю без наведвальнікаў амаль ніколі не застаецца. Асабліва шматлюдна тут у дні прывозу. Лідчане актыўна цікавяцца як навінкамі літаратуры, так і кнігамі, якія ўжо сталі бестселерамі. Так, за мінулы год у магазіне было прададзена 15,5 тысячы кніг, а за 8 месяцаў гэтага года – 11,3 тысячы выданняў.

Аб асартыменце ж друкаванай прадукцыі красамоўна гавораць наступныя лічбы: на паліцах свайго пакупніка чакаюць каля 18 тысяч найменняў кніг. Багата прадстаўлена ў магазіне прадукцыя беларускіх выдавецтваў, сярод якой нямала літаратуры на беларускай мове. Спектр таксама шырокі: навукова-папулярная, даведачная, вучэбная, гістарычная і мастацкая. Амаль кожны лідчанін знойдзе ў кніжным магазіне тое, што яму па душы. Ну, а калі папулярнай кнігі ў наяўнасці не акажацца, то яе можна і заказаць.

– Апошнім часам у пакупнікоў назіраецца павышаная цікаўнасць да кніг беларускіх аўтараў, – расказвае прадавец Алена Лянцэвіч. – Часцей за ўсё нашы наведвальнікі цікавяцца творамі знакамітага класіка Уладзіміра Караткевіча. Лідчане ахвотна набываюць і раманы сучаснага айчыннага празаіка Наталлі Батраковай. Выклікае цікаўнасць у чытачоў і перакладчыцкая дзейнасць. Напрыклад, раман брытанца Джорджа Оруэла «1984» у перакладзе Сяргея Шупы, беларускамоўная версія Аляксея Знаткевіча культавага твора амерыканскага пісьменніка Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі», дэтэктыўныя аповесці англічаніна Конана Дойла «Знак чатырох» у перакладзе на сакавітую родную мову Ганны Янкуты і Кацярыны Маціеўскай і іншыя. 

Таксама попытам карыстаюцца шматлікія багата ілюстраваныя маляўнічымі краявідамі даведнікі па славутых гісторыка-культурных мясцінах і біяграфіі знакамітых дзеячаў нашай Радзімы. І, канешне, гістарычныя выданні.

Прыемна адзначыць, што ў «Кніжным свеце» беларускамоўныя выданні ёсць не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Вучнямі больш запатрабавана вучэбная літаратура, ну а дашкалятамі – казкі, сярод якіх маюцца і пераклады на беларускую мову сусветна знакамітых твораў «Прыгоды Пінокіа. Гісторыя драўлянай лялькі», «Малыш і Карлсан, які жыве на даху», «Маленькі прынц» і іншыя.

І гэта добры знак: цікавасць да роднай мовы і беларускага пісьменства не знікне.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться