Данута Бічэль: «У снах я жыву ў родных Біскупцах»

19 Марта 2013 3466

Значная падзея адбылася днямі ў літаратурным жыцці Лідчыны: наш горад (а дакладней, цэнтр яго літаратурнага жыцця – домік Таўлая) наведала вядомая паэтэса, празаік і перакладчыца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Данута Бічэль, у якой, дарэчы, лідскія карані. Але аб усім па парадку…

Данута Янаўна Бічэль нарадзілася ў вёсцы Біскупцы Лідскага раёна. На Лідчыне прайшлі яе школьныя гады, лідскі край даў ёй натхненне для першых спроб пяра. Далей была вучоба ў Лідскім педагагічным вучылішчы, а пазней – на беларускім аддзяленні гісторыка-філалагічнага факультэта Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы.

Наша зямлячка так і засталася жыць у Гродне. Яна аўтар мноства паэтычных кніг, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984). У 80-90-я гады Данута Бічэль працавала ў Доме-музеі Максіма Багдановіча, некалькі гадоў з’яўлялася яго дырэктарам. 3 снежня 2012 года Дануце Янаўне споўнілася 75 гадоў. 

А днямі, па запрашэнні свайго даўняга сябра, кіраўніка літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, супрацоўніка літаратурнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алеся Хітруна, вядомая паэтэса наведала Ліду, у памяшканні названага аддзела адбылася яе сустрэча з лідскімі літаратарамі, а таксама з вучнямі сярэдніх школ №№ 1 і 11 і ліцэя № 1. 

Данута Бічэль расказвала прысутным аб сваім дзяцінстве і юнацтве, якія прайшлі на Лідчыне, аб тым, як пачынаўся яе творчы шлях, знаёміла з некаторымі сваімі кнігамі і кнігамі сваіх сяброў, чытала вершы з іх. 

У ліку гэтых кніг былі і два навейшыя зборнікі твораў Дануты Янаўны – “Мост Святога Францішка” (2010) і “Іду сцяжынаю да Бога” (2012). Першая кніга – у многім аўтабіяграфічная, шмат твораў у ёй прысвечана дзяцінству і юнацтву паэтэсы, яе аднавяскоўцам, яе першаму каханню. Другая кніга – зборнік духоўных вершаў, вершаў-малітваў, які сама паэтэса назвала сваім прыватным каталіцкім малітоўнікам. 

У час сустрэчы кожны жадаючы мог набыць якуюсьці з прывезеных Данутай Бічэль кніг. 

У нашай вядомай зямлячкі засталіся вельмі прыемныя ўражанні ад сустрэчы ў доміку Таўлая, ад самой установы, у якой праходзіла гэтая сустрэча. Радуе яе і актыўнасць лідскіх калег па пяру, якія імкнуцца больш друкавацца, выдаваць свае кнігі твораў – словам, заяўляць аб сабе. 

– Некалі я даволі часта ездзіла з Гродна ў Ліду, на сваю малую радзіму – у Біскупцы, – гаворыць Данута Янаўна ў інтэрв’ю для “Лідскай газеты”. – Цяпер нікуды з Гродна не выязджаю. Але ў снах і, як цяпер модна стала гаварыць, віртуальна я жыву ў родных Біскупцах. Люблю гэтую вёсачку, люблю Лідчыну – гэта маё дзяцінства, мая маладосць. 

– А над чым, калі не сакрэт, зараз працуеце як аўтар? 

– Прызнаюся: пішу зараз мала і ў асноўным прозу. Практычна падрыхтаваны матэрыял для будучай кнігі “Правінцыя Святога Францішка”. Гэта будзе кніга пра маіх родных, сяброў, знаёмых, пра розныя цікавыя і павучальныя гісторыі з іх жыцця. Увогуле, я пішу ў асноўным пра тых, каго добра ведаю і каго люблю, мая творчасць заўсёды светлая, я стараюся пісаць так, каб нікога не параніць, не пакрыўдзіць сваімі радкамі, пісаць з любоўю да сваіх герояў. Усе героі маіх твораў толькі станоўчыя.

Ад супрацоўнікаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея Дануце Бічэль на памяць аб сустрэчы былі ўручаны букет і сувенірная лыжка, ад лідскіх літаратараў – саматканы ручнік (работа майстроў Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”). Дарэчы, паэты Лідчыны выказалі пажаданне, каб у Дануты Янаўны выйшаў зборнік вершаў пад назвай “Саматканы ручнічок” – у памяць аб цёплай сустрэчы ў доміку Таўлая ў Лідзе.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться