Адкрыта новая старонка ў гісторыі газеты

02 Ноября 2012 3268

Сённяшні нумар “Лідскай газеты” – асаблівы, і ён увойдзе ў гісторыю выдання, пачатак якому быў пакладзены ў 1939 годзе. Падстава так сцвярджаць – за больш чым сямідзесяцігадовую гісторыю існавання ўпершыню яна выйшла з каляровымі старонкамі, у павялічаным фармаце. Для таго каб гэта здарылася, спатрэбілася напружаная праца калектыву рэдакцыі: выпуск каляровай газеты – справа для нас новая. Немагчыма было б яе наогул пачаць без разумення і падтрымкі з боку раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Астроўскі рэдакцыі раёнкі ставіць яшчэ больш важкую задачу – не спыняцца на дасягнутым, разам з лідскімі друкарамі ўдасканальваць выдавецкую якасць газеты. І задача гэта не падаецца немагчымай, хаця, безумоўна, для рэалізацыі планаў час спатрэбіцца. У калектыва ж “Лідскай газеты” ёсць вялікае жаданне ажыццявіць задуманае, рабіць сучасную газету, па-ранейшаму насычаную інфармацыйнымі і аналітычнымі матэрыяламі, па-майстэрску напісанымі прафесійнымі журналістамі, але якая мае больш шырокія магчымасці ў афармленні старонак выдання.

Спадзяёмся, што наша шматлікая чытацкая аўдыторыя папоўніцца з ліку тых, хто яшчэ не стаў падпісчыкам “Лідскай газеты”, бо “не заўважаў” яе на прылаўках “Саюздруку”. Напэўна, так і будзе, бо тое, што мы робім, – для нашага чытача і з чытачом. На старонках раёнкі вы па-ранейшаму будзеце знаходзіць самую аператыўную інфармацыю з жыцця рэгіёна, даведвацца пра падзеі, якія адбываюцца на Лідчыне, пра поспехі сваіх землякоў, пра існуючыя праблемы і іх рашэнні.

Да канца года газета будзе выходзіць у колеры два разы ў месяц. Аб перспектывах вы даведаецеся ў новых калонках рэдак-тара. Галоўнае ж ужо зроблена – пачатак пакладзены.

Кацярына СЕРАФІНОВІЧ, галоўны рэдактар «Лідскай газеты».

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться