Праз цені тэатра ўбачыць скарбы мінулага

12 Августа 2022 2204

Вось амаль ужо год у  Лідскім гісторыка-мастацкім музеі дзейнічае атмасферна-этнаграфічная гасцёўня “Час. Традыцыі. Вобразы”, стылізаваная пад інтэр’ер старадаўняй сялянскай хаты.


З тым, як жылі ў такой хаце нашы далёкія продкі, з іх традыцыямі і абрадамі праз шэраг музейна-педагагічных заняткаў, якія праходзяць у гасцёўні, знаёміць юных наведвальнікаў яе гаспадыня – Ірэна Клімовіч, навуковы супрацоўнік установы. Адзін з такіх заняткаў, “Згадкі з беларускай хаткі”, праводзіцца сёлета падчас летніх канікул. Калі, як не летам, гарадскім школьнікам самы час наведаць “вясковую хату”? І дзеці з прышкольных лагераў прыходзяць сёння сюды, знаёмяцца з сялянскім побытам нашых продкаў – у межах сучаснага горада, у ХХІ стагоддзі… Прыходзяць нават малыя з падрыхтоўчых груп. Вось і на днях удзельнікамі музейна-педагагічнага занятка “Згадкі з беларускай хаткі” сталі дзеткі з падрыхтоўчай групы сярэдняй школы №6. Яшчэ ў дзіцячым садку яны атрымалі першае ўяўленне пра старажытны сялянскі побыт. 

Знаёмства дзяцей з сялянскай хатай пачалося з аповеду Ірэны Клімовіч пра будаўніцтва гэтай самай хаты. Калі рыхтавалі бярвёны для будаўніцтва? Калі вялося само будаўніцтва? Як выбіралі месца пад будучую хату? З дапамогай якіх прылад будавалі яе талакой? Пра ўсё гэта хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся з яе цікавага і пазнавальнага аповеду. 

І вось хата ўзведзена, гатова прыняць сваіх насельнікаў. Але спачатку са старога жытла ў новае ўносілі хлебную дзяжу і ставілі на покуці, хлеб-соль клалі на стол. Каб “ажывіць” новую печ, пераносілі вуголле са старой. Не забываліся паклікаць са свайго былога жытла і Дамавіка, якога “неслі” ў старым лапці. Верылі, што ён паселіцца ў падпечку і будзе сачыць за парадкам на новым месцы жыхарства. 

У тэатры ценяў, які ўжо стаў неад’емнай часткай атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні, дзецям быў паказаны спектакль-казка “Жывая печ”. І сапраўды, печ нашы продкі лічылі жывой, населенай рознымі міфічнымі істотамі, якія дапамагалі гаспадарам. Акрамя Дамавіка за печчу ці ў пячурцы жыў Пячурнік, у чэраве печы – Агнявік і “дзеці” Агневіка – Вугалькі. Пра функцыю кожнага міфічнага насельніка печы дзеці даведаліся больш падчас спектакля. Ажыўлялі герояў на экране Ірэна Клімовіч і Лілія Леўдаровіч. 

Пасля спектакля хлопчыкам і дзяўчынкам паказалі, як дзейнічае тэатр ценяў, адкуль з’яўляецца цень, і нават далі ім магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі лялькаводаў, што для малых было вельмі цікава – напэўна, не менш, чым сама пастаноўка. 

– Для дзетак з падрыхтоўчых груп занятак робім “аблегчаным”, бо ім яшчэ цяжка ўспрымаць вялікую колькасць інфармацыі, – расказвае карэспандэнту Ірэна Антонаўна. – Старэйшых жа дзяцей мы шырэй знаёмім з інтэр’ерам сялянскай хаты, бо, акрамя печы, яе прастору запаўнялі ложак, калыска, куфар і, канешне ж, стол – цэнтр аб’яднання ўсёй сям’і, які размяшчаўся ў чырвоным куце. Школьнікі таксама даведваюцца пра тое, што елі нашы продкі за сталом, як ставіліся да хлеба, якія лекавыя травы збіралі і нарыхтоўвалі. Такое вось цікавае падарожжа ад печы да стала здзяйсняюць юныя наведвальнікі занятка па прасторы сялянскай хаты. І гэтае падарожжа становіцца яшчэ больш цікавым дзякуючы выкарыстанню тэатра ценяў. 

– Для гэтага тэатра мною распрацавана ўжо пяць спектакляў, – працягвае Ірэна Клімовіч. – Акрамя ўжо згаданай “Жывой печы”, гэта спектаклі-казкі “Хлябок і яго прыгоды” (па матывах вядомага “Калабка”), “Гісторыя жыцця свечак”, “Калядоўшчыкі”, тэатралізаванае суправаджэнне занятка “Вясна-красна на ўвесь свет”. У залежнасці ад тэмы занятка мы паказваем той ці іншы спектакль. Лялек для тэатра ценяў робіць з тоўстай паперы і кардону музейны мастак Ірына Касцюшына. Разам з Ліліяй Леўдаровіч, праводзячы рэпетыцыі спектакляў, па ходзе штосьці мяняем, штосьці дапаўняем. Некаторыя рэплікі герояў казак нечакана нараджаюцца падчас рэпетыцый. 

У планах куратара атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні – правядзенне для школьнікаў майстар-класаў па творчай рабоце тэатра ценяў. Дзецям будзе прапанавана стварыць свой спектакль-казку і выразаць лялек для яго. Магчыма, некаторыя з распрацаваных вучнямі спектакляў будуць выкарыстаны на музейна-педагагічных занятках, узбагаціўшы рэпертуар тэатра ценяў Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться