Нясі, вада, вянок на той беражок: у Лідзе адзначылі свята Івана Купалы (фота)
Вянкі з палявых кветак, песні і масавыя карагоды, ачышчальны агонь вогнішча – шматгадзіннае свята па матывах абрадаў купальскай ночы прайшло каля сцен Лідскага замка. У гэтым годзе яно ў чарговы раз пацвердзіла статус самага вясёлага, а таму – і самага народнага мерапрыемства. Сотні людзей сабраліся, каб прыняць удзел у розных таямнічых абрадах і забавах. А іх арганізатары падрыхтавалі ўдосталь і на любы густ.
– Па-першае, мы стварылі сапраўдную купальскую вандроўку, якая размясцілася ўздоўж сцяны замка, – распавяла метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш. – Па-другое, аформілі фотазону – гэта ўпершыню. У цэлым стараемся захоўваць звычаі продкаў, наколькі гэта, вядома, магчыма ва ўмовах горада. Напрыклад, пошук папараць-кветкі. Нягледзячы на настойлівыя запэўніванні некаторых, што ніхто не бачыў, як яна цвіце, у Купальскую ноч людзі ўсё роўна шукаюць папараць, верачы, што цуды бываюць.
Згодна таксама з традыцыямі свята, мужчыны змаглі паспрабаваць сябе ў сіле і спрыту. Дзеці – прыняць удзел у тэматычных конкурсах, пагуляць у дзіцячай зоне і проста весела павесяліцца на траве. Але самыя галоўныя купальскія варажбы і рытуалы чакалі, канешне, дзяўчат. Яны варажылі на нарачонага, чаравалі над зеллем любові і дастатку. Аднак вянкі не плялі, а куплялі ўжо гатовымі – у сачасным свеце падыход да гэтага звычая таксама сучасны. Добра, што на свяце было дастаткова раённых устаноў культуры, якія непасрэдна на месцы плялі кветкавыя “кароны”.
– У прошлым годзе выраб аднаго вянка займаў прыкладна паўтары хвіліны, а цяпер за тры ледзь спраўляюся, – распавёў культарганізатар Бердаўскага цэнтра вольнага часу і культуры Мікалай Сакалоў. – Можа навыкі за год страціў, можа расліны за час засухі перасохлі настолькі, што складана паддаюцца пляценню. Хаця, па праўдзе кажучы, прычына ў іншым: на свяце столькі прыгожых дзяўчат, што складана сканцэнтравацца! Адцягваюць увагу! (смяецца)
Аднак Купалле – гэта не толькі вянкі, вогнішча, карагоды, папараць-кветка. Гэта яшчэ і асаблівая атмасфера, прыемныя, вясёлыя людзі вакол, забіяцкі смех і, вядома, добры настрой. Яго, дарэчы, увесь вечар падтрымлівалі аматарскія калектывы і артысты раёну, а таксама запрошаныя госці з Клайпеды.
…Да канца вечара ўсе былі шчаслівыя і добра стомленыя. Але спаць ніхто не пайшоў: за працягам свята ўсе адправіліся ў Лідскі замак, дзе праходзіла супердыскатэка 80-90-х гадоў.
***