Хто яна, каралева прыгажосці элегантнага ўзросту-2024?

11 Октября 2024 204
Лідчанка Ірына Марук – пераможца дзясятага, стаўшага ўжо традыцыйным на Лідчыне конкурсу прыгажосці сярод дам элегантнага ўзросту “Бенефіс жанчыны”, які праводзіць Лідскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тытулаваную каралеву прыгажосці “Лідская газета” павіншавала ў ліку першых, прынамсі, маючы на гэта права… Будучы на заслужаным адпачынку, Ірына Альбертаўна некаторы час працавала ў раёнцы карэктарам. Мы запрасілі яе ў рэдакцыю, каб пагутарыць пра сакрэт прыгажосці і крыніцу натхнення?

У дзяцінстве празвалі каралевай

– Ведаеце, а мяне і ў дзяцінстве называлі каралевай, – прызнаецца лідчанка. – За тое, што я не хацела рашаць задачы па матэматыцы. А маю малодшую сястру – малой каралевай.

Добры густ, вытанчанасць і элегантнасць Ірыне Марук таксама дасталіся з дзяцінства. “Мама была выдатнай швачкай і шыла нам з сястрой самыя прыгожыя сукенкі, – расказвае Ірына Альбертаўна. – Нават школьная форма ў нас была адметная, не купленая ў магазіне, а пашытая мамай і вельмі прыгожая”. 

Дзяцінства Ірыны Марук праходзіла, як у сем’ях ваенных. Толькі яе тата быў меліяратарам. Сям’я пераязджала туды, дзе вяліся торфараспрацоўкі. Пакуль нарэшцэ не асела ў г. Івянцы Валожынскага раёна. Гэта прыгожы гарадок на беразе ракі, які напярэдадні конкурсу Ірына Альбертаўна апаэтызавала ў вершы і пра які распавяла ў сваёй візітцы. Пасля школы першы год не паступіла ў вну і пайшла вучыцца ў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча. Скончыўшы яго з адзнакай, паступіла на філфак БДУ і такім чынам спраўдзіла сваю мару. Па размеркаванні прыехала ў Ліду, дзе працавала ў СШ №7 і гімназіі №1, у СШ №16. 

– Вельмі любіла свой прадмет – беларускую мову і літаратуру, выхоўвала ў вучняў павагу і любоў да роднай мовы, – распавядае лідчанка. – Падрыхтавала нямала пераможцаў алімпіяд рознага ўзроўню. А ў 2003 годзе паўдзельнічала і атрымала перамогу ў конкурсе сама. Гэта быў міжнародны конкурс настаўнікаў беларускай мовы. Працаваць працягнула і на пенсіі: выкладала родную мову і літаратуру ў Першамайскай сярэдняй школе і нават папрацавала крыху ў рэдакцыі “Лідскай газеты”. А потым, калі ўвогуле вырашыла застацца на заслужаным адпачынку, прыйшла ў клуб “Актыўнае даўгалецце” на базе цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У той жа год узначаліла каманду знатакоў на міжраённым інтэлектуальным конкурсе “Брэйн-рынг” у Воранаве, якая заняла 1 месца. Апошнім часам адкрыла ў сабе талент мастака. Стала наведваць “Школу акварэлі” пад кіраўніцтвам Наталлі Ячмаевай. Асабліва па душы прыйшлася фларыстычная акварэль. Мару арганізаваць на базе цэнтра сацыяльнага абслугоўвання выставу сваіх работ.

Сціпла, але з густам

І вось зусім нечакана Ірыну Марук запрасілі паўдзельнічаць у конкурсе прыгажосці. Падумаўшы, яна дала згоду. Пачаліся рэпетыцыі і падрыхтоўка: дэфіле, выхад на сцэну, уменне трымацца на публіцы і нават трымаць мікрафон. 

Яна прадумвала кожны свой выхад і адпаведна вобраз. Па дапамогу ў выбары сукенак і ўпрыгожанняў нават звярнулася да дачкі. Выбірала ўбранне адносна свайго густу, які сфарміраваўся падчас працы педагогам. Атрымалася сціпла, але з густам. Так адзначалі сяброўкі, што склалі групу падтрымкі.

– У конкурсе былі чатыры іспыты. У першым, візітцы, я распавяла, што іду па жыцці з дэвізам “Цаніце кожнае імгненне, яму не будзе паўтарэння”. Другі іспыт – гэта бліц-турнір у форме пытання-адказу. Мне задалі пытанне: “Якую жанчыну можна лічыць паспяховай і ці адношу я сябе да гэтай катэгорыі?” Паспяховая жанчына, на мой погляд, – гэта тая, якая змагла сумясціць кар’еру і сям’ю, і я сябе лічу менавіта такой. Выхавала дзяцей, дапамагала выхоўваць унукаў (а іх у мяне чацвёра) і зараз ускладаю надзею на іх светлую будучыню. У Беларусі амаль усе жанчыны паспяховыя, бо ў нас развітыя сацыяльныя гарантыі. А самі нашы жанчыны працавітыя і мэтанакіраваныя. Трэці іспыт быў звязаны з Годам якасці, у ім мы расказвалі пра свае прафесіі, абгрунтоўвалі, чаму яны найлепшыя. Я з вялікім захапленнем расказала пра сваю прафесію настаўніка, пра школьны музей, які стварыла ў СШ №16 з нуля і які быў прызнаны лепшым на Гродзеншчыне і ў рэспубліцы ў конкурсе-аглядзе музеяў устаноў адукацыі. Нарэшце, чацвёрты іспыт – дэфіле. Пад чароўную музыку прыгожа і грацыёзна мы дэманстравалі свае вячэрнія ўбранні.

Упрыгожыла сябе ўсмешкай

Калі журы аб’яўляла вынікі і Ірыну Марук назвалі каралевай, яна разгубілася... “Гэта было вельмі нечакана, але і вельмі прыемна”, – прызнаецца яна. – А калі на сцэне мяне фатаграфавалі, папрасіла перш паглядзецца ў люстэрка і заўважыла, што карона пасуе мне. Гэта прынесла задавальненне. Я ўпрыгожыла сябе ўсмешкай і адчула сапраўднай каралевай”.

Вядома ж, мы папрасілі Ірыну Альбертаўну падзяліцца сакрэтамі сваёй прыгажосці. 

– Сачу за сабой, стараюся апранацца ў адпаведнасці з густам і ўзростам. Стрыжку, прычоску ўжо шмат год раблю ў добрага майстра. Таксама і манікюр. На твар наношу лёгкі макіяж. І абавязковы атрыбут прыгажосці – гэта ўсмешка, – кажа яна. 

Ірыну Марук пазнаюць у горадзе, спыняюць у магазінах, пішуць у сацыяльных сетках, віншуюць і захапляюцца ёю. Сама ж лідчанка лічыць перамогу крыніцай натхнення і раіць жанчынам не саромецца, а быць актыўнымі і ўдзельнічаць у падобных конкурсах, якія дапамагаюць жанчыне раскрыць не толькі знешнюю прыгажосць, але і хараство душы. 

Дарэчы, у будучым годзе каралева прыгажосці рыхтуецца сустрэць сямідзясяты юбілей і абавязкова ў сваёй кароне.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться