Славутасці Гродзеншчыны чакаюць вас, або Вандроўка ад Ліды да Гярвят

27 Июня 2019 2125
Чарговыя летнія канікулы вучні СШ № 11 пачалі з вандроўкі. На гэты раз наш турыстычны маршрут пралёг па Гродзенскай вобласці. І гэта не выпадкова. Нас натхняла жаданне пазнаёміцца з гістарычна-культурнай спадчынай нашага краю менавіта ў год святкавання 75-годдзя заснавання Гродзенскай вобласці.

Маршрут вандроўкі пралёг па тэрыторыі Лідскага, Іўеўскага, Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў. У спіс маршруту мы ўключылі аб’екты, самыя розныя па значнасці і характары: помнікі выдатным людзям і цікавыя скульптуры, таямнічыя руіны замкаў і велічныя храмы, старажытнае гарадзішча і мемарыял Першай сусветнай вайны…

«Беларускі Іерусалім»

Першы прыпынак мы зрабілі ў горадзе Іўі, дзе здзейснілі пешую прагулку па цэнтральнай плошчы. Вялікую цікавасць у вучняў выклікаў помнік Сяброўства чатырох канфесій. Як вядома, гэта адзіны такі помнік у Беларусі. Менавіта ў гэтым горадзе на працягу пяці соцень гадоў мірна жывуць католікі, мусульмане, праваслаўныя і іудзеі. У гонар гэтага тут быў устаноўлены велічны манумент, прысвечаны сяброўству і адзінству чатырох канфесій. Людзі і сёння гэтае ўтульнае мястэчка завуць “беларускім Іерусалімам”. А ўяўляе сабой помнік чатыры высокія стэлы з аркамі, кожная з якіх прысвечана асобнай рэлігіі. Устаноўлены помнік на пастаменце з прыступкамі. Кожная стэла паказвае напрамак да храма адпаведнай рэлігіі. Турыст, як мы пераканаліся, без цяжкасцей зможа знайсці дарогу да каталіцкага касцёла, праваслаўнай царквы, мусульманскай мячэці і яўрэйскай сінагогі. Самым велічным помнікам Іўя з’яўляецца касцёл Пятра і Паўла, пабудаваны ў стылі барока ў 1787 годзе. Нашу ўвагу прыцягнула статуя Хрыста, якая нагадвае падобную, толькі буйнейшую, устаноўленую ў Рыа-дэ-Жанэйра. Дзякуючы гэтаму падабенству Іўе, як мы даведаліся, яшчэ называюць “беларускім Рыа”.

Таямніцы гальшанскай зямлі

Другім прыпынкам у нашым маршруце стаў аграгарадок Гальшаны Ашмянскага раёна. На працягу свайго існавання гэты населены пункт быў акутаны таямніцамі і легендамі. Сёння турысты, і мы ў тым ліку, у першую чаргу наведваюць руіны Гальшанскага замка, які быў перабудаваны ў апошні раз магнатамі з роду Сапегаў у пачатку ХVІI стагоддзя. А першае згадванне аб Гальшанах адносіцца да 1280 года. На жаль, велічны і магутны замак не захаваўся да нашага часу. Падчас знаёмства з гэтым аб’ектам гістарычна-культурнай спадчыны мы ўбачылі цэглу-пальчатку, з якой пабудаваны замак. Не змаглі мы не звярнуць увагу і на цудам захаваныя цагляныя аркі. Сёння замак знаходзіцца на рэстаўрацыі: адбудоўваецца вежа і часткова аднаўляюцца муры правага крыла. 

Падчас знаёмства з гісторыяй Гальшан нам пашанцавала ўдвая. Акрамя таго што мы ўбачылі руіны замка і дакрануліся да яго старажытных муроў, уласнымі вачыма мы змаглі пабачыць вадзяны млын на рацэ Гальшанцы, касцёл Святога Іаана Хрысціцеля, пабудаваны ў 1618 годзе, праваслаўную царкву Святога Георгія Перамоганосца, дзе сёння захоўваюцца мясцовыя святыні: абразы святой праведнай Іуліяніі, князёўны Гальшанскай, і прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай, з часцінкамі мошчаў. Шануюць і ганарацца мясцовыя жыхары славутай зямлячкай Соф’яй Гальшанскай, каралевай Польшчы, заснавальніцай вядомай дынастыі Ягелонаў. Менавіта ёй у 2006 годзе ў цэнтры аграгарадка быў устаноўлены помнік.

Наведваючы Гальшаны, мы заглянулі ў школьны гістарычна-краязнаўчы музей імя Эдуарда Корзуна (заснавальніка музея). Музей сёння мае статус народнага. У гэтым мы пераканаліся падчас экскурсіі, якую для нас правяла кіраўнік музея Яніна Іванаўна Корзун, жонка заснавальніка музея. Мы ўбачылі незвычайныя і рэдкія экспанаты, багатыя экспазіцыі, разнастайныя знаходкі, пачулі цікавыя паданні пра гарадзішча і князя Гольшу, Чорнага манаха і Белую даму. 

Пры выездзе з Гальшан мы спыніліся, каб наведаць гарадзішча. Такія аб’екты сёння не вельмі прыкметныя, але дзецям трэба ведаць і разумець іх значнасць для нашай гісторыі. 

Славутасці Барун

Наступным – трэцім – прыпынкам стала вёска Баруны, якая знаходзіцца ў 13 кіламетрах ад Гальшан. Пры ўездзе ў вёску мы спыніліся каля помніка падбітаму пад Барунамі ў гады Першай сусветнай вайны самалёту “Ілля Мурамец”. Помнік устаноўлены ў 2009 годзе, а падзеі, якім ён прысвечаны, адбыліся больш за 100 гадоў назад, у 1916 годзе. Візітнай карткай не толькі вёскі Баруны, але і ўсяго Ашмянскага раёна з’яўляецца касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў стылі віленскага барока. З 1780 года ў храме захоўваецца мясцовашанаваны абраз Маці Божай Барунскай. 

Крэва ў гісторыі краіны

Чацвёртым населеным пунктам маршруту стаў аграгарадок Крэва Смаргонскага раёна. Знаёмства з ім мы пачалі з наведвання школьнага народнага гістарычна-краязнаўчага музея. Экскурсаводы, вучаніцы 10 класа, цікава расказалі нам аб гісторыі населенага пункта, яго святынях і, канешне, аб таямнічым і добра вядомым у гісторыі Крэўскім замку, які калісьці быў вельмі падобны да нашага Лідскага замка ў плане забудовы, а яшчэ ў часе заснавання князем Гедымінам. Пасля захапляючай экскурсіі ў музеі мы наведалі руіны замка. На жаль, становішча яго сёння не вельмі прывабнае, але ж рэканструкцыя пачалася. І заходняя сцяна ўжо часткова адноўлена.
 
Населены пункт Крэва ўвайшоў і ў гісторыю Першай сусветнай вайны. Менавіта тут у 1915 годзе расійская армія змагла спыніць наступленне немцаў і замацавацца. Тры гады праз мястэчка праходзіла лінія фронту. Само ж Крэва было падзелена на дзве часткі рэчкай Крыўлянкай. Крэўскі замак аказаўся на нямецкім баку. Яго старажытныя муры былі ўбудаваны ў першую лінію германскай абароны. 

«Смаргонская мядзведжая акадэмія» і не толькі

Раённы цэнтр Смаргонь, які мы наведалі пятым, таксама ўвайшоў у гісторыю Першай сусветнай вайны. З верасня 1915 па люты 1918 года праз Смаргонь праходзіла лінія руска-германскага фронту. У выніку баёў 16-тысячны горад ператварыўся ў руіны. Пасля 810-дзённай абароны ён практычна перастаў існаваць. Газеты таго часу называлі яго «мёртвым горадам». На смаргонскай зямлі засталося нямала напамінкаў аб тым страшным часе (доты, бліндажы, могілкі). У сучаснай Смаргоні ў 2014 годзе адкрыты мемарыяльны комплекс памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Мы наведалі мемарыяльны комплекс і адчулі атмасферу таго часу.

Але нас цікавілі і іншыя факты і славутасці горада. Па-першае, мы пачулі гісторыю заснавання ў XVII стагоддзі знакамітай «Смаргонскай мядзведжай акадэміі» і ўбачылі скульптурную кампазіцыю “Мядзведжая акадэмія”, якая размешчана ў цэнтральнай алеі парку. Аўтар праекта – заслужаны дзеяч мастацтваў, майстар Уладзімір Церабун, чые работы добра вядомыя сёння ва ўсёй Беларусі. Менавіта ён з’яўляецца аўтарам праекта мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Пасля знаёмства з гісторыяй “мя-дзведжай акадэміі” ўсім нам адразу стала зразумела, чаму на гербе горада намаляваны чорны мядзведзь з радзівілаўскім гербам «Трубы», які стаіць на задніх лапах.

Па-другое, мы пазнаёміліся ўласна з візітнымі карткамі горада: касцёлам Святога Міхаіла Архангела, які быў пабудаваны ў XVI стагоддзі як кальвінісцкі сабор, царквой Ператварэння Гасподняга, асвячонай 6 верасня 2009 года на рэспубліканскае свята Дзень пісьменства. У гэты ж дзень у Смаргоні быў адкрыты помнік Францішку Багушэвічу, беларускаму пісьменніку. Сёння помнік таксама з’яўляецца візітнай карткай горада.

Па-трэцяе, Смаргонь лічыцца радзімай абаранкаў. Мяркуюць, што першапачаткова абаранкі прызначаліся для навучэнцаў-мядзведзяў, але з часам яны распаўсюдзіліся па ўсёй Беларусі і за яе межамі.

Самы незвычайны касцёл у Беларусі

Апошнім і доўгачаканым для ўсіх вучняў стала знаёмства з касцёлам Святой Тройцы ў вёсцы Гярвяты Астравецкага раёна. Велічны, прыгожы храм, размешчаны ў цэнтры сада-дэндрарыя, здаецца сапраўдным караблём, які трымае шлях у вечнаць. Упрыгожваюць сад фігуры апосталаў. Таму тэрыторую перад касцёлам людзі называюць “Плошчай дванаццаці апосталаў”. Дэндрарый абгаро-джаны ажурнай каванай агаро-джай. Вакол газонная траўка, незвычайныя дэкаратыўныя кусты і кветкі… Касцёл Святой Тройцы па шчаслівым збегу абставін ні разу не быў разбураны. Таму нам, як і ўсім, хто прыязджае ў Гярвяты, пашчасціла ўбачыць нерэканструяваную архітэктурную прыгажосць. Нездарма сёння гэтае ўтульнае месца завуць “беларускай Швейцарыяй”!

Апошнім аб’ектам, які мы змаглі ўбачыць хаця б здалёк, стала будоўля Беларускай АЭС на тэрыторыі Астравецкага раёна. Не спыніцца, каб не зрабіць яшчэ адзін здымак для нашага фотаархіву, мы не змаглі. 

*  *  *

Вяртаючыся дадому пасля падарожжа, вучні доўга абмяркоўвалі, каму што спадабалася, што найбольш уразіла. Адказы былі самыя разнастайныя: ад экскурсій у школьныя музеі да агляду аб’ектаў. І галоўнае – нішто не засталося без увагі дзяцей. Упэўнена, падарожжа па Гродзеншчыне надоўга запомніцца кожнаму вучню. А тых, хто яшчэ не вандраваў па маршруце “ад Ліды да Гярвят”, запрашаем здзейсніць падарожжа. Славутасці і тямніцы гродзенскага краю чакаюць вас!
Текст: Наталля Анашкевіч, настаўніца СШ №11 г. Ліды.Наталля Анашкевіч, настаўніца СШ №11 г. Ліды.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться