«МузАльянс» – у пастаянным пошуку новых формаў дзейнасці

29 Марта 2019 1716
У Сусветны дзень паэзіі народнае аматарскае аб’яднанне “МузАльянс” Палаца культуры горада Ліды правяло насычаную літаратурна-музычную праграму з удзелам паэтаў Лідчыны.

Напярэдадні гэтай праграмы, адной з найважнейшых для “МузАльянса”, большасць удзельнікаў якога складаюць на сённяшні дзень менавіта паэты, карэспандэнт “Лідскай газеты” сустрэўся з кіраўніком аб’яднання Васілём Горгулем і распытаў яго аб дзейнасці “МузАльянса”, яго праектах на бягучы год, якіх, дарэчы, аказалася вельмі шмат. Але аб усім па парадку…

Спачатку нагадаем, што народнае аматарскае аб’яднанне “МузАльянс” – творчы саюз таленавітых людзей Лідчыны з мэтай прапаганды і папулярызацыі творчасці мясцовых музыкантаў, паэтаў, кампазітараў, мастакоў у розных формах клубнай дзейнасці, а таксама дапамогі маладым аўтарам у самавыяўленні і самарэалізацыі. Аматарскае аб’яднанне пачало сваю дзейнасць у 1995 годзе (ініцыятарам і заснавальнікам яго быў кампазітар Вячаслаў Пыпець), званне “народнае” атрымала ў 2008-м. З лютага 2018 года “МузАльянс” узначальвае Васіль Канстанцінавіч Горгуль.

– На дадзены момант, – пачаў нашу гутарку Васіль Канстанцінавіч, – большасць удзельнікаў нашага аб’яднання – лідскія паэты, якія гатовыя знаёміць са сваёй творчасцю вялікую аўдыторыю прыхільнікаў аматарскай паэзіі. Мы прыцягваем у свае шэрагі таксама выканаўцаў, якія працуюць у песенным жанры і ў жанры мастацкага чытання, мастакоў. Дзякуючы супрацоўніцтву з “МузАльянсам” творчы чалавек можа выйсці са сваімі творамі на шырокую публіку. Формаў гэтага выхаду шмат – гэта творчыя сустрэчы, прэзентацыі аўтараў і кніг, літаратурна-музычныя кампазіцыі, канцэрты, тэматычныя праграмы.

– За год вашага кіраўніцтва “МузАльянсам” аматарскім аб’яднаннем быў праведзены шэраг мерапрыемстваў. Давайце крыху згадаем аб іх…

– Так, мерапрыемстваў у нас за апошні год было шмат. Сярод іх – літаратурна-музычная кампазіцыя ў рамках адкрыцця Года малой радзімы, творчы вечар музыканта Ігара Ворана “Вольны вецер”, творчы вечар аўтара-выканаўцы бардаўскай песні Сяргея Герасімовіча. 

Мы практыкуем і такую форму правядзення творчых сустрэч, як літаратурная гасцёўня. У фармаце літаратурнай гасцёўні ў Палацы культуры за апошні год прайшлі сустрэчы з паэтамі Вольгай Верасняк (яна ж часта выступае ў ролі вядучай нашых літаратурных сустрэч), Ганнай Рэлікоўскай, Таццянай Сямёнавай, Уладзімірам Дронавым, Тамарай Гольмант-Каратай, Сяргеем Аўласавым. 
Хачу таксама адзначыць сёлетнюю канцэртную праграму да Міжнароднага дня роднай мовы. Рыхтуючы гэтую праграму, мы пачалі супрацоўнічаць з ансамблем беларускай музыкі “Бравэрка” Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа (кіраўнік ансамбля – Галіна Пушкіна); для чытання вершаў лідскіх паэтаў мы прыцягнулі маладых выканаўцаў з сярэдняй школы № 17 горада Ліды і сярэдняй школы № 2 горада Бярозаўкі, а таксама практыкантаў з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Некаторыя з гэтых маладых людзей самі пішуць вершы – хочам і ў далейшым супрацоўнічаць з імі, а таксама з іншымі маладымі чытальнікамі, тым самым паступова амалоджваючы склад нашага аб’яднання. 

Яшчэ адной новай формай творчых сустрэч “МузАльянса” стаў у мінулым годзе творчы бульвар “Зарапад паэзіі” ля Лідскага замка, плануем выкарыстоўваць гэтую нестандартную форму і сёлета, з надыходам сезона летніх мерапрыемстваў у рамках праекта “Замкавы гасцінец”. 

Удзельнічае наша аматарскае аб’яднанне ў мерапрыемствах, якія праводзіць Палац культуры, разам з іншымі творчымі калектывамі ўстановы. Галоўным чынам гэта канцэртныя праграмы, прымеркаваныя да значных дат.

– З кім супрацоўнічаеце ў сваёй насычанай творчай дзейнасці?

– Мы супрацоўнічаем практычна з усімі калектывамі Палаца культуры, музычным каледжам, некаторымі школамі. Мастак-пастаноўшчык народнага драматычнага тэатра “Ракурс” Алег Лазоўскі часта выступае ў ролі вядучага нашых мерапрыемстваў. А нядаўна да нас далучылася вядучая Наталля Мілер. Работнік Палаца культуры Вольга Іокуш часта дэкламуе вершы нашых паэтаў. Кіраўнік народнага ансамбля скрыпачоў “Славяначка” Аліцыя Казак нярэдка суправаджае чытанне паэтамі вершаў ігрой на скрыпцы. 
Нашы пастаянныя гледачы – удзельніцы аматарскага аб’яднання жанчын-ветэранаў “Вера. Надзея. Любоў”, наведвальнікі клуба вольнага часу і зносін “Адкрытыя сэрцы”, запрашаем іх на ўсе нашы мерапрыемствы. У сваю чаргу, у мерапрыемствах, якія праводзяць названыя аб’яднанні, удзельнічаюць і нашы аўтары-выканаўцы.

– Што ў творчых планах “МузАльянса” на гэты год?

– Будзем працягваць сустрэчы з паэтамі ў фармаце літаратурнай гасцёўні. Бліжэйшыя такія сустрэчы пройдуць з удзелам Ганны Рэлікоўскай, Ірыны Маркевіч, Ірыны Вашкевіч. Запланаваны і сустрэчы, аб’яднаныя якой-небудзь агульнай тэмай: “Среди миров мерцающих светил”, “Пісьменства як шлях адзін да аднаго”, “Ёсць горад на свеце…”. У бліжэйшыя месяцы правядзём творчы вечар музыканта Ігара Ворана, музычна-паэтычную кампазіцыю да Дня Перамогі. Не будуць намі забытыя ў гэтым годзе і такія нетрадыцыйныя формы, як арт-праграма “Мастацтва пад адкрытым небам”, творчы бульвар “Зарапад паэзіі”.

– Увогуле, задумак у нас шмат, – дадае Васіль Канстанцінавіч наконт бліжэйшых планаў. – Мы паступова ідзём да абнаўлення складу нашага аматарскага аб’яднання. Да Дня моладзі мы плануем арганізаваць творчую пляцоўку маладых аўтараў у рамках фестывалю “Моладзевая хваля”. 

Супрацоўнічаем і з мастакамі. Параўнальна нядаўні яркі прыклад такога супрацоўніцтва – выступленне летам мінулага года ля Лідскага замка музыкантаў Аляксандра Блахіна і Алега Дабрыяна, якое адбывалася на фоне выставы карцін Паўла Казака і некаторых іншых лідскіх мастакоў. 

Як бачыце, планаў і ідэй у нас шмат, мы знаходзімся ў пастаянным пошуку новых формаў дзейнасці, новых удзельнікаў і заўсёды адкрытыя для прапаноў.

*  *  *

Літаратурна-музычная кампазіцыя “Паэзія – свет, на-дзелены душой” да Сусветнага дня паэзіі – адно з ключавых мерапрыемстваў для народнага аматарскага аб’яднання “МузАльянс”. Названае мерапрыемства сабрала ў малой зале Палаца культуры аматараў і знатакоў паэзіі, дало яшчэ адну магчымасць выхаду на публіку лідскім творцам, якія з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі “МузАльянса”, паказала разнастайнасць тэм і стыляў рэгіянальнай паэзіі, яе ўдалае спалучэнне з музыкай, стала сапраўдным святам паэзіі.

Аб творчасці і аб каханні, аб Радзіме і аб прыродзе, вершы-роздумы і вершы-прысвячэнні сябрам чыталі са сцэны паэтэсы Вольга Ашмяна-Бічэль, Вольга Верасняк, Ірына Вашкевіч, Ірына Маркевіч, Святлана Мельнікава, Тамара Гольмант-Каратай, Станіслава Белагаловая. У выкананні Алега Лазоўскага, Аліцыі Казак, Васіля Горгуля прагучалі вершы Валерыя Мацулевіча, Алеся Хітруна, Сяргея Аўласава, Ірыны Бараздзіной. Выконвалі песні на свае вершы Людміла Шахлай-Краснадубская і рок-музыкант Віктар Лебядзевіч. 

А яшчэ трэба дадаць, што чытанне асобных вершаў суправаджалася ігрой Аліцыі Казак на скрыпцы, а ў ролі вядучых паэтычнага вечара бліскуча выступілі Алег Лазоўскі і Наталля Мілер.

“МузАльянс” паказаў публіцы самую багатую сваю грань – паэтычную – і гатовы і далей радаваць і здзіўляць гледачоў, ла-дзячы новыя творчыя сустрэчы. А сустрэч гэтых, як бачна з інтэрв’ю з кіраўніком аб’яднання, запланавана на бягучы год шмат.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться