Гэта патрэбна не памерлым, а нам, жывым

18 Июля 2016 2321

Нагода пабываць у аддаленай, мяжуючай са Шчучынскім раёнам вёсцы Баяры Дзікушскія з’явілася ў нас не так даўно і зусім выпадкова. Адзін з пастаянных чытачоў “Лідскай газеты” патэлефанаваў у рэдакцыю і расказаў: “Бачылі б вы, як на вясковых могілках шчыруюць дзве вясковыя жанчыны, яны прыбралі ўсе могілкі. А нядаўна намаганнямі вяскоўцаў тут пастаўлены і добраўпарадкаваны новы паклонны крыж. Добрыя справы зроблены – пра іх варта расказаць!” Падобныя навіны сапраўды знаходзяць водгук і клічуць у дарогу. Таму едзем.

...Вёска Баяры Дзікушскія Ходараўскага сельсавета, якой, дарэчы, няма на многіх картах і якая не пазначана на дарогах указальнікам, – адна з такіх, дзе, здаецца, спынілася жыццё. Паабапал вузкай вясковай вуліцы тут і там сустракаем урослыя ў зямлю старыя, даўно нежылыя хаты, у якіх нібыта і зараз яшчэ чуваць галасы – гавораць былыя гаспадары, смяюцца дзеці. Бачна: на вокнах гойдаюцца фіранкі, на падлозе параскіданы цацкі, на сценах захаваліся ўзоры шпалераў. Тут жа ўзнімаюцца ў неба старыя дрэвы, якія з вышыні свайго ўзросту бачылі і памятаюць усё-ўсё... І ў той жа час жыццё ў вёсцы ідзе сваім ходам, бо жывуць тут яшчэ з дзясятак старых бабуль ды дзядуль, прыязджаюць на лета дзеці, якія сталі дарослымі і нават пенсіянерамі. Яны робяць усё так, як калісьці іх бацькі, берагуць хаты, даглядаюць падворкі. І ні на што не скардзяцца, бо з малаком маці ўпіталі звычку жыць працай сваіх рук.

Дамы дзвюх жанчын, пра якіх распавёў нам чытач, – Ганны Пятроўны Клявец і Ірыны Фёдараўны Кавальчук – мы адшукалі без цяжкасцей. Стаяць яны, лічы, адзін насупраць другога. Абедзве жанчыны нарадзіліся і выраслі ў іх. Праўда, у дзяцінстве цеснага сяброўства ў іх не было (Ірына Фёдараўна старэйшая за Ганну Пятроўну на 8 год), але зараз яны жывуць, бадай, лепш, чым родныя сёстры. Абедзве – лідчанкі, але ў летні сезон перабіраюцца ў вёску.

1

Даведаўшыся, што аб іх справах выйдзе артыкул у газеце, жанчыны засаромеліся. “Не адных нас гэта заслуга, – казалі яны. – Стараста вёскі Надзея Сяргееўна Здановіч усіх арганізавала...”

Вясковай вуліцай разам накіроўваемся да дома старасты. Дарогаю жанчыны апавядаюць:

– Пачалося ўсё пазалетась. Нашы вясковыя могілкі (а на іх сышліся дзве епархіі – Лідская і Гродзенская – і тры вёскі – Баяры Дзікушскія, Макары і Навасады Шчучынскага раёна) паступова зарасталі лесам. Не тое што з кожным годам, а з кожным месяцам лес усё больш і больш наступаў на іх, ды і на вёску, што пачынаецца адразу за могілкамі. Вырасла шмат бяроз, асін... Прыйдзем, бывала, паглядзім, што робіцца на могілках!.. То дрэва ўпадзе, то сук адламаецца. А лістоў колькі насыплецца!.. У той жа год рабочыя Шчучынскага лясгаса аддзялялі лес ад могілак, выпілоўвалі дрэвы па іх перыметры. Мы і вырашылі выкарыстаць гэты шанц. Звярнуліся да іх і папрасілі спілаваць дрэвы на тэрыторыі нашых могілак. Тыя пайшлі насустрач. Толькі з адной умовай: яны спілуюць, а прыбіраць сукі – нам самім. На гэта мы былі згодныя.

468

Пасля таго была зіма, затым пачалася вясна. У сакавіку, намнога раней, чым звычайна, дзве жанчыны распачалі свой дачны сезон і з’ехалі з Ліды ў вёску. На вясковых могілках у іх закіпела работа. Спачатку цягалі сукі, прыбіралі смецце, палілі яго. Калі пацяплела, па тэрыторыі пайшлі маладыя зараснікі дзікага кустоўя. Яны запаланілі амаль усё. З імі трэба было штосьці рабіць. І жанчыны звярнуліся да сваіх аднавяскоўцаў, нашчадкаў тых, хто пахаваны на могілках. Хтосьці аднёсся да закліку з разуменнем і падключыўся да агульнага клопату. Так, з Ліды прыехалі Пётр Роўбуць і Валянціна Роўбуць, з Гродна – Алена Макарэвіч. Але знаходзіліся і такія, хто круціў пальцам каля скроні або разносіў чутку, што сельскі Савет ім (гэтым жанчынам) плаціць. Невядома, што з усяго гэтага атрымалася б, але на дапамогу прыйшла стараста вёскі Надзея Сяргееўна Здановіч. Жанчына актыўная і неабыякавая да спраў вясковых і ўвогуле людскіх, яна хутка арганізавала вяскоўцаў, старых і маладых, сама, хаця і хворая, узялася за працу.

3

Калі могілкі былі больш-менш упарадкаваны, людзі разам вырашылі паставіць новы паклонны крыж (стары крыж у пачатку вёскі амаль згніў). Хто ж зробіць гэта, калі не яны, мясцовыя жыхары?! За справу зноў жа ўзяліся грамадой. У Лідзе закупілі матэрыялы, на месцы зварылі крыж, залілі фундамент, добраўпарадкавалі і ўпрыгожылі пляцоўку.

Каля дома старасты спыняемся. Сюды ж хутка падцягваюцца і іншыя мясцовыя жыхары.

2

– Да справы шмат хто прыклаў руку, – кажуць жанчыны. – Браты Леанід і Яўген Васілеўскія зварвалі крыж. Залівалі фундамент, устанаўлівалі крыж, клалі плітку Валерый Грахоўскі, Аляксандр Юрэвіч, Іван Вянскевіч, Яўген Пінчук, Сяргей Бялецкі і Сяргей Здановіч. Фарбавалі Ірына Кавальчук і Ганна Клявец. Вядома, сваю лепту ўносілі і іншыя жанчыны, маладзейшыя і старэйшыя, – амаль уся вёска!

Перад тым як развітацца з Баярамі Дзікушскімі, заглядваем на могілкі, дзе ўжо з першага позірку можна адзначыць вынік вялікай праведзенай працы. Годна пазіраюць на свет і ў дзень сённяшні помнікі на месцах захаванняў. Тут “спяць” і бацькі Ірыны Фёдараўны і Ганны Пятроўны, і муж Надзеі Сяргееўны, і многія іншыя продкі жыхароў Баяраў Дзікушскіх. Ганна Пятроўна і Ірына Фёдараўна расказваюць, што нават тыя, хто спачатку адмахваўся і не хацеў ачышчаць могілкі, прыбіраць захаванні сваякоў, гледзячы на астатніх, таксама падцягнуліся. Вядома ж, брыдка, што захаванні іх бацькоў зарасталі бур’яном. Цяпер на могілках Баяраў Дзікушскіх – парадак.

57

            Старадаўні помнік незвычайнай формы.                                                        Ірына Фёдараўна Кавальчук каля захавання сваіх бацькоў.

У такіх ціхіх месцах, як могілкі, звычайна хочацца падумаць... Першае, што прыходзіць на думку тут, у Баярах Дзікушскіх, – ёсць у гэтай вёскі памяць, а значыць, будзе і будучыня. Нягледзячы ні на што (і што аддаленая яна і зусім маленькая, і што няма тут выгод, і што хаты старыя псуюць выгляд і ўяўляюць пагрозу), пакуль жывуць у ёй людзі, годныя сваіх бацькоў і іх памяці, будзе жыць і вёска.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться