Што жыхары Лідскага раёна калісьці называлi зыбкай?

12 Июля 2020 1382
Лідчына – багаты на матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці куток Гродзеншчыны. Яго жыхары ганарацца ўнікальнымі помнікамі архітэктуры, гісторыі і культуры.

У той жа час з глыбіні стагоддзяў дайшлі да нас і іншыя ўнікальныя артэфакты, якія сёння захоўваюцца ў фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Кожны экспанат – скарбніца інфармацыі аб культурных традыцыях нашага краю, абрадах і рамёствах. І сёння ў     спецпрaекце «Скарбонка лiдскага краю» мы раскажам аб самых незвычайных і дзіўных прадметах, якія выкарыстоўвалі нашы продкі ў побыце, у паўсядзённым жыцці.

Яшчэ стагоддзе назад інтэр'ер дамоў нашых продкаў не мог пахваліцца разнастайнасцю мэблі. Кожны патрэбны прадмет рабіўся рукамі ўмелага майстра. Дзіцячыя калыскі, якія выраблялі з дрэва, тканіны, плялі з лазы, не былі выключэннем. Але пры гэтым сельскія жыхары заўсёды прытрымліваліся аднаго строгага правіла: калыску, або зыбку (як яе яшчэ называлі), павінен быў змайстраваць бацька ці дзед дзіцяці, і абавязкова з малітвамі і любоўю, таму што яна перадавалася з пакалення ў пакаленне. 

– Для калыскі звычайна выбіралі адзін матэрыял, – апавядае захавальнік фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея Наталля Хацяновіч. – Часцей за ўсё гэта былі пароды дрэў або кустоў, якія хутка растуць (вярба, арэх), каб гэтак жа хутка расло і дзіця. Цікавы факт: калыска, вырабленая з трывалага дрэва, магла праслужыць больш за два дзясяткі гадоў.

Памятаеце, у народных казках звычайна апісваецца калыска з золата ці срэбра? Але гэта ўсяго толькі выдумка! У простых сялян яна была самай што ні на ёсць простай. А вось заможныя ўпрыгожвалі яе роспісам або разьбой.

– Зыбку размяшчалі на падлозе бліжэй да печы або прымацоўвалі спецыяльным гакам да столі, так, каб дзіця ляжала галавой да парога, – адзначыла Наталля Аляксандраўна. – Звычайна ў яе клалі рэчы-абярэгі (нажніцы ці крыж), вешалі паясы і званочкі. У калысцы дзіця знаходзілася да года, а потым яго “перасялялі” да іншых братоў і сёстраў на печ ці ложак, дзе яны спалі ўсе разам. 

У кожнай сям'і мелася свая шчаслівая калыска. Так што не такая і простая, як можа паказацца на першы погляд, была дзіцячая зыбка. Ёй нашы продкі надавалі вялікае значэнне.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться