Са жнейкай стараннай па дарозе да бохана духмянага. Маленькім жыхарам Ліды расказалі пра «хлебныя» таямніцы

05 Декабря 2019 1952
Ці ведаеце вы, адкуль пайшло слова “жыццё”? А які праклён быў самы страшны для нашых далёкіх продкаў? А якім “гадзіннікам” карысталася даўней гаспадыня, выпякаючы хлеб? Аб гэтым і многім іншым можна даведацца, стаўшы ўдзельнікам музейна-педагагічнага занятка “Таямніцы хлеба” ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі. У музей, па “хлебныя” таямніцы, накіраваўся днямі і карэспандэнт “Лідскай газеты”…

А ў планах – пазнаёміць з хлебам вайны і Перамогі

– З жытнёвай і пшанічнай мукі, з дабаўленнем разынак, курагі, насення лёну і сланечніку, хлеб запаўняе прылаўкі нашых магазінаў, – расказвае навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ірэна Клімовіч. – “Барадзінскі новы”, “Хутарскі адменны”, “Ранета”, “Яблычны Спас”, “Квецень”, “Жыццёвы”… Але ці заўсёды так было? Які хлеб ужывалі нашы продкі? Музейна-педагагічны занятак “Таямніцы хлеба” ў цікавай форме пазнаёміць наведвальнікаў з народнымі традыцыямі земляробства, выпечкі хлеба, дапаможа больш яскрава ўявіць сялянскі быт продкаў, выхаваць беражлівыя адносіны да хлеба, павагу да працы хлебароба і пекара. Заняткі праводзяцца па заяўках наведвальнікаў. Яны разлічаны на малодшае і сярэдняе звёны школьнікаў, а таксама на дзяцей старэйшых груп дзіцячых садкоў. Праходзяць заняткі “Таямніцы хлеба” на базе выстаўкі “З ХІХ у ХХІ”. 

– Юных наведвальнікаў, – працягвае куратар новага музейнага праекта, – чакаюць бохан хлеба на ручніку, соль, нарэзаны хлеб для частавання, старажытныя прылады працы хлебароба, прылады для выпечкі хлеба і інш. Гэтыя экспанаты, а таксама гульні, эксперыментальная пляцоўка дапамогуць дзецям уявіць нялёгкую працу хлебароба, прасачыць шлях ператварэння маленькага зярнятка ў духмяны бохан. А сустрэча са жняёй дапаможа параўнаць старажытныя прылады працы з сучаснымі, неабходнымі на шляху да хлеба. Тэлефоны для заявак: 622009, 622494. Электронны адрас: lixmuseum@mail.ru

А яшчэ Ірэна Антонаўна адзначыла, што на тэму хлеба ёй запланаваны таксама музейна-педагагічныя заняткі “Хлеб у вуснай народнай творчасці”, “Хлеб вайны і Перамогі”. “Таямніцы хлеба” – першы з гэтага цыкла заняткаў. Магчыма, ён будзе шліфавацца і дапаўняцца новай інфармацыяй, новымі элементамі.

Сімвал дабрабыту і гасціннасці

Пробны занятак “Таямніцы хлеба” быў праведзены днямі для вучняў 3 “Б” класа сярэдняй школы №9. 

З цікавых аповедаў распрацоўшчыцы і вядучай занятка Ірэны Клімовіч школьнікі даведаліся, што хлеб здаўна лічыцца сімвалам дабрабыту, гасціннасці, абярэгам жылля і чалавека. Вялікае значэнне хлеба ў жыцці чалавека бачна нават з паходжання самаго слова “жыццё” – ад “жытцо”, памяншальна-ласкальнай формы слова “жыта”. Ад “жыта” паходзіць і Жыцень – назва язычніцкага бога, які аберагаў хлебную ніву. Лялька-зернавушка, напоўненая жытнёвым зернем, лічылася абярэгам сям’і і гаспадаркі. 

Трэцякласнікі таксама даведаліся, што хлеб быў побач з чалавекам з нараджэння: маленькім дзецям давалі смактаць кавалачак хлеба з цукрам – сусла (соску). Хлебам-соллю сустракалі дарагіх гасцей, хлеб бралі з сабой у дарогу, хлеба прасілі ў малітвах (“Хлеб наш надзённы дай нам сёння…”), хлебам кляліся (“Каб я хлеба не меў, калі лыгу”). А самым страшным праклёнам было “Каб табе хлеба не бачыць!” Бачыць хлеб у сне лічылася добрым знакам.


«Частуйцеся, дзеткі, гатовым хлебам з печкі!»


А каб убачыць хлеб наяве, трэба было шмат папрацаваць. Жняя, у ролі якой выступіла супрацоўнік музея Лілія Леўдаровіч, правяла з дзецьмі гульню, у ходзе якой з карцінак, што адлюстоўваюць розныя этапы ператварэння зернетка з дапамогай чалавека ў духмяны бохан, трэба было выкласці дзве “дарожкі”, два “шляхі да хлеба” – старажытны і сучасны, – параўнаць іх. Абодва гэтыя шляхі, як упэўніліся школьнікі, па-свойму цяжкія, хаця, напрыклад, сённяшняя праца камбайнера і замяняе ажно некалькі этапаў уборкі хлеба нашымі далёкімі продкамі. Многія рэчы, неабходныя на даўнейшым шляху да хлеба, – сявеньку, барану, плуг, жорны, ступу і інш. – школьнікі мелі магчымасць пабачыць не толькі на карцінках, але і “ўжывую”. У ходзе гульні з карцінкамі дзеці даведаліся і пра старажытнае свята Багач, якім завяршаўся збор ураджаю, паспрабавалі атрымаць муку з зерня ручным – вельмі цяжкім – спосабам. 

Затым жняя запрасіла дзяцей да печы і распавяла сакрэты выпечкі хлеба нашымі продкамі, азнаёміла з так званым “хлебным гадзіннікам”. Напрыканцы занятка юных наведвальнікаў пачаставалі “гатовым” хлебам “з печы” з соллю, а таксама сухарыкамі, абаранкамі.

– Занятак дзецям вельмі спадабаўся, – гаворыць настаўніца Ірына Золатава. – Ён быў цікавы і пазнавальны, з элементамі гульні, эксперыменту, што так любяць малодшыя школьнікі. Дзеці шмат даведаліся аб вялікай ролі і значэнні хлеба ў жыцці нашых продкаў, аб нялёгкай працы хлебароба і пекара, аб доўгім шляху хлеба да хатняга стала. Думаю, пасля гэтага занятка яны будуць з павагай адносіцца да тых, хто вырошчвае хлеб, убірае яго і выпякае, будуць паважаць сам хлеб, кожны яго кавалачак і ніколі не выкінуць недаедзеную лусту.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться