У кожнага мястэчка ёсць, куды душа імкнецца
На Лідчыне працягваецца цыкл святаў вёсак. На гэты раз я пабывала ў вёсцы Парачаны Тарноўскага сельсавета.
Забягаючы наперад, хачу заўважыць: можа каму здаецца, што мае матэрыялы пра гэтыя святы занадта пазітыўныя або ідэалізаваныя. Таму скептыкам адкажу адразу: я наведваю святы, дзе людзі весяляцца, з задавальненнем назіраю за імі і імкнуся разгледзець у кожным з іх індывідуальнасць, распытаць пра жыццё, захапленні, і, калі яны пажадаюць, расказаць пра гэта на старонках “Лідскай газеты”. Так будзе і на гэты раз, і надалей.
Калі гладзець на карце, дзе знаходзяцца Парачаны, а потым павялічыць масштаб, каб убачыць вясковыя вуліцы, можна адразу зразумець, што першыя здагадкі пра паходжанне назвы вёскі становяцца апошнімі, таму што яна ідзе ўздоўж ракі Дзітвы, “па рэчцы”. Відавочна, менавіта таму ў гэты сельскі населены пункт ніколі “не зарасце народная сцежка”.
Свята ладзілася на зялёным і ўтульным падворку Пятра Казіміравіча і Марыны Генадзьеўны Кудлаў. У час гутаркі аказалася, што менавіта адсюль, з Парачан, радавыя карані гаспадыні. Тут жылі Марыніны бабуля з дзядулем, бацькі, тут нарадзілася яна. І хоць пражывае ў Лідзе, бацькоўскую хату зберагае як самую дарагую каштоўнасць, бо іменна тут лепш за ўсё адпачываецца і аднаўляюцца сілы. Больш таго, яна заўважыла, што назірае такую тэндэнцыю і ў іншых аднавяскоўцаў: хто працаваў у Лідзе ці яшчэ дзе і дачакаўся пенсіі з задавальненнем вяртаецца на сваю малую радзіму. Да іх на лета, выхадныя і святы з’язджаюцца дзеці і ўнукі.
Тут жа словы жанчыны падмацавала песня, якая прагучала ў выкананні артыстаў гурта "Славянскі сувенір" Тарноўскага дома культуры (яны ўвесь вечар трымалі святочны настрой) з імправізаванай сцэны пад яблынькай: “Не прадаецца хата бацькоў, куток бацькоўскі не прадаецца, туды вяртаюсь я зноў і зноў, дзе адчуваю, як сэрца б′ецца…”.
Між тым на падворак зайшла прыемная сціплая жанчына ў гадах. Крыху пачакаўшы, пакуль яна павітаецца з аднавяскоўцамі, абмяняецца з імі навінамі, падсела да яе, каб пазнаёміцца. Вось што паведаміла пра сябе Марыя Ўладзіміраўна Раманка:
- Нарадзілася я ў 1929 годзе тут, у Парачанах. Працавала на будоўлі, у калгасе даяркай, звеннявой… Шмат дзе! Зараз жыву адна. Зусім. Бо сын і дачка, на жаль, памерлі.
Я назірала за Марыяй Уладзіміраўнай, за яе спакойнымі, годнымі рухамі, як яна рэагавала на ўсё, што адбываецца навокал, і ў чарговы раз з захапленнем і вялікай павагай падумала пра ТОЕ САМАЕ пакаленне людзей, якія перажылі акупацыю і здзекі захопнікаў, працавалі, у прамым сэнсе слова, не пакладаючы рук і нават не ведаючы, што такое выхадныя, дзеля таго, каб аднавіць нашу краіну ад разбурэння, накарміць сваю сям’ю і тых, хто працаваў на прамысловасці, вучыў і лячыў…
Мае разважанні перарвала запрашэнне на сцэну жыхаркі Парачан, як самай… чытаючай, самай частай наведвальніцы Тарноўскай бібліятэкі. Ёю аказалася Валянціна Аляксееўна Каспорская. Канешне, людзі чытаюць кнігі і сёння, але пагадзіцеся, не ў такіх масштабах, як гэта было гадоў сорак назад. Таму я паспяшалася пазнаёміцца з гэтай жанчынай, якая ўжо набліжалася да свайго месца ў “глядзельнай зале” побач з вінаградам, несучы ў руках падарунак (здагадайцеся, які!) і стосік чарговых кніг з бібліятэкі, які перадалі яе супрацоўнікі, скарыстаўшыся зручным выпадкам.
-- Валянціна Аляксееўна, а пра што больш за ўсе падабаецца чытаць?, - пытаюся.
-- Шчыра кажучы, пра ўсё: ад гістарычных – да прыгодніцкіх і любоўных раманаў. Прычым, у мяне такі характар, што незалежна ад таго, спадабалася мне кніга або не, абавязкова дачытаю яе да канца. Летам, канешне, меней чытаю, толькі перад сном, а вось узімку больш часу на любімы занятак. Муж раней таксама любіў бавіць час з кніжкай, але цяпер, на жаль, зрок не дазваляе…
-- А ўслых яму не чытаеце?
-- Не, не люблю так чытаць.
-- А чым яшчэ захапляецеся?
-- Вельмі люблю вязаць, асабліва кручком, сурвэткі, абрусы, пакрывалы… Яшчэ люблю вышываць, праўда, толькі крыжыкам.
Між іншым, Валянціна Аляксееўна аказалася не адзінай рукадзельніцай на тым свяце. Гаспадыня падворка, дзе яно адбывалася, Марына Генадзьеўна, таксама захаплаецца вязаннем і вышыўкай. Нават святочная зона была аздоблена некаторымі з яе вырабаў.
У самы разгар свята на падворак зайшлі хлапчук з дзяўчынкай. Так, як яны стаялі разам, перакідваліся паміж сабой нейкімі фразамі -- стала зразумела, што яны не чужыя адзін другому. Так і аказалася: дваюрадныя брат і сястра Яўген Шчапук і Маргарыта Банцэвіч. Жывуць яны ў Лідзе, вучацца ў пятнаццатай і трынаццатай школах адпаведна. А сюды прыязджаюць ў госці.
-- Нам вельмі тут падабаецца! Прыгожая прырода, побач рэчка, – падзяліўся сваімі ўражаннямі Яўген.
Між тым на сцэну за падарункамі выклікалі тых, хто сёлета святкуюць юбілеі стварэння сваіх сем’яў. Гэта былі Анатоль Фёдаравіч і Яўгенія Аляксандраўна Міхно (срэбранае вяселле), Іван Сцяпанавіч і Гэлена Аляксандраўна Букшы (каралавае вяселле) і Анатоль Яўгенавіч і Галіна Альфрэдаўна Банцэвічы (жамчужнае вяселле). Пагадзіцеся, сёння тыя, хто, нягледзечы на выпрабаванні бытам, асаблівасці характараў, поруч ідуць па жыцці столькі год, сапраўды годныя самых шчырых віншаванняў.
Дарэчы, усім удзельнікам свята, каго запрашалі з той ці іншай нагоды на сцэну, падарункі ўручаліся ад імя Тарноўскага ДК.
Старшыня Тарноўскага сельвыканкама Валянцін Сцяпанавіч Астравец (таксама родам з гэтых мясцін) у сваёй прамове адзначыў сэнсавую паслядоўнаць назвы сёлетняга года – год гістарычнай памяці, які стаў прадаўжальнікам годоў малой радзімы. На яго думку, гэта ўсё непарыўна звязана, бо менавіта памяць пра свае радавыя карані дазваляе захаваць гістарычную памяць.
Таксама Валянцін Сцяпанавіч скарыстаўся момантам напомніць землякам, што лета хутка скончыцца, пачнецца ацяпляльны сезон. Таму ўжо сёння трэба паклапаціцца пра асабістую бяспеку: як мінімум прачысціць дымаходы, адрамантаваць печкі, уважліва аднесціся да рэкамендацый агляднай камісіі.
Пакуль удзельнікі свята ўдзячна рэагавалі на чарговае музычнае віншаванне ад тарноўскіх культработнікаў (за ўвесь вечар не прапусцілі ніводнага танца), я падсела да адной з жанчын, якая знаходзілася крыху ў старонцы, з замілаваннем і задавальненнем назірала за танцорамі. Пазнаёміліся. Аказалася, што Валянціна Віктараўна Сілько (так яе клічуць) таксама родам з Парачанаў, адгэтуль і яе тата, а мама – родам з суседняй вёскі -- Хадзюкоў. Сама яна некалі працавала начальнікам чыгуначнай станцыі Парачаны. Зараз на пенсіі. На пытанне, чым цяпер займаецца, з усмешкай адказала, што атрымлівае ад таго, што мае: адпачынак і няспешную працу ў агародзе (мае две цяпліцы!), клопаты пра курэй, сабачку, кошку…
Тым часам свята набірала абароты: да дарослых танцораў далучыліся дзеці, якія ўжо перасталі саромецца. Маю ўвагу прыцягнула маленькая танцорка, якая сядзела ў мамы на руках. Гэта была Палінка Сталярэўская, якая прыйшла сюды не толькі са сваёй матуляй Наталляй, але і з брацікам Аляксеем і бабуляй Святланай Міхайлаўнай Емельянчык. Даведалася ў іх, што яны таксама адсюль родам. Наталля разам са сваёй сям’ёй зараз жыве ў Лідзе, але ў вольны час прыязджае сюды да сваёй матулі, якая жыве ў хаце сваіх бацькоў...
Такім чынам, кола замкнулася. Я ізноў прыйшла да таго, з чаго пачала свой аповед – пра месца бацькоўскай хаты ў нашым жыцці …
І хоць на мерапрыемстве таксама прысутнічала шмат людзей, якія выкупілі нечыя бацькоўскія хаты пад дачы, іх (і іхніх гасцей) карэнныя жыхары прымалі, як сваіх. Бо дзякуючы ім гэтыя хаты “жывуць”, напаўняюцца людскім смехам, становяцца добрым прытулкам для адпачынку ад спраў надзённых…
Афіцыйная частка свята скончылася агульным карагодам – сакральным сімвалам жыцця. Далей пачалася дыскатэка. А я, развітаўшыся з парачанцамі, вярталася дахаты з адчуваннем, што еду з гасцей ад сваіх бабуль і дзядуль, якія, на жаль, даўно адышлі ў іншы свет. І ў чарговы раз думала пра тое, колькі вакол нас шмат шчырых, добрых людзей. Каб заўважыць іх, трэба проста зазірнуць у вочы суразмоўцу і ўсміхнуцца яму.