Участкі для галасавання гатовыя прыняць выбаршчыкаў

02 Августа 2020 584
Рашэннем Лідскага райвыканкама на падставе артыкулаў 17, 18 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і па ўзгадненні з Лідскай раённай выбарчай камісіяй па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі раёна ўтвораны 74 участкі для галасавання. На сённяшні дзень участкі ўжо  гатовыя прыняць выбаршчыкаў.

Памяшканне для галасавання ўчастка для галасавання №60 знаходзіцца ў філіяле «Тарноўскі Дом культуры» дзяржаўнай установы «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». Колькасць выбаршчыкаў, якія пражываюць у населеных пунктах, што ўстаноўленыя межамі ўчастка (а гэта Тарнова, Парачаны, Бабоўцы, Мохавічы, Белагруда, Гарняты, Дубчаны),  601 чалавек.
Сакратар участковай выбарчай камісіі Ларыса Дзячканец азнаёміла журналіста «Лідскай газеты» з абсталяваннем памяшкання, дзе пройдзе галасаванне.

На ўчастку  ўсталяваныя дзве кабінкі для галасавання. Аформлены інфармацыйны стэнд: можна азнаёміцца з інфармацыяй аб кандыдатах у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Маецца куток маладога выбаршчыка. Дарэчы, пяць  выбаршчыкаў будуць галасаваць упершыню. На бачным месцы размешчаны і заканадаўчыя акты: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, пастановы ЦВК аб прызначэнні выбараў Прэзідэнта краіны. Тут жа знаходзяцца рашэнні Лідскага райвыканкама аб утварэнні ўчасткаў для галасавання і аб утварэнні ўчастковых выбарчых камісій.

– Маецца скрыня для датэрміновага галасавання. Пакуль яна запячатана. Адкрыем яе ў прысутнасці членаў выбарчай камісіі перад самым пачаткам датэрміновага галасавання, – кажа Ларыса Іосіфаўна. – Хачу нагадаць, што датэрміновае галасаванне пройдзе з 4  па 8 жніўня з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін.  Час галасавання ў асноўны дзень, 9 жніўня, – з 8 да 20 гадзін.

– Нягледзячы на тое што каранавірусная інфекцыя адступае, вырашана, што лішняя санітарная бяспека на ўчастках падчас галасавання не перашкодзіць, – адзначае суразмоўніца. – Таму, як і патрабуецца, для нашага ўчастка, дзе пройдзе галасаванне, мы закупілі сродкі індывідуальнай аховы: маскі, дэзсродкі і пальчаткі.   Выбаршчыкам рэкамендавана карыстацца на ўчастках для галасавання ахоўнымі маскамі.

Яшчэ адзін немалаважны момант. Тыя з выбаршчыкаў, хто не мае магчымасці прыбыць на ўчастак, каб выказаць сваё волевыяўленне, маюць права звярнуцца ў выбарчую камісію з просьбай зрабіць гэта дома. Такія звароты будуць зарэгістраваны, і ў асноўны дзень галасавання члены ўчастковай камісіі накіруюцца па ўказаных адрасах.

Як і ўсе іншыя ўчастковыя выбарчыя камісіі, участковая выбарчая камісія №60 Лідскага раёна загадзя падрыхтавала спісы сваіх выбаршчыкаў. Але кожнаму выбаршчыку забяспечана магчымасць праверыць даныя аб сабе. Для гэтага, як вядома, з 24 ліпеня было ўстаноўлена дзяжурства ўчастковых камісій на ўчастках для галасавання.

 – Звычайна ў дзень выбараў участковыя выбарчыя камісіі імкнуцца забяспечыць на сваіх участках святочную атмасферу. Мы не выключэнне. На нашым участку перад выбаршчыкамі музычную праграму прадставяць работнікі Тарноўскага Дома культуры. Аб гэтым ужо ёсць дамоўленасць, – дадала да сказанага Ларыса Іосіфаўна.   

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться