Куток казак у Лiдскiм літаратурным музеі

17 Февраля 2023 1204
8 лютага, у чарговую гадавіну з дня нараджэння заходнебеларускага паэта Валянціна Таўлая, у Доме паэта па вуліцы Замкавай адкрылася новая экспазіцыя – “А пачнём мы казку так…” На два з паловай месяцы яна стала месцам прыцягнення для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, кутком казак у Доме-музеі паэта. 

Калектыў Дома Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея традыцыйна адзначае дзень нараджэння Валянціна Таўлая. У мінулым годзе да гэтай даты была прымеркавана выстава “Вераб’іная праСТОра” (яна ж была прымеркавана і да 100-годдзя з дня напісання першага верша Валянціна Таўлая “Верабейкі”, які паэт напісаў у васьмігадовым узросце ў Лідзе). На гэты раз музейшчыкі зноў звярнуліся да дзяцінства паэта. 

Вядома, што Валянцін рана асірацеў (яго мамы не стала, калі хлопчыку было шэсць гадкоў), – расказвае куратар Дома Валянціна Таўлая, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун. – Гадавала яго і брата Сашу бабуля Аўдоцця – маці бацькі паэта Паўла Дзям’янавіча. Пазней унук напісаў пра яе так: “Гэта – звычайная вясковая жанчына. Даволі доўгае прабыванне ў гарадах не адбілася ні на яе мове, ні на вопратцы, ні на звычаях і абыходжанні. Зусім непісьменная. Бясконца працавітая і цярплівая. Невычарпальная крыніца народных казак”. Па вечарах яна расказвала Валю і яго малодшаму брату Сашу казкі. Вось ад каго Валянцін Таўлай пераняў народную мудрасць! І гэтую павагу да фальклору, любоў да роднай зямлі, роднай мовы ён пранёс праз усё жыццё. У паэтычным багажы Валянціна Таўлая ёсць і вершы для дзяцей, напрыклад, “Бабуля і ўнучка”. Адзін з вершаў ён прысвяціў сваёй сястрычцы Ніне. Называецца гэты верш “Дзяўчынка-свінка”, а чарнавая назва яго – “Я Ніночку-малышу гэткі вершык напішу”. 

У падрыхтоўцы экспазіцыі “А пачнём мы казку так…”, як і ў падрыхтоўцы леташняй выставы “Вераб’іная праСТОра”, работнікам Дома Валянціна Таўлая дапамаглі вучні Лідскай дзіцячай мастацкай школы. Малюнкі, створаныя імі па матывах беларускіх народных казак, сталі асновай экспазіцыі. У выставачнай зале таксама прадстаўлены кнігі беларускіх народных казак, асобныя прадметы, пра якія згадваецца ў іх і якія амаль выйшлі з ужытку. Экспазіцыя “А пачнём мы казку так…” будзе дзейнічаць да канца красавіка і стане цікавай і пазнавальнай для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. 

А першымі наведвальнікамі экспазіцыі сталі ў мінулую сераду выхаванцы ясляў-садка №9 і іх выхавальніцы. Наведаўшы выставачную залу Дома Валянціна Таўлая, яны нібы пабывалі ў свеце беларускіх народных казак і даведаліся шмат новага з аповедаў работніцы Дома-музея Ганны Драб (яна выступіла ў ролі казачніцы) і яго куратара Алеся Хітруна. 

Дзеці паслухалі казкі пра тое, як з’явіліся буслы, чаму барсук і ліса жывуць у норах, пра Алёнку-Крапіўніцу, пеўня і некаторыя іншыя, убачылі сярод экспанатаў атрыбуты Бабы-Ягі: мятлу, ступу і кошык з зёлкамі. Але галоўным героем экспазіцыі стаў хлеб, пра які складзена многа казак. Ёсць тут і прадметы сялянскага побыту, а таксама нават меч, скрыпка, дудка – усё гэта згадваецца ў казках. Дзякуючы экспанатам казкі быццам ажылі, дзеці змаглі дакрануцца да іх. 

На заканчэнне дашкаляты паглядзелі і паслухалі відэааповеды казак “Як курачка пеўніка ратавала”, “Курка Рабка”, а на памяць аб наведванні экспазіцыі атрымалі размалёўкі на тэму беларускіх народных казак.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться