Ад Ельні да Бурносаў. Журналіст пабываў у невялікіх прынёманскіх вёсках. Што ён там убачыў?

11 Октября 2024 255
Прадаўжаючы весці рубрыку “Месца сустрэчы – аддаленая вёска”,  журналіст “Лідскай газеты” адправілася па чарговым маршруце. На гэты раз кірункам былі абраны невялічкія вёскі дакудаўскай зоны Траццякоўскага сельсавета. Суправаджаў журналіста ў паездцы старшыня мясцовага органа кіравання Аляксандр Хвайніцкі, што, безумоўна, стала добрым падспор’ем. Аляксандр Яўгенавіч не толькі валодае інфармацыяй, чым жыве тая ці іншая вёска, але ведае жыхароў па прозвішчу, а многіх нават па імені і імя па бацьку. І гэта, трэба адзначыць, пры тым, што тэрыторыя сельсавета складае 204 кв.км і размешчана на ёй  34   населеныя пункты. Падчас паездкі былі не толькі сустрэчы з людзьмі на вясковых подворках, але кіраўнік улады рашаў і запланаваныя рабочыя пытанні. 

Хоць і не малыя дзеці…

Дарога ў невялічкія вёскі  пралягала праз Дакудава. У цэлым гэта дагледжаны населены пункт, бачна, што мясцовыя жыхары – гаспадары дбайныя. Тым не менш сярод вабячых вока сваёй акуратнасцю сядзіб сустракаюцца і такія, якія сведчаць: тут пражывае чалавек, якому няма справы да навядзення парадку ў  доме, ён адносіцца да катэгорыі тых людзей, якія сябруюць з бутэлькай. Ля такіх хат удзельнікі паездкі і спыняліся. І не толькі для таго, каб старшыня сельскага Савета ў чарговы раз правёў гутарку з  гаспадаром. Аляксандр Яўгенавіч загадзя папярэджваў чалавека: на працягу дня яму трэба быць дома. Справа ў тым, што мясцовая ўлада паклапацілася аб тым, каб  жыллё гэтых неблаганадзейных у бытавым плане грамадзян было абсталявана пажарнымі апавяшчальнікамі з вывадам на вуліцу, і менавіта сёння  спецыяліст прыедзе ў вёску, каб іх устанавіць.

– Дзіву даешся, што здаровыя і працаздольныя людзі, а як за неўмалятамі трэба даглядаць.  Крыўдна, што меры, якія прымаюцца ў адносінах да такіх людзей, ненадоўга прыносяць карысць. Затое якая радасць, калі чалавек нарэшце  за розум бярэцца, – кажа Аляксандр Яўгенавіч. 

 У працівагу суразмоўца называе прозвішчы тых мясцовых жыхароў, якія наводзяць парадак не толькі ў сябе, але, набыўшы неабходныя прылады для пакосу травы, дапамаюць  іншым вяскоўцам. Сярод іх Мікалай Сокал, Уладзімір Кузьміч.

Зайшла гутарка  пра работу мясцовай улады з  дамамі, гаспадароў якіх не стала на гэтым свеце, а нашчадкі  махнулі рукой на маёмасць у вёсцы, альбо іх зусім няма.  Аляксандр Яўгенавіч кажа, што ў першую чаргу сельвыканкам  імкнецца да таго, каб знайшліся новыя гаспадары такіх пабудоў, а ўжо ў крайнім выпадку трэба прызнаваць дом вымарачным  і зносіць яго. Як правіла, вызвалены ўчастак, што знаходзіцца ў вёсцы, не зусім зручна браць у севазварот мясцоваму сельгаспрадпрыемству, а значыць, ён будзе пуставаць без толку, зарастаць травою. Таму ў сельвыканкаме  любы чалавек, які мае зацікаўленасць у набыцці дома ў вёсцы, атрымае патрэбную яму інфармацыю і адказы на пытанні, якія цікавяць.

Калі трымаюць свае карані

Едучы па маршруце, журналіст прапанавала старшыні сельскага Савета звярнуць з асфальтавай дарогі на лясную, у вёсачку Ельня. Тут дзевяць хат. Карэнныя жыхары жывуць толькі ў адной з іх. 

84-гадовую  Соф’ю Станіславаўну ўбачылі на падворку. Жанчына адразу завяла добразычлівую гутарку з Аляксандрам Хвайніцкім. Паведаміла, што пячнік, якога ён параіў запрасіць для рамонту печы, работу выканаў. Засталося вырашыць асобныя пытанні, якія датычаць іншага ацяпляльнага абсталявання.  

Журналісту Соф’я Станіславаўна расказала, што ў свой час выйшла ў Ельню замуж. На той час у доме пражывала ажно адзінаццаць чалавек. Зараз яна жыве ўдваіх з сынам, які працуе на жывёлагадоўчым комплексе мясцовай гаспадаркі. Іншыя дзеці раз’ехаліся, маюць свае сем’і, але маці не забываюць.

Калі журналіст спытала, як вырашаюцца сацыяльныя пытанні, суразмоўца нараканняў не выказала.  З удзячнасцю адгукнулася аб рабоце загадчыцы Біскупскага ФАПа Надзеі Краўцовай, да якой нярэдка звяртаецца альбо асабіста, альбо па тэлефоне. Склала падзяку мясцоваму паштальёну Мар’яну Банцавічу за добрае стаўленне да людзей. Гандлёвае абслугоўванне вёскі забяспечвае аўталаўка. Разам з тым падобную паслугу можа аказаць і паштальён, даставіўшы патрэбны тавар пад заказ.

Нельга было не звярнуць увагу на магутны  дуб, які расце ля хаты Соф’і Станіславаўны.

– Аднойчы нейкія спецыялісты прыязджалі, абмяралі дрэва. Казалі, што быццам яму ажно 600 гадоў. Колькі часу прайшло, а дуб сваімі каранямі па-ранейшаму за родную зямлю трымаецца! –  зазначае жанчына

Такая ж невялікая, як і Ельня, вёска Забалотня. Тут семь хат, размешчаных на некаторай адлегласці паміж сабой. Да аднаго з дамоў накіроўвалася на веласіпедзе сацыяльны работнік Лідзія Богдан. 

– У мяне шэсць падапечных. Адна з іх – Анэля Іосіфаўна, – патлумачыла журналісту сацыяльны работнік. 

– Бабулі Анэлі 93 гады, у свой час яна працавала цялятніцай на мясцовай ферме. Зараз жыве адна. Вельмі прыемная і добразычлівая бабуля, – дадае Аляксандр Хвайніцкі. –  На жаль, жанчына зламала нагу, таму зараз амаль не ўстае з ложка. Тым не менш пераязджаць з роднай хаты яна не хоча. Па-чалавечы старых людзей мы разумеем: прывыклі да тых мясцін, дзе прайшло іх жыццё. Анэлю Іосіфаўну часта наведваюць дачка і ўнукі, якія жывуць у горадзе. Безумоўна, не абысціся без дапамогі і сацыяльнага работніка. Ды і тэлефонная сувязь з жанчынай забяспечана: тэлефонны апарат у яе, як кажуць, заўсёды пад рукой. 


Калі зайшлі ў хату, журналіста ўразіла, як цёпла, быццам вельмі родныя людзі, гутарылі Аляксандр Хвайніцкі і Лідзія Богдан са старэнькай гаспадыняй дома.

І з’явілася другое дыханне

Яшчэ адным пунктам на маршруце па аддаленым вёскам Траццякоўскага сельсавета была вёска Мялёгава. У ёй зарэгістраваны толькі адзін мясцовы жыхар. У іншых дамах уладальнікі пражываюць часова, бо выкарыстоўваюць іх пад дачы. Вёсцы пашанцавала, што яна размешчана сярод шыкоўнай прыроды недалёка ад Нёмана. Попыт на хаты ў Мялёгава заўсёды быў. І можна быць упэўненым, што населены пункт ніколі не перастане існаваць. Новыя ўладальнікі “фазэндаў” аднавілі іх на сучасны лад і забяспечваюць належны догляд. Хтосьці на ўчастку заклаў газон з экзатычнай расліннасцю, устанавіў малыя архітэктурныя формы, іншыя жыхары большую ўвагу надаюць агароду і атрымліваюць  з яго добрыя ўраджаі. 

Мінчанка Алена, з якой давялося пагутарыць, на цёплыя месяцы года пасялілася ў доме сваёй знаёмай. Акрамя прыгажосці прыроды ёй падабаецца шчырасць мясцовых людзей. Алена працуе “на ўдалёнцы”. У першую чаргу яе хвалюе неабходнасць забеспячэння вёскі належнай інтэрнэт-сувяззю. Гэта пацвердзіў  і другі суразмоўца, Сяргей Уладзіміравіч. Заўважыў таксама, што ў вёсцы патрэбна замяніць электрычныя драўляныя апоры на бетонныя. І ёсць спадзяванне, што гэтае пытанне вырашыцца. Вось, напрыклад, раней нараканні меліся на стан вясковай вуліцы. Дарожная служба прывяла яе ў парадак, і зараз застаецца толькі радавацца  належнаму выкананню работы.

Вёску Бурносы можна назваць жамчужынай Прынёманскага краю. Размешчана яна на самым беразе Нёмана. Краявіды наўкола шыкоўныя! А яшчэ ў Бурносах можна ўбачыць шэраг выдатных мясцін. Устаноўлены знак паведамляе, што тут маецца гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі – стаянка перыяду  каменнага і бронзавага вякоў 10-8-га тысячагоддзя да нашай эры. Нельга не звярнуць увагу і на навадзел, які пранікнуты любоўю да вёскі. На адным з уездаў  ў Бурносы ўстаноўлены два крыжы: праваслаўны і каталіцкі, як пацвярджэнне таму, што ў нас, у Беларусі, людзі, якой бы веры не былі, жывуць у  згодзе. Аляксандр Хвайніцкі зазначае журналісту, што  ўстаноўка крыжоў – ідэя чалавека, які жыў у Бурносах, Васіля Белашыцкага. А вось хто размясціў побач памятны камень са словамі на таблічцы: “Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы... “, сведчыць надпіс: “З любоўю і ўдзячнасцю дарагому сэрцу кутку Бацькаўшчыны. На знак павагі да светлай памяці яго жыхароў. Іосіф Бойса, 2023 г.”


Таксама цікавы і той факт, што ў Бурносах заўсёды меліся старажылы. Нярэдка мясцовыя жыхары дажывалі да стогадовага ўзросту. Вось, напрыклад, Веры Васільеўне, з якой давялося гутарыць, 84 гады, а яе маме на дзень смерці быў 101 год. Падчас размовы з жанчынай цікавіла, якія пытанні яе хвалююць. Вера Васільеўна расказала, што да халадоў  спяшалася атынкаваць комін. На дапамогу прыйшла інспектар Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Карпіцкая, якая курыруе пажылых людзей акругі, і падказала куды трэба звяртацца за выкананнем  работ. Акрамя таго Вера Васільеўна апавядала пра нязручнасць у карыстанні грамадскім транспартам. Справа ў тым, што аўтобусныя прыпынкі маюцца ў Біскупцах і Дакудава. Жыхарам Бурносаў, дабіраючыся з Ліды, трэба ехаць аўтобусам у гэтыя вёскі, а адтуль ісці дадому пешшу. 

Пра гэтую ж транспартную праблему выказваліся журналісту і старшыні сельскага Савета Марыя Аляксандраўна і Георгій Анатольевіч. Яны, як і многія, хто набыў “фазэнду” ў Бурносах, жывуць тут непастаянна. Хата засталася Марыі Аляксандраўне ў спадчыну ад бацькоў. Муж і жонка падтрымліваюць на сваёй сядзібе ідэальны парадак, аздабляюць яе. Дарэчы, гэтым выдзяляюцца і ўсе іншыя ўладальнікі дамоў у вёсцы. Разам з тым па ініцыятыве саміх людзей Аляксандр Хвайніцкі, як кіраўнік мясцовай ўлады, зараз вырашае пытанне па абсталяванню ў Бурносах  кантэйнернай пляцоўкі  для збору і вывазу смецця. Чысціня і парадак павінны быць ва ўсім.  Маецца ў жыхароў Бурносаў і просьба да дарожнай арганізацыі: даўно патрабуе належнага добраўпарадкавання вясковая вуліца.

Паездка па  вёсках  пакінула ў душы нейкую асаблівую цеплыню. Які прыгожы наш Лідскі край! Якія цудоўныя людзі жывуць тут! А яшчэ прыемна ўразіла тое, што калі пры сустрэчах з вяскоўцамі журналіст і старшыня сельскага Савета распытвалі іх аб тым, што хвалюе, некаторыя, дзелячыся штодзённымі клопатамі, казалі: “Галоўнае, каб усе людзі былі здаровыя і быў мір і спакой на зямлі”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться