З гісторыі горада. Ліда - жамчужына гродзенскай зямлі

06 Сентября 2018 1197

Паўночна-заходні вугал замка на паштоўцы 1911 года.

  Надыходзячы юбілей Ліды – добрая падстава яшчэ раз успомніць яе гісторыю, якая налічвае шмат стагоддзяў.

Вельмі хацелася б заглянуць у сівую даўніну гэтага кутка, калі на месцы сутокі Лідзеі і Каменкі яшчэ не ўзвышалася магутная крэпасць. Але, на жаль, дазамкавая гісторыя пакуль яшчэ мала вывучана. Гэта ж тычыцца і пытання: былі дагэтуль на месцы сучаснага горада старадаўнія паселішчы ці не? Тут распасціраецца вялікае поле дзейнасці для цяперашняга і наступных пакаленняў навукоўцаў. А мы пачнём з XIV стагоддзя, з дакладна вядомай даты.

У 1323 годзе вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Гедымін загадаў узвесці сярод прынёманскіх лясоў і балот мураваную крэпасць. Яе будаўніцтва (дарэчы, гэта была адна з першых крэпасцей на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага) завяршылася праз пяць гадоў. А побач з велізарнай мураванай пабудовай, паміж забалочанымі абалонамі Каменкі і Лідзейкі, узнік горад.

У XIV-XVI стагоддзях Ліда была велікакняжацкім горадам, адным з пяці найбольш значных у ВКЛ (у пяцёрку ўваходзілі таксама Гродна, Коўна, Вільна, Трокі), цэнтрам вялікага харужаства. Лідай валодалі вялікія князі Гедымін (1323-каля 1330), Кейстут (1330-1346), Альгерд (1346-1374), Ягайла (1381-1390) і Вітаўт (1392-1430), князь Карыбут (1391-1392). У Лідскім замку 15 чэрвеня 1387 года князь полацкі Скрыгайла прынёс прысягу польскаму каралю Ягайлу. Тут жа ў лютым 1422 года Ягайла знаёміў двор са сваёй маладой жонкай князёўнай Соф’яй Гальшанскай. У замкавай вежы кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр у 1506 годзе падпісаў сваё перадсмяротнае завяшчанне. Ад муроў Лідскага замка ў 1410 годзе на Грунвальдскую пераможную бітву адыходзіла Лідская харугва, а на Клецкую ў 1506 годзе – народнае апалчэнне. На беразе Лідзейкі, у мясціне, якую ў наступныя пяць стагоддзяў называлі Тахтамышаў двор, два гады (1397-1398) жыў хан Залатой Арды Тахтамыш (той самы, які ў 1382 годзе здзейсніў нашэсце на Маскву). Лідскімі старастамі былі такія вядомыя асобы, як Ач-Гірэй (заснавальнік Крымскага ханства) і Юрый Ільініч (які ў пачатку XVI стагоддзя пабудаваў Мірскі замак). 

17 верасня 1590 года Ліда атрымала Магдэбургскае права і герб. Сярод беларускіх гярбоў лідскі з’яўляецца адным з самых старажытных. Ён складаецца з дзвюх частак: на левай, чырвонага колеру, размешчаны залаты леў на задніх лапах; на правай, блакітнага колеру, – два скрыжаваныя залатыя ключы. 

Плошча Рынак на паштоўцы 1915   года.

  У XVІІ-XVІІІ стагоддзях Ліда была горадам невялікім. Так, у 1792 годзе ў ім налічвалася 242 дамы і 1243 жыхары. Мелася адзіная гарадская плошча, якую называлі Рынак (цікава, што гэта плошча па вуліцы Савецкай і зараз з’яўляецца цэнтральнай). На плошчы Рынак размяшчаліся ратуша, царква, гаўптвахта (турма для салдатаў, якія правініліся), гандлёвыя рады. Побач з плошчай размяшчаўся Школьны двор (раён цяперашняй вуліцы Кірава). У горадзе было ўсяго 4 вуліцы:  Віленская (зараз Савецкая), Замкавая (у раёне замка), Каменская (зараз Ленінская) і Крывая (зараз не існуе, а тады пралягала ад замка да плошчы Рынак). У канцы XVІІІ стагоддзя дабавіліся яшчэ дзве:  сфармавалася вуліца Пастаўская, і за Фарным касцёлам з'явілася вуліца Дваравая. Ля сцен замка была вялікая сажалка. У Лідзе жылі гарбары, кавалі, але галоўнымі заняткамі мяшчан былі гандаль і земляробства.

З сярэдзіны XVІІІ стагоддзя ў горадзе функцыянаваў піярскі калегіум – сярэдняя школа пры каталіцкім манастыры, якая давала класічную гуманітарную адукацыю (у 1803 годзе яна была ператворана ў 4-класнае павятовае вучылішча). Намаганнямі піяраў былі ўзведзены мураваны касцёл Святога Іосіфа (зараз – Свята-Міхайлаўскі сабор), вучэбны будынак, вадзяны млын, заведзены агарод. 

У 1795 годзе, згодна з трэцім падзелам Рэчы Паспалітай, Ліда ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. 

Чыгуначная станцыя Ліда. Вясна 1900 года.

  У 1884 годзе было завершана будаўніцтва чыгункі Вільна-Лунінец, якая праходзіла праз Ліду. У далейшым гэта ў значнай меры пасадзейнічала хуткаму росту горада (яго тэрыторыі, насельніцтва), інтэнсіўнаму развіццю прамысловасці. 

Вынікі развіцця маглі быць яшчэ больш уражальнымі, калі б не вялікая бяда, якая напаткала горад уначы 7 кастрычніка 1891 года. Той страшнай ноччу ў Лідзе здарыўся велізарны пажар. Згарэла практычна ўся цэнтральная частка горада – каля 400 жылых дамоў і 600 гаспадарчых пабудоў. Бязлітаснае полымя цалкам знішчыла жылую забудову XVІІІ-ХІХ стагоддзяў. У агні зніклі ратуша, сінагогі.

Па ўсім Паўночна-Заходнім краі збіраліся сродкі ў дапамогу пацярпелым. Паступова горад адраджаўся. У 1895 годзе ў Лідзе пражывалі 7864 чалавекі: 3954 мужчыны, 3910 жанчын. Сярод іх: шляхты – 485 чалавек, духоўнага сану – 48, купцоў – 129, мяшчан – 5693, сялян – 1178, ваенных – 311. Дзякуючы аказанай дапамозе ў першым дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя цэнтральная частка Ліды была забудавана прыгожымі двухпавярховымі цаглянымі будынкамі з багата дэкарыраванымі фасадамі. Былі заснаваны ешыбот Рэйнеса, прыватная жаночая гімназія Навіцкай, дзяржаўная мужчынская гімназія, пабудаваны Паўночны і Паўднёвы ваенныя гарадкі, а таксама аэрадром – адзін з першых у Расійскай імперыі. 
  
У канцы XIX-пачатку XX стагоддзя ў горадзе былі заснаваны дзясяткі заводаў і фабрык, адкрыты сотні гандлёвых і іншых аб’ектаў (магазіны, рэстараны, кафэ, піўныя, гасцініцы, майстэрні). Пераважная іх частка была заснавана яўрэямі. У тым ліку – ліцейны завод Шапіры, піўныя заводы Пупко і Папірмейстара, тытунёва-махорачныя фабрыкі Віленчыка і Рубіновіча, гільзавая фабрыка Шлямовіча, тыпаграфія Зяльдовіча. 

Па звестках 1904 года, жыццё ў Лідзе віравала. Выпускалі прадукцыю 14 заводаў і фабрык, на якіх працавалі 400 рабочых, функцыянавалі 170 рамесных майстэрняў. У той час штогод праводзіліся 4 кірмашы, на якіх асабліва значнымі былі аб’ёмы продажу жывёлы. Дзейнічаў штотыднёвы рынак. Працавалі банкаўскія і натарыяльныя канторы, страхавыя агенты, гасцініцы, харчэўні, чайныя, друкарні, аптэкі і г. д.

У 1914 годзе ў Лідзе пражывала ўжо каля 18 тысяч чалавек.

Новы час нараджаў новыя імёны. Ліда з’яўляецца радзімай шэрагу асоб, якія ўзбагацілі міравую навуку і культуру. Сярод іх – прэзідэнт  Расійскай акадэміі мастацтвазнаўчых навук Пётр Коган, акадэмік Аркадзь Мігдал, кампазітар Канстанцін Горскі, пісьменнік, паэт і перакладчык Шмуэль Лейба Гардон, прафесары амерыканскіх універсітэтаў Сцяпан Варшаўскі і Гары Полак.


 У 1921 годзе, згодна з Рыжскім дагаворам паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, Ліда ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. У гэты перыяд з'явілася нямала новых прадпрыемстваў: гумовага абутку «Ардаль», па вытворчасці хімічных вырабаў «Карона», па вытворчасці дроту і цвікоў «Дротіндустрыя», два заводы сельскагаспадарчых машын і прыладаў, тры фабрыкі цукерак, 8 пякарняў і г. д. Па статыстыцы на 17 верасня 1938 года ў горадзе налічвалася 26257 жыхароў. З верасня 1939 года Ліда – у складзе СССР. 
З чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944-га горад быў пад нямецкай акупацыяй. У самым пачатку вайны яго цэнтр зноў быў знішчаны – на гэты раз бамбёжкамі. Многія аб’екты, у тым ліку прыгожыя двухпавярховыя будынкі, узведзеныя ў пачатку ХХ стагоддзя, пасля налётаў фашысцкай авіяцыі ператварыліся ў руіны. Пры бамбёжках 22-23 чэрвеня былі знішчаны Рынкавая плошча, Школьны двор, сінагога, аптэкі, магазіны, гасцініцы, жылыя будынкі. За гады акупацыі фашысты пазбавілі жыцця ўсё яўрэйскае насельніцтва горада. Для тых лідчан, што выжылі, вызваленне прыйшло 8 ліпеня 1944 года. У гонар воінаў, партызанаў, падпольшчыкаў, загінулых у вайне, былі пастаўлены помнікі, насыпаны Курган Бессмяротнасці. Многія вуліцы зараз носяць імёны герояў. Месцы расстрэлаў увекавечаны ў мемарыяльных комплексах.

Пасля вайны насельніцтва Ліды рэзка паменшылася. Аднаўленне горада ішло марудна і вельмі цяжка. Толькі ў другой палове 50-х гадоў колькасць насельніцтва прыкладна дасягнула даваеннага ўзроўню. 
У 1970 годзе гэта быў ужо даволі буйны райцэнтр з насельніцтвам каля 50 тысяч жыхароў. 
Сучаснае аблічча горад пачаў набываць у 60-80-я гады ХХ стагоддзя. Былі пабудаваны новыя заводы: аўтарамонтны, лакафарбавы, оптыкі. З’явіліся новыя жылыя масівы: Раслякі, Касманаўтаў, Індустрыяльны, значна разбудавалася Слабада (з’явіўся раён вуліцы Машэрава). У 80-я зарадзіўся вялікі жылы масіў Рыбіноўскага-Тухачэўскага. У гэтых раёнах не толькі ўзводзілася  жыллё, але і будавалася інфраструктура, рабілася добраўпарадкаванне, высаджваліся скверы, ставіліся помнікі.
У 90-я гады ў паўднёва-ўсходняй частцы горада пад кіраўніцтвам нямецкіх будаўнікоў быў узведзены сучасны мікрараён новы Паўднёвы гарадок на 4 тысячы жыхароў.
 
З 1991 года Ліда – у складзе суверэннай Рэспублікі Беларусь. Сёння гэта – сучасны 100-тысячны горад з багатай гісторыяй, буйны прамысловы і культурны цэнтр, які часам вельмі трапна называюць жамчужынай гродзенскай зямлі. 

***

Гісторыя Лідчыны настолькі багатая, што сцісла выкласці яе  здавалася няпростай справай. Але супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея дапамаглі вылучыць найбольш значнае і цікавае. Аўтар выказвае вялікую ўдзячнасць старшаму навуковаму супрацоўніку гэтай установы Валерыю Сліўкіну і галоўнаму захавальніку фондаў музея Наталлі Хацяновіч за прадстаўленую інфармацыю для дадзенай публікацыі і дапамогу ў яе падрыхтоўцы. 

Текст: Светлана Медуница
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться