Жыў на Лідчыне народны музыка
Дзякуючы беларускаму краязнаўцу, даследчыку беларускай культуры Адаму Мальдзісу мы ведаем пра беларускую паэтку Адэлю з Устроні, якая пражывала менавіта на нашай Лідчыне. Гэтае імя цяпер неаднаразова згадваюць літаратуразнаўцы ў вучэбнай праграме па беларускай літаратуры. А дзякуючы намаганням лідскага даследчыка гістарычнага мінулага Валерыя Сліўкіна нам вядома пра Веру Навіцкую – дырэктара прыватнай жаночай гімназіі г. Ліды, дзіцячую пісьменніцу. Былы лідскі журналіст Аляксандр Жалкоўскі раскрыў для лідчан польскага фалькларыста Земавіта Фядэцкага. Спіс можна працягваць.
І вось аднойчы рэдактар “Лідскага летапісца” Станіслаў Суднік на пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Суквецце” згадаў, што на Лідчыне мала вядомая яшчэ адна творчая асоба – Міхал (Міхаіл) Белавокі. І зазначыў, што аб ім, на жаль, звестак амаль няма, толькі невялікая інфармацыя падаецца ў польскамоўнай кнізе ўраджэнца Ліды Юзэфа Кардаша “Lida prawdiwa”. (Калі рыхтаваў матэрыял да друку, стала вядома, што 13 кастрычніка 2015 года, на 91-м годзе жыцця, Ю. Кардаш памёр, а пахаваны ў Польшчы, у горадзе Флёрчакі.) Не затаю: гэтае выданне якраз было ў мяне на руках, перададзенае для карыстання добра знаёмай мне жанчынай з аграгарадка Крупава Янінай Пятроўнай Сняжко. Яна, між іншым, мела нядрэнныя стасункі з аўтарам гэтай кнігі і ў свой час нават вяла з ім перапіску, дасылаючы лісты ў польскі горад Ольштын. На гэты раз прыйшлося зноў патурбаваць сталую жанчыну. І тут яна мне прызнаецца:
– Міхал Белавокі – гэта мой айчым, другі бацька!Для мяне гэта было сапраўднае адкрыццё.
Пра роднага бацьку Яніны Сняжко, Пятра Кажэніка, аўтар гэтых радкоў пісаў у матэрыяле “Дапамажыце знайсці магілу майго бацькі…” у № 50 (12458) “Лідскай газеты” за 6 мая 2014 года. А цяпер, як бачым, лёс паклікаў за звесткамі пра… яе айчыма.
– Мой айчым, якога мы, дзеці, ласкава называлі дзядунькай, а ў вёсцы – Міхал, нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Вялікае Сяло Гервянікскага сельсавета Лідскага раёна, – апавядае мне Яніна Пятроўна Сняжко. – Як мне вядома, бацькі яго былі звычайнымі сялянамі, небагатымі. У сям’і гадаваліся трое: брат Іван, сястра Марыя і ён, малодшы, Міхаіл. Набыць адукацыю і навучыцца грамаце ў Міхаіла не атрымалася, бо бацькі не мелі сродкаў на навучанне. Ды пры гэтым і сам Міхаіл замарудзіў з маўленнем: вельмі позна пачаў гаварыць, нават аднагодкі яго празывалі “германам”, што азначала “немец”. Але неўзабаве аб гэтым недахопе пачалі забываць, бо Міхаіл змяніўся на вачах у вяскоўцаў. Падчас пасьбы кароў хлопец зацікавіўся народнай музыкай, нават змайстраваў дудачку і падбіраў на ёй пэўнае гучанне. І што цікава, напяваў песні, якія потым праігрываў на самаробным музычным інструменце.
Белавокі Міхал і яго жонка Кажэнік Марыя – маці Сняжко Я. П.
Як адзначыла суразмоўца, у дзяцінстве Міхаіл, музыка-самародак, меў падабенства з Сымонам-музыкам, а вось яго спеў быў настолькі прыгожы і чысты, што цяпер можна было б параўнаць з выкананнем сучаснага расійскага артыста Піліпа Кіркорава. Ужо потым Міхал асвоіў больш прафесійны інструмент – кларнет. Пачаў складаць песні, вершы. Звесткі пра народнага музыку пачалі распаўсюджвацца па ваколіцах. Яго творы паступова набывалі фальклорную жывучасць, народ перадаваў іх з вуснаў у вусны.
– Напрыклад, па заканчэнні жніва астатнюю частку жыта трэба было жаць па крузе, – расказвае пра абрад суразмоўца. – У самым канцы жнеі пакідалі 15-20 каласкоў для мышкі. Для гэтага на зімоўку рабілі ёй “гумно”. Пры гэтым трэба было чысценька апалоць жыта, якое пакінулі. У гэтым рытуале дазвалялася ўдзельнічаць і дзецям. Жыта вакол абкладвалі невялікімі камянямі. А тыя каласкі, якія былі спецыяльна пакінутыя, бралі ў руку і роўна круцілі аж да зямлі так, каб яны не раскруціліся. Калі “гумно” было зроблена, гаспадыня гаварыла: “Мышка, мышка! Табе на полі, а нам – у гумне!”
Пасля рабілі “гаспадара”: бралі сноп жыта, ачышчалі яго ад травы і ўпрыгожвалі кветкамі. “Гаспадар” атрымліваўся вельмі прыгожы, у адных кветках. Пры гэтым дзяўчаты і маладыя кабеты вілі для сябе вянок з каласкоў жыта. Калі справа завяршалася, дзве першыя жняі бралі “гаспадара” ў рукі і, спяваючы, ішлі ў дом гаспадара, у якога была выканана праца. Песні прысвячаліся дажынкам. “Гаспадара” жанчыны ставілі ў покуце хаты, а сапраўднага – віншавалі і спявалі яму песні. Пасля чаго ён запрашаў жней на вячэру. Так адбывалася ў кожнай хаце той мясцовасці, дзе пражывала сям’я Кажэнік. Між іншым, песні, якія выконваліся жнеямі, былі скла-дзены іхнім аднавяскоўцам Міхалам Белавокім.
іграе на кларнеце Міхал Белавокі.
– А якія ў той час былі вяселлі! Якая музыка была! – урачыста прамаўляе Яніна Сняжко і дзеліцца ўспамінамі: – У нашай вёсцы была каманда музыкаў, якіх запрашалі на вяселлі. Як ведаю, на акардэоне іграў Кашко Юльян, на бубне адбіваў мелодыю Марцінкевіч Віктар, а на кларнеце – мой айчым, Белавокі Міхал. Іхняе гранне распаўсюджвалася на ўсю ваколіцу, нават лямпы керасінавыя тухлі ад гэтага выдатнага выканання! Мой дзядунька быў здольным вядучым на вяселлях, цяпер такіх называюць тамадамі. Акрамя чыстага голаса ў яго яшчэ была здольнасць экспромтам скласці верш, звычайна жартоўнага характару.
Былі такія выпадкі, калі музыкі стамляліся на вяселлі, і Белавокі, каб захаваць святочны настрой у людзей, станавіўся на табурэтку пасярод хаты і чытаў газету. Але як ён чытаў, тым больш ніводнага класа не скончыўшы?! Ён тую газету трымаў дагары нагамі і быццам “чытаў” яе перад публікай. А на самой справе ён на хаду прыдумваў тэкст пра таго ці іншага прысутнага чалавека, папярэдне кінуўшы на яго зрок. А на заканчэнні “зачытанага” пытаўся ў гасцей: “Ці праўда?” – і тут жа перакульваў газету першай старонкай да прысутных. Яму ў адказ тады ўсе гучна адказвалі: “Праўда!” Справа ў тым, што тая газета называлася “Праўда”, назву яе і чыталі вясельнікі. Акрамя гэтага, ён прыдумваў і іншыя жарты, ад якіх смеху не было канца.
Злева направа: сябар сям’і Яўген, дачка Яніна Сняжко, айчым Міхал Белавокі, маці Марыя Кажэнік (фота 1960 года).
– У нашай хаце звычайна прыпыняліся вясковыя музыкі, абмяркоўвалі некаторыя пытанні, – прызнаецца суразмоўца. – Мама на той час ужо 13 гадоў была ўдавой (з 1939 па 1953 год), з тае пары як наш бацька выехаў на фронт і не вярнуўся. Але на яе руках заставаліся мы: я і мая сястра. І аднойчы, падчас такой “збюркі”, Міхал Белавокі пазнаёміўся з мамай. Яму было на той час 36 гадоў. Як толькі я з сястрой паступілі ў Лідскае педвучылішча, то адразу яны згулялі вяселле, нягледзячы на тое што мама была на два гады старэйшая за яго. Паходзіў ён з беднай сям’і, як у той час казалі, малазямельнай. А ў маці, Марыі Кажэнік, зямлі хапала (мой бацька Пётр меў сад на 120 дрэў, але палова яго ў 1940 годзе вымерзла). Паколькі ён быў халасцяк і сваіх дзяцей не меў, то мы для яго лічыліся роднымі. Нас ён вельмі добра даглядаў, адным словам, не крыўдзіў, заўсёды дастаўляў нам у інтэрнат (што па вул. Кірава – насупраць СШ №1) малако, сыр, масла. А мы за гэта яму куплялі хлеб і перадавалі дахаты, бо ў вёсцы было праблематычна яго набыць.
У памяці Яніны Пятроўны захаваўся ўспамін, калі яна ў 1961 годзе, паехаўшы ў Гродна на курсы павышэння кваліфікацыі, купіла для айчыма новенькі кларнет. Радасці ад такой нечаканай пакупкі ў музыкі не было межаў, паколькі стары музычны інструмент прыходзіў у нягоднасць. Сваім чароўным іграннем ён прыцягваў у іхнюю хату нават мясцовых кіраўнікоў, бо паважалі Белавокага за культурнасць і гасціннасць. Памятае суразмоўца, што ў гасцях былі рэдактар газеты “Уперад” Арон Лейбавіч Гарэлік, старшыня гудскага калгаса “Радзіма” Валянцін Аляксеевіч Дзямідаў і іншыя кіраўнікі.
Жыццё Міхаіла Іванавіча Белавокага спынілася на 70-м годзе. Магіла народнага музыкі размяшчаецца на Жырмунскіх могілках.
Ля магілы айчыма ў Жырмунах пасля пахавання маці (фота 1994 года).
– Але ж аб ім помняць людзі, – кажа Яніна Сняжко, – бо некаторыя вершы засталіся ў народзе. Нават дзякуючы Юзэфу Кардашу, які занатаваў у сваёй кнізе ўспаміны, любы ахвотны можа знайсці сярод іх і верш майго айчыма, які нібыта і сёння звяртаецца да народа і прываблівае чытача сваёй загадкавасцю:
Яшчэ не бачыў свет шырокі, што вам скажа Белавокіі пра вас, і пра нас, і пра гудаўскі калгас.На пясках ляжаць Сарокі*,кругом вёскі – ядлаўцы.Жыве ў вёсцы Белавокі,у ядлаўцах жывуць зайцы…
* Сарокі – вёска ў Лідскім раёне, якая размяшчаецца паміж Вялікім Сялом і Гудамі.
А мне застаецца задаць пытанне чытачам: можа, і ў вашых вёсках жылі ці, яшчэ лепш, жывуць такія народныя самародкі?
Чакаем пісьмаў, фотаздымкаў (з адваротнай сувяззю адрасата). Можна дасылаць у рэдакцыю, у Лідскі гісторыка-мастацкі музей або на электронную пошту aleshitrun@mail.ru.