Рамесніца з Ліды на фестывалі «Славянскі базар» у Віцебску прадставіла ўнікальную калекцыю лялек ручной работы

01 Августа 2020 948
Прайсці міма дзіўных тварэнняў наведвальнікі кірмашу не маглі – цікавіліся гісторыяй стварэння калекцыі, фатаграфаваліся з унікальнымі творамі рук майстра. Як заўважыла сама Валянціна Межва, адзінае, чаго не маглі зрабіць уражаныя прыхільнікі, – узяць у лялек аўтограф. Кожная дзівіла не толькі памерамі, але і багатым убраннем, асабістым гардэробам і аксэсуарамі. Сукенкі, арыгінальныя капялюшыкі, кашулі, сумачкі выкананы толькі з натуральнага матэрыялу.

– Самай вялікай папулярнасцю карысталася 96-сантыметровая Васіліна, ці лялька «Хлеб», – апавядае майстрыха. – Зрабіць яе я марыла даўно. І вельмі спяшалася паспець да ліпеня, калі на нашых палях пачынаецца жніво. З даўніх часоў для нашых продкаў пачатак уборкі ўраджаю меў важнае сімвалічнае значэнне, а самым вялікім багаццем і радасцю быў духмяны хлеб на стале. Яго гаючая сіла спрыяла з'яўленню песень і вершаў, працягвала чалавечы род. Ва ўсе стагоддзі людзі ласкава, з вялікай павагай ставіліся да хлеба. Гэта яны, нашы дарагія бабулі, вучылі нас не класці хлеб верхам да стала, беражліва падняць акрайчык, які ўпаў на зямлю, працерці яго рукой, пацалаваць. Гэтыя ўспаміны для мяне дарагія. І сёння я вельмі люблю хлеб і булачкі, асабліва мясцовага прадпрыемства. Спецыяльна на фестываль везла некалькі гатункаў здобнай прадукцыі, а ўжо на месцы наразала парцыённымі кавалачкамі і частавала жыхароў Віцебска і яго гасцей.

Васіліна – своеасаблівы сімвал залатой пары лета на Лідчыне. Каб падкрэсліць гэта ва ўборы, майстар выкарыстала натуральную льняную тканіну, вытканую шмат гадоў назад працавітымі рукамі яе бабулі. А паколькі яе было няшмат і была верагоднасць таго, што тканіны не хопіць, вырашыла выкарыстоўваць і іншыя матэрыялы, якія маглі б рашыць гэтую праблему.
Як вынік, кожнае шво сукенкі ўпрыгожана стужкамі з беларускім арнаментам сіняга колеру і ажурнымі вязанымі ўзорамі.

– Сіні колер – гэта колер васілька, – кажа Валянціна. – Васількі растуць у полі, дзе працавалі нашы продкі і дзе зараз працуюць на сучасных камбайнах аграрыі. Кветка ўвасабляе наш народ – сціплы, працавіты. Вось і Васіліна па характары сціплая. А яшчэ яна вельмі гасцінная гаспадыня лідскай зямлі. У сваіх руках яна трымае хлеб, запрашае кожнага паспрабаваць духмяны акрайчык.


Па словах маёй суразмоўніцы, працэс працы над любой аўтарскай лялькай павольны і працаёмкі. Спачатку яна прадумвае, як зрабіць ручкі, ножкі, тварык, затым робіць выкрайкі. Калі ўсё гатова, бярэ у рукі пэндзаль і малюе твар. У выніку кожная лялька сёння мае вялікія прыгожыя блакітныя і шэрыя вочы. Як сцвярджае аўтар, пры стварэнні сваіх работ яна чытае шмат спецыялізаванай літаратуры, размаўляе са спецыялістамі, аналізуе. Дзіўна, але кожная лялька мае не толькі імя, але і пашпарт.

– З персанальнымі выставамі пабывала ў суседніх краінах, у многіх гарадах Беларусі, і ўсюды мае работы былі ў цэнтры ўвагі, – адзначыла Валянціна. – Зараз у маёй калекцыі – каля 300 лялек. Адны прысвечаны вядомым беларускім прадпрыемствам і арганізацыям, другія – прыгожым месцам нашага краю, трэція – ладу жыцця, з'явам прыроды, аб'ектам расліннага свету. Асобнае месца займае радзівілаўская тэма. У маёй калекцыі – 64 высакародныя дамы, створаныя па вобразах прадстаўніц найбагацейшага роду Вялікага княства Літоўскага. З нядаўняга часу з'явіліся шахматныя каралевы: чорная і белая. А наперадзе яшчэ шмат ідэй і персанальных выстаў.

У сваіх лялек Валянціна Межва ўкладвае душу і без хобі не ўяўляе свайго жыцця. Па словах жанчыны, кожны яе дзень напоўнены прыемным хваляваннем і чаканнем цуду: што ж атрымаецца ў гэты раз? А атрымліваецца, як у той казцы, такое, што вачэй не адвесці.

– Любоў да рукадзелля перадалася па спадчыне – ад бабулі. Яна жыла ў адной з вёсак Лідскага раёна і славілася тым, што была не толькі добрай гаспадыняй, але і добрай ткачыхай. Вось і я хачу перадаць усе свае веды, уменні яшчэ каму-небудзь і была б яшчэ больш шчаслівым чалавекам, калі б у маёй майстэрні гучалі дзіцячыя галасы. Таму заўсёды буду рада кожнаму наведвальніку. Усё пакажу, раскажу, растлумачу, правяду майстар-клас. Глядзіш – з'явіцца яшчэ некалькі захопленых лідчан, такіх, як я! І яшчэ адна дзіўная калекцыя лялек убачыць свет, – у канцы нашай гутаркі адзначыла гераіня артыкула.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться