Вераснёўскі дзень паклаў пачатак нашаму адзінству

17 Сентября 2024 301
17 верасня 1939 года стаў пераломным момантам для беларускага народа.  Людзі віталі ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі ў адзіную дзяржаву і станоўча ставіліся да тых падзей, якія  адбываліся. Жыхары Лідчыны не выключэнне. У пацвярджэнне гэтаму – захаваныя  ўспаміны тых, хто быў у гушчы віруючага тады жыцця.

З успамінаў Міхаіла Рачкевіча (ураджэнца Ліды, арганізатара рабочай гвардыі  горада ў 1939 годзе), Ісаака Карабельніка (1920 г.н., камсамольца з 1936 года), Браніслава Петрыкоўскага (рабочага завода “Бенлянд”)  аб прыходзе Чырвонай Арміі ў Ліду.

«Ноччу  з 17 на 18 верасня на вугле сучасных вуліц Калініна і Грунвальдскай была ўстаноўлена трыумфальная арка для сустрэчы Чырвонай Арміі».

«Раніцай 18 верасня каля аўтобуснай станцыі (а знаходзілася яна ля замка) сфарміравалася калона дэманстрантаў. Гараджане з кветкамі, чырвонымі сцягамі і песнямі пайшлі насустрач Чырвонай Арміі ў напрамку в. Ёдкі. Сустрэча адбылася каля в. Мінойты. Назад у горад дэманстранты вярнуліся з часцямі Чырвонай Арміі».

У 16 гадзін у Ліду ўвайшлі часці Чырвонай Арміі.

“18 верасня многія ўбачылі танкі з намаляванымі на іх чырвонымі зоркамі. Праўда, магутныя машыны ў горадзе не затрымаліся і хутка падаліся далей на захад. Надвор'е ў той дзень выдалася не вельмі. Ішоў дождж, было халаднавата.

Але непагадзь не перашкодзіла сотням лідчан выйсці на вуліцы. Усе чагосьці чакалі, а менавіта прыходу ў горад Чырвонай Арміі. А чацвёртай гадзіне дня на навагрудскім тракце паказалася савецкая машына і пад'ехала пад замкавыя сцены. З яе выйшаў чырвоны камандзір...

«Едзе конніца!» – крыкнуў нехта. Сапраўды, на дарозе паказаліся першыя эскадроны байцоў Чырвонай Арміі. Людзі горача віталі вайскоўцаў…”

Прыблізна а 18-й гадзіне ў замку адбыўся мітынг, на які сабралася каля 8 тысяч чалавек. Уся плошча вакол замка была запоўнена народам. Былі ўстаноўлены мікрафоны. Чырвонаармейцы раздавалі ўдзельнікам мітынгу савецкія газеты, брашуры, кнігі”.

30 верасня 1939 года выйшаў першы нумар газеты «Уперад» – органа часовага кіравання горада і раёна. З таго часу раённае выданне (зараз “Лідская газета”) вядзе летапіс гісторыі Лідчыны. На  старонках газеты мы знайшлі мноства матэрыялаў, у якіх лідчане расказвалі, як мянялася жыццё пасля верасня 1939 года.

“У гарадской бібліятэцы”, № 55, 1940 год:

“Зусім нядаўна ў гарадской бібліятэцы былі кнігі толькі на польскай і яўрэйскай мовах. Цяпер жа бібліятэка мае больш 4 тысяч кніг на рускай і беларускай мовах. У тым ліку падарунак ад сталіцы – Масквы – складае 3 тысячы кніг.”

В. Амбрэмскі, начальнік механічна-зборачнага цэха завода сельгасмашынабудаўніцтва,  “Ад рабочага да начальніка цэха”, №127, 1949 год:

 “У бацькі нас было чацвёра дзяцей. Кожны жадаў вучыцца, але вучоба каштавала тады вялікіх грошай, для гэтага не хапала бацькоўскага заработку.

Усё ж мне пашанцавала. З вялікімі цяжкасцямі я закончыў пачатковую школу. Хацелася вучыцца далей, але дзверы навукі былі для мяне зачынены. Каб дапамагаць сям’і, прыйшлося за мізэрную плату пайсці падручным рабочым да майстра зборачнага цэха ліцейнага завода. Аб набыцці спецыяльнасці я не мог і марыць.
 
У 1939 годзе для мяне, як і для  ўсіх рабочых, шырока адчыніліся дзверы да заможнага жыцця і вучобы. Толькі пры савецкай уладзе я змог набыць спецыяльнасць слесара-зборшчыка. Набытыя  веды дазволілі мне ў 1945 годзе стаць майстрам цэха, а ў 1948 годзе мяне назначылі начальнікам механічна-зборачнага цэха.”

І. Багуцкі, “Мяняецца аблічча горада”, №105, 1951 год:

“Да ўз’яднання беларускага народа ў адзінай Беларускай Савецкай дзяржаве ў нашым горадзе была пераважная большасць дробных прамысловых прадпрыемстваў, аснашчоных старой тэхнікай. Рабочым прыходзілася працаваць за мізэрныя грошы. Толькі з прыходам савецкай улады лёгка ўздыхнулі працоўныя горада, пачалі ствараць свой дабрабыт.

Пасля вайны... з руін намаганнямі ўсіх працоўных горада выраслі абутковы камбінат, аснашчаны перадавой тэхнікай, мясакамбінат, фабрыка хімкультпрадметаў. На базе разбуранага піваварнага завода вырас камбінат харчовых канцэнтратаў,  пабудаваны птушкакамбінат і адноўлены іншыя прадпрыемствы.

За гады пасляваеннай пяцігодкі поўнасцю адноўлены чыгуначны вузел. Будуюцца электрастанцыя і малочна-кансервавы завод. Асобныя ўчасткі гэтых прадпрыемстваў будуць здадзены ў эксплуатацыю ў 1952 годзе.”

*  *  *

Сённяшняя  Лідчына – гэта  сацыяльна і эканамічна развіты рэгіён.  Лідчане, як і ўсе жыхары рэспублікі, упэўнена глядзяць у будучыню.  Разам з тым зварот да мінулага дапамагае нам асэнсаваць важнейшыя этапы развіцця   дзяржаўнасці, асабліва  пераломныя, вызначальныя перыяды айчыннай гісторыі. Узнаўляючы сапраўдную карціну таго, што адбывалася, мы  разумеем сэнс  падзей, іх узаемасувязь.    Кожнаму зразумела, што адзінства беларусаў – адно са складаючых  працвітання і поспехаў нашай краіны.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться