Ліда адсвяткавала Дзень горада. У каралеўскім замку зноў звінелі мячы і гучала сярэднявечная музыка

02 Августа 2020 812

Замак на гадзіну пагрузіўся ў эпоху рыцараў. На гэты раз толькі на адну гадзіну. Але якую!..

Традыцыйны, брэндавы для нашага горада рыцарскі турнір “Меч Лідскага замка”, арганізаваны Лідскім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці і народнай аматарскай студыяй гістарычнай рэканструкцыі “Dies Magna”, сёлета, па словах яго арганізатараў, быў сціплы, але з густам. На гэты раз мерапрыемства ўключала ў сябе пешыя рыцарскія баі адзін на адзін на розных відах зброі. Удзельнічалі ў баях рыцары толькі з аднаго клуба гістарычнай рэканструкцыі – “Вількамір” (Мінск). Але і ў такіх вузкіх часавых рамках, і пры такой параўнальна невялікай колькасці ўдзельнікаў турнір атрымаўся відовішчным і пакінуў у гледачоў яркія ўражанні ад сустрэчы з эпохай сярэднявечча, якая няхай толькі на гадзіну, але зноў ажыла, зазіхацела ўсімі фарбамі ў двары старажытнага замка, ад сузірання высокага баявога майстэрства і вытрымкі людзей у 20-30-кілаграмовых даспехах той далёкай эпохі.

Адкрываючы турнір, вядучы нагадаў гледачам аб 610-годдзі знакамітай Грунвальдскай бітвы – адной з найвялікшых бітваў сярэднявечча – і прадставіў удзельнікаў турніру ў ролі ўдзельнікаў той бітвы – рыцараў з розных славянскіх і неславянскіх земляў, гатовых прадэманстраваць на рысталішчы сваю байцоўскую доблесць і славу рыцарскай зброі.


Як ужо адзначалася, байцы біліся папарна. Пераможцы ў агульным заліку ў сёлетнім турніры “Меч Лідскага замка” не было. Акрамя мячоў, у двубоях выкарыстоўваліся (на выбар паядыншчыкаў) цяжкія драўляныя паліцы, гібрыды дзіды і сякеры, сялянскія цапы, так званыя маргенштэрны (“ранішнія зоркі” з шыпамі-“прамянямі”) і іншыя віды сярэднявечнай зброі. Удзел у пешым турніры прынялі байцы рознага ўзроўню падрыхтоўкі – ад пачаткоўцаў да вопытных ваяроў з “чэмпіёнскімі” тытуламі. “Пры Грунвальдзе ж таксама біліся ўсе”, – падкрэсліў маршалак турніру. Падымалі баявы дух рыцараў і настройвалі шматлікіх гледачоў на сярэднявечны лад выступленні даўніх сяброў турніру “Меч Лідскага замка” – гурта сярэднявечнай музыкі “Hardwood”. 



Былі ў замкавым двары час і месца і для майстар-класа па сярэднявечных танцах, і для фотасесіі. Жадаючых сфатаграфавацца на памяць з рыцарамі і дамамі, як і жадаючых патанцаваць, сярод гледачоў аказалася мноства. Карэспандэнт жа пасля турніру пагутарыў з сукіраўніком клуба “Вількамір” (ён жа маршалак турніру) Аляксеем Шыраевым.


– Наш клуб, – расказвае Аляксей, – займаецца рэканструкцыяй матэрыяльнай і духоўнай культуры Вялікага княства Літоўскага, а менавіта – атраду князя Жыгімонта Карыбутавіча ў часы Грунвальдскай бітвы, Гусіцкіх войнаў і грамадзянскай вайны ў ВКЛ, г. зн. у адрэзак часу паміж 1410 і 1435 гадамі. Жыгімонт Карыбутавіч – ноўгарад-северскі князь з дынастыі Гедымінавічаў, пляменнік караля Ягайлы, з самых ранніх год быў сапраўдным воінам, “з канца дзіды ўскормленым”. Шаснаццацігадовым юнаком камандаваў харугвай пад Грунвальдам. Але наш клуб носіць назву іншай бітвы – Вількамірскай. Аб гэтай бітве 1435 года мала хто ведае, хоць яна і сыграла вялізную ролю ў лёсе Вялікага княства Літоўскага. Яе зыход вызначыў заходнюю арыентацыю знешняй палітыкі княства, пастаяннае ўмяшальніцтва Польскага каралеўства ў яго ўнутраныя справы і ў далейшым поўнае ўключэнне ВКЛ у склад Рэчы Паспалітай. У той бітве войскі князя Жыгімонта Карыбутавіча пацярпелі паражэнне, але сам князь да канца заставаўся на полі бою, прыкрываючы адыход саюзнікаў. І для нас Вількамір – прыклад гераізму і стойкасці.

– У турніры “Меч Лідскага замка” клуб “Вількамір” удзельнічае ўпершыню?

– Так, клуб удзельнічае ўпершыню, а асабіста я не раз біўся ў сценах вашага замка. Я прымаў удзел у самым першым рыцарскім турніры ў Лідзе ў 2005 годзе. Памятаю, як разам з іншымі хлопцамі штурмаваў драўляную крэпасць. У нас – “ворагаў” – гледачы са сцен кідалі гнілую моркву, тухлыя яйкі (смяецца). Але тады я быў у ролі ворага. А ў жыцці я даўні сябар вашых рыцараў і вельмі люблю ваш Лідскі замак – больш за ўсе замкі ў Беларусі, кажу гэта шчыра. Замак у Лідзе найбольш прыбліжаны да эпохі, якую мы рэканструюем. Наш клуб аб’ехаў усю Беларусь, але Лідскі замак дзякуючы і свайму абліччу, і нейкай асаблівай добразычлівасці, гасціннасці арганізатараў рыцарскіх турніраў у ім – наша любімае месца для выступленняў. Рады прыязджаць сюды яшчэ.





















Еще статьи по теме:

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться