"Тарноўскі цуд", або як у аграгадку ладзiлi брэндавае свята
23 Августа 2023
891
– Тарноўскі край даўно славіцца сваімі садамі. Менавіта тут вырошчваюць розныя гатункі нізкарослых яблынь. Іх прыгожыя і смачныя плады радуюць пакупнікоў Лідчыны ўвесь асенне-зімовы перыяд. Таму не дзіва, што брэндам аграгарадка мясцовыя жыхары абралі менавіта яблыкі, – расказвае загадчыца Тарноўскага Дома культуры Святлана Антонік.
Кісла-салодкі “айдарад”, зімаўстойлівае “вербнае”, храбусткі і сакавіты “імант”, ружова-жоўты “імбрус”… Пра вітамінныя прадукты Тарноўшчыны не па чутках ведаюць госці фэсту. Сярод іх, вядома, нямала садаводаў ЛРСУП “Мажэйкава”, ад плённай працы якіх залежыць, ці будзе важкім ураджай сакавітых пладоў.
– У сельгаспрадпрыемстве “Мажэйкава” працую амаль з самай закладкі саду, а гэта амаль 15 год, – расказвае садавод Вольга Петрусевіч. – На календары жнівень, а гэта значыць, цяпер у нас актыўная пара збору яблыкаў.
– Дарэчы, работы ў садзе не прыпыняюцца практычна круглы год, – дапаўняе сваю калегу садавод Галіна Радзько. – Як толькі з яблыні ўбіраецца апошні плод, пачынаюцца работы па апрацоўцы дрэў. Дзесьці ў снежні садаводы праводзяць зімовую абрэзку дрэў, потым – фарміраванне кроны, апрацоўкі і падкормкі, якіх за сезон бывае больш за дзясятак. Прызнацца, сённяшняе мерапрыемства лічу свам прафесійным святам.
Вітамінаў цэлы чамадан
– Аснова гэтай садавіны на 80%, а часам і на ўсе 90% – вада. Аднак гэта толькі спрыяе максімальна хуткаму і глыбокаму засваенню карысных рэчываў, якія заключаны ўнутры яблыкаў, – расказвае вядучы падчас інфармацыйнай хвілінкі. – Там змяшчаюцца вітаміны А, В1, В2, В6, а таксама фтор, калій, кальцый, цынк, сера, натрый, жалеза, марганец, нікель, магній, малібдэн, алюміній, хром, ванадый і бор, арганічныя кіслоты, абалоніна, крухмал, пекцін… Дзякуючы такому набору вітамінаў і кіслот яблыкі валодаюць унікальным уздзеяннем на арганізм. Калі ўжываць іх сістэматычна, арганізм адгукнецца на гэта бадзёрасцю і здароўем.
А колькі смачных страў можна прыгатаваць з садавіны! Шарлотка, аладкі, пірагі, варэнне, кампот, яблыкі печаныя, мочаныя, яблычны пудынг, яблычны сок, мус... Сёлета мясцовыя гаспадыні падрыхтавалі столькі далікатэсаў, што ад іх сталы аж ламіліся. Асабліва смачнымі атрымаліся яблычныя блінцы, якімі частавалі ўсіх прысутных. Рассмакаваўшыся, госці свята, вядома, пачалі прасіць рэцэпт гэтага кулінарнага шэдэўра. Тарноўская гаспадыня Аліна Магільніцкая з ахвотай ім падзялілася. Кажа, што гэты яблычны ласунак гатуецца хутка, а з’ядаецца яшчэ хутчэй.
Хто песню праспяваў, той яблык атрымаў
Але пачастункамі свята не скончылася. Падчас фестывалю вадзілі карагод вакол кучаравай яблынькі, ушаноўвалі яе праз вершы і песні, зачытвалі цікавыя факты і, канешне, праводзілі мудрагелістыя гульні. Так, павесяліў прысутных конкурс “Накармі суседа”: дзве гаспадыні спаборнічалі ў тым, кто хутчэй пачастуе садавінай мужчын. Для гэтага трэба было пачысціць яблыкі, нацерці іх на тарцы і пасыпаць цукрам. Самае смешнае пачалося тады, калі жанчыны прыступілі да “кармёжкі” – вялізнымі лыжкамі яны адпраўлялі ў рот “суседу” свае вітамінныя стравы. Рагаталі ўсе!
На яблычны фэст у Тарнова прыехалі ўраджэнцы тутэйшых мясцін, якія калісьці пакінулі малую радзіму. Таццяна Ардзюн даўно перабралася ў Ліду, але штогод прыязджае сюды, у “хату бацькоў”, якая, як вядома, не прадаецца.
– З гэтымі мясцінамі звязаны самыя лепшыя ўспаміны, таму што тут прайшлі мае дзяцінства і юнацтва. Памятаю, калі надыходзіла пара збору яблыкаў, дом напаўняўся іх водарам. Нават зімой варта было прыадчыніць дзверцы склепа, дзе захоўваліся яблыкі, – і гэты водар пранікаў паўсюль… Дзякую арганізатарам свята за тое, што ўшаноўваюць мясцовы здабытак – тарноўскія сады. Сённяшняе свята атрымалася вельмі шчырым!
І сапраўды, супрацоўнікі Тарноўскага Дома культуры сумесна з калегамі з іншых сельскіх клубаў пастараліся на славу. Яны падрыхтавалі цудоўныя кампазіцыі з садавіны і агародніны, прапаноўвалі прадэгуставаць стравы з яблыкаў, сфатаграфавацца ў фотазонах, дзе галоўным атрыбутам былі зноў жа яблыкі.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.