Выхаванцы Лідскай дзіцячай школы мастацтваў сталі лаўрэатамі творчага конкурса ў Пекіне
07 Декабря 2020
986
Штогод на музычным небасхіле лідскай зямлі запальваюцца новыя зорачкі. Таленавітыя выхаванцы ўстановы адукацыі – неаднаразовыя прызёры і пераможцы розных конкурсаў, у тым ліку міжнародных. І цяпер яны зноў гучна заявілі аб сабе. Усяго з пачатку навучальнага года юныя таленты прынялі ўдзел у дванаццаці міжнародных конкурсах. Вынік – шэсцьдзясят дзве высокія ўзнагароды.
– Пандэмія прымусіла перабудаваць працу нашага калектыву, перагледзець творчыя планы, але не адмовіцца ад іх цалкам, – расказвае дырэктар Лідскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Спірына. – З пачаткам новага навучальнага года, калі мы сустрэлі нашых дзяцей, пачалі актыўна паўтараць пройдзеную праграму, а ўжо з кастрычніка – удзельнічаць у розных конкурсах. Але некаторым грандыёзным планам спраўдзіцца ўсё ж было не наканавана. Штогод гасцінная лідская зямля збірала юных музыкантаў, вакалістаў, харэографаў, аматараў тэатральнай творчасці з усіх куткоў Беларусі і краін-суседзяў на Рэспубліканскі фестываль-конкурс «ЛьВёнок». Гэта было сапраўднае свята песні, танца, музыкі. Але, на жаль, у цяперашнім сезоне правесці яго не ўдалося.
– Алена Мікалаеўна, вы сказалі, што перагледзелі творчыя планы, але не адмовіліся ад іх цалкам. Аб удзеле ў конкурсах хацелася б пачуць больш. Як цяпер будуецца праца ў гэтым накірунку?
– Пакуль толькі дыстанцыйна. І будзем працягваць рабіць гэта далей. Проста ўзяць і адмовіцца ад удзелу ў конкурсах мы не можам. Нашым дзецям вельмі важна атрымаць ацэнку сваёй працы не толькі з боку сваіх педагогаў, але і з боку членаў журы, прафесіяналаў найвышэйшага ўзроўню. Кожнае дзіця спадзяецца праявіць сябе. Дзеля чаго тады ўдзельнічаць у конкурсах? Падобныя мерапрыемствы праводзяцца для таго, каб дзеці не толькі паказалі сябе, праявілі свае таленты, але і атрымалі творчае задавальненне.
– Чула, што нашы таленты ўжо паспелі заявіць аб сабе, прычым вельмі гучна.
– У верасні выхаванцы школы сталі ўдзельнікамі адкрытага абласнога дабрачыннага конкурсу дзіцячай і моладзевай творчасці «Галасы свету». У выніку званне лаўрэата – у скарбонцы перамог. У кастрычніку ўзорны ансамбль танца «Забавушка» гучна заявіў аб сабе на міжнародным фестывалі дзіцячых музычных калектываў «Свет зрабіўся добрым» у Мінску, і літаральна на днях вярнуўся з перамогай з V Міжнароднага конкурсу мастацтваў «Крыштальны васілёк», які праводзіцца пры падтрымцы грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз музычных дзеячаў», аркестр баяністаў і акардэаністаў. Наш калектыў атрымаў званне лаўрэата першай ступені і вельмі ганарыцца гэтым. Старшынёй журы быў Аляксандр Леанідавіч Карацееў, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры духавой музыкі, які за гады працы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў падрыхтаваў нямала знакамітых музыкантаў. Калектыў прыехаў вельмі натхнёны, а кіраўніка ансамбля Інэсу Чыркову дагэтуль віншуюць калегі з усёй рэспублікі.
– Ведаю, што вашы выхаванцы ўразілі журы і ў далёкім Пекіне…
– Кажуць, што вяршыні пакараюцца тым, хто да іх ідзе. Мы сапраўды вырашылі заявіць аб сабе на музычным алімпе Кітая. Гэта быў Міжнародны фестываль дзіцячай і моладзевай творчасці «Залаты дракон». Склалі заяўку і паслалі яе. Нашаму калектыву было проста цікава, як журы ўспрыме рэпертуар, манеру выканання беларускіх дзяцей. Бо агульнавядома, што ўсходнія і славянскія культуры зусім розныя, кожная з іх індывідуальная, і манера выканання музычных кампазіцый таксама. З гонарам хачу адзначыць, што дзеці выступілі вельмі годна, атрымаўшы званні лаўрэатаў першай і другой ступеней. Цяпер плануем заявіць аб сабе ў Канадзе і Рыме. Заяўкі на ўдзел у конкурсах адпраўленыя.
– Геаграфія ўдзелу ў розных конкурсах будзе пашырацца і далей?
– Безумоўна. Нам важна паказаць свой прафесійны ўзровень, уменні і вакальныя навыкі, тэхніку, артыстызм навучэнцаў школы, данесці іх да аўтарытэтнага журы. Кожны конкурс – гэта новая прыступка, маленькі крок наперад, здольны ажыццявіць мары дзяцей. Незалежна ад узнагарод, падобная актыўная дзейнасць вызначае далейшую плённую працу, дае штуршок да далейшага развіцця нашых выхаванцаў, узбагачае іх духоўны свет. Хочацца, каб і далей юныя таленты працягвалі ўдасканальвацца, а аб Лідскай дзіцячай школе мастацтваў гаварылі не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі краіны.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.