Выстава памяці мітрапаліта Філарэта і Валянціны Мінскай адкрылася ў лідскім музеі

17 Февраля 2023 1554

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі ў гэтыя дні унікальная падзея: працуе выстава па выніках VI Міжнароднага мастацкага пленэра «Святасць зямлі беларускай, прысвечаная памяці першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта і блажэннай Валянціны Мінскай.

 Урачыстае адкрыццё яе наведалі епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, дэпутаты, лідчане, прыхільнікі выяўленчага мастацтва і, што вельмі радуе, – дзеці, навучэнцы гімназіі г. Ліды.

Экспазіцыя падрыхтавана па выніках пленэра, у якім прымалі ўдзел такія вядомыя беларускія мастакі, як Віктар Барабанцаў, Аляксандр Грышкевіч, Уладзімір Злянко, Васіль Зянько, Анатоль і Глеб Отчык, Вольга Рэднікіна, Ігар Гардзіёнак, Кацярына Ермакова. Сваё мастацкае слова сказалі таксама і замежныя мастакі: Юрый Язан з Малдовы, Кацярына Раманава, Вадзім Салаўёў і Павел Зелянецкі з Расіі. Майстроў аб’яднала жаданне перадаць на палатне той дзіўны вобраз добрага пастыра, які на шляху служэння явіў усім уладыка Філарэт.

Мітрапаліт Філарэт (Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў) – адзін з тых, хто сваёй падзвіжніцкай дзейнасцю аб'ядноўваў і зараз працягвае аб'ядноўваць беларускі народ, абапіраючыся на сапраўдныя духоўныя, культурныя, патрыятычныя і маральныя каштоўнасці. Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо два гады з дня адыходу яго ў вечнасць, партрэт асобы гэтага чалавека праяўляецца ўсё ярчэй і шматгранней.

–  Многія называюць уладыку Філарэта апосталам Беларусі, – адзначыў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. – З ім звязана адраджэнне духоўнага жыцця ў нашай краіне, будаўніцтва храмаў. Ён быў дыпламатам, багасловам, міласцівым айцом… Мае асабістыя ўспаміны: калі я з’яўляўся яшчэ паслушнікам манастыра, прыезд мітрапаліта – гэта заўсёды была падзея. Асабліва ўражвала богаслужэнне – велічнае і вельмі глыбокае. Гэта быў чалавек, які прадстаіць перад Богам.

– Вельмі добра, што наша грамадства перажывае не толькі культурнае, але і духоўнае развіццё, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. – Дадзеная выстава расказвае аб людзях, якія былі нашымі сучаснікамі. Часам мы думаем, што такія людзі дзесьці далёка. Але яны побач, гэта малітвенікі Беларусі. Хочацца сказаць аб многіх добрых справах уладыкі Філарэта дзеля Беларусі. Сам будучы рускім чалавекам, ён з вялікай павагай адносіўся да людзей, якія жывуць на нашай зямлі, іх традыцый, менталітэту, культуры. Шмат зрабіў, каб яны жылі ў міры і былі шчаслівыя.

– Служэнне ўладыкі Філарэта было звязана і непасрэдна з нашым рэгіёнам, – распавёў благачынны Лідскай акругі, протаіерэй Расціслаў Салаўёў. – У Свята-Георгіеўскім храме ім быў падпісаны анцімніс (неабходная прыналежнасць для правядзення богаслужэнняў – аўт.). Гэта было адной з першых яго спраў на пасадзе Патрыяршага Экзарха: у кастрычніку уладыка заступіў на беларускую кафедру, а ўжо ў лістападзе быў у Лідзе. Акрамя таго, 25 год таму назад мітрапалітам Філарэтам быў асвечаны Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор. У новых мікрараёнах Ліды па яго благаславенню адкрываліся прыходы. Апошні візіт у Ліду быў у 2011 годзе, падчас кананізацыі свяшчэннапакутніка Кіпрыяна.

Арганічным дапаўненнем выставы сталі фотаработы, якія адлюстроўваюць зямны шлях мітрапаліта Філарэта. У ліку аўтараў – беларускія фотамастакі Аксана Кнаус, Аляксандр Мізей, Таццяна Амеліна, Андрэй Пугач і Леанід Шчаглоў.

У рамках экспазіцыі таксама прадстаўлены матэрыялы выстаўкі “Блажэнная Валянціна Мінская. Духоўная заступніца зямлі беларускай». Мітрапаліт Філарэт шанаваў блажэнную Валянціну, яе кананізацыя адбылася пры садзейнічанні архіпастыра. І тое, што выставы аб'яднаны ў адной экспазіцыі – глыбока сімвалічна.

Арганізатарамі праекта выступілі Беларуская Праваслаўная Царква, Міністэрства культуры Беларусі, ГА "Беларускі саюз мастакоў", ГА "Беларускі саюз жанчын", ГА "Беларускі саюз журналістаў", ТАА "БелінжынірынгбудІнвест".

Выстава працягнецца да 19 сакавіка, яе можна наведаць у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі па вул. Перамогі, 37а, з 9.00 да 18.00, штодня, акрамя панядзелка, тэл. 62-24-32.






















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться