Як журналіст «Лідскай газеты» цэлы тыдзень смакавала лідскія дранікі
05 Января 2025
1321


Нагадаем, кожны месяц мінулага года ў Беларусі быў прысвечаны аднаму з 13 відаў турызму. Напрыклад, кастрычнік прайшоў пад знакам рэлігійнага турызму, лістапад – паляўнічага. А вось снежань атрымаўся самым апетытным, таму што ён быў аб’яўлены месяцам гастранамічнага турызму. Для нашай краіны гэты напрамак малады, але глыбокія кулінарныя традыцыі і майстэрства ўжо зрабілі яго папулярным сярод наведвальнікаў. Каб паспрабаваць беларускія прысмакі, турысты аддаюць перавагу менавіта гастратурам. А паколькі ўсе дарогі вядуць у Ліду, то мясцовыя рэстаратары падчас месяца гастратурызму аб’явілі “дранікавы” тыдзень. Чаму менавіта дранікавы? Таму што ў Беларусі 235 рэцэптаў гэтай стравы афіцыйна прызнаны набыткам нацыі!

На бліны да пана Кумпяка

– Усе стравы ў карчме – гэта пераказаныя гастранамічныя ўспаміны з дзяцінства і рэцэпты, сабраныя ў мясцовых вёсках. Напрыклад, хвост бабра, вэнджаны на асінавай дранцы, гатавалі на Палессі, адкуль родам мая гаспадынька, пані Надзея, – тлумачыць Сяргей Вітольдавіч.
Калі галоўны інгрэдыент – гэта байка!
На любую страву з меню карчмы пан Кумпяк мае сваю адмысловую байку. Цікавая гісторыя, якой гаспадар асабіста “частуе” кожнага госця, – і ёсць той самы сакрэтны інгрэдыент, дзякуючы якому турысты яшчэ шмат гадоў будуць успамінаць гастранамічны тур у Ліду. Напрыклад, чаму вэнджаны хвост бабра можна ўжываць у ежу нават у посце?
– Калі жывёла жыве ў вадзе, а хвост у яе з луской, то якое ж гэта мяса? Гэта ж рыба! Значыць, у пост падсілкавацца ёю не грэх! – запэўнівае гаспадар карчмы.
– А ці ведаеце вы, даражэнькія, як я шукаў сакрэт тых самых лідскіх дранікаў? – распачынае чарговую байку Сяргей Жучкевіч. – З ног збіўся, усё не мог знайсці. Прыйшоў дадому смутны, знерваваны. Жонка мая, Надзея, гледзячы на маю тугу, накарміла мяне смажанымі блінамі, а потым як улепіць мне ў вусны смачную “буську”! Ад яе пацалунка мне так хораша зрабілася, што я адразу дапетрыў: сакрэт нашых дранікаў у тым, што прыгатаваныя яны з любоўю і пяшчотай. Таму частуйцеся, госцейкі, нашымі блінамі. Яны спечаны ад шчырага сэрца!

Традыцыйныя рэцэпты з ноткамі сучаснасці
Разгадаць “Сакрэты лідскіх дранікаў” запрашала і “Сябрына”. Гаспадынькі гэтага кафэ частавалі гасцей класічнымі блінамі з таркаванай бульбы, здобленымі каўбаскамі і мачанкай. А для аматараў чагосьці неардынарнага прапаноўвалі дранікі з салодкай макавай падлівай. У кафэ кажуць: менавіта такія бліны былі самым папулярным дэсертам у нашых бабуль і дзядуль. Прызнацца, такое неспадзяванае спалучэнне смакаў і мне вельмі спадабалася: салодкая начынка толькі падкрэслівае саленаваты смак бульбы. Страву падавалі ў пузатых чыгунках: падымаеш крышачку, а з-пад яе ў нос залятае водар беларускай кухні.
А вось у кафэ “Вінтаж” падчас “дранікавага” тыдня з’елі больш за 50 кілаграмаў бульбы. Тут да “картапляных” бліноў падавалі люля-кебаб па-беларуску і яйко пашот. І ўсё гэта аздобілі соусам тар-тар, прыгатаваным па асабістым рэцэпце. Але мяне ўразіла іншае: бульбу кухарачкі з кафэ “Вінтаж” шынкавалі ўручную! Бо ўпэўнены: ніводны кухонны камбайн не патаркуе гародніну так, як гэта могуць зрабіць рукі прафесіяналаў.

“Грыль-бар 1323” здзівіў мяне вялізным дранбургерам: гэткі адказ беларусаў замежным бургерам. Замест булкі – хрумсткія дранікі, прасочаныя тлустай смятанай і праслоеныя беконам і зелянінай. Смаката! У лідскім бары “Мята” выкарысталі старажытны рэцэпт тых самых “бацькавых дранікаў”, што смажаць на чыгуннай патэльні з яйком і беконам. А вось шэф-повар бара “Ізі” дадаў нацыянальнай страве крыху сучаснасці – дранікі тут падавалі з ікрой, чырвонай рыбай і соусам з авакада. Паласавацца “картаплянымі” блінамі па дзіўнай цане – усяго 15 рублёў за паўкіло – запрашалі таксама рэстаран “Госці” і бар “Віскі Кола”. На пытанне, дзе ў Лідзе дранікі атрымаліся самыя-самыя, адказаць немагчыма. Бо гэтую нацыянальную страву кожны шэф-повар гатуе по-свойму смачна!
Гастратур “Сакрэты лідскіх дранікаў” праходзіў у нашым горадзе ўпершыню, але настолькі спадабаўся лідчанам і турыстам, што, верагодна, будзе мець паўтарэнне. Магчыма, што наступную акцыю прысвецяць якой-небудзь іншай беларускай страве. На шчасце, у спадчыну нам засталося шмат нацыянальных рэцэптаў.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.