«Тут мы нарадзіліся, выраслі, стварылі сям’ю». У Аўсядава адбылося свята вёскі

23 Мая 2019 1845
У  мінулыя выхадныя  давялося пабываць на свяце вёскі Аўсядава, і  добры настрой перадаўся мне яшчэ да пачатку імпрэзы. Ён адчуваўся ва ўсім: і ў тым, што наваколле  вёскі  ўраджвала яркасцю фарбаў палёў, і ў тым, што яна сама   прыхарашылася да свайго свята, і, вядома, у шчырасці, добразычлівасці вяскоўцаў. “Праходзьце, сядайце, калі ласка. Мы гасцям рады”, -- віталі яны прыезджых гасцей.

Дарэчы, тых, хто зараз жыве ў Аўсядаве, нямнога, чалавек дваццаці не набярэцца. Ні тое што раней, калі ў кожнай хаце падрастала па двое-трое дзяцей. Тым не менш людзей на свяце вёскі было нямала. Бо дзеці, унукі, якія цяпер прыязджаюць да бацькоў, не прамінулі наведаць мерапрыемства, што ладзілася ў гонар таго месца, адкуль пайшлі іх карані.

Праграму свята вёскі распрацавалі работнікі філіяла “Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу” ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

– Вельмі хочацца парадаваць жыхароў Аўсядава. Бо няма такога чалавека ў гэтай мясцовасці, у якога б не былі рукі залатыя і сэрца шчырае, – казала журналісту мастацкі кіраўнік філіяла Вольга Бальцэвіч.

Пачалося мерапрыемства з агульнага падарунка для прысутных. З-за павароту вынырнуў жоўты аўтобус, падкаціў да пляцоўкі, дзе ладзілася свята, і спыніўся. Адтуль павыходзілі прыгожа апранутыя  пасажыры. Аказалася, у рамках работы аўтаклуба прыехалі самадзейныя артысты з горада: хор ветэранаў “Майскія зоры” Палаца культуры г. Ліды пад кіраўніцтвам Ніны Івановай, лаўрэат 10-га рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці. Сваім выступленнем яны  прынеслі сапраўдную асалоду гледачам. Тыя не толькі моцна пляскалі ў далоні, падпявалі, але і  разам з самадзейнымі артыстамі пусціліся ў танцы.

Затым, калі аўтобус аўтаклуба прадоўжыў свой маршрут, эстафету ад прыезджых артыстаў перанялі мясцовыя работнікі культуры, вакальная група “Чараўніцы”. У праграму ўваходзілі не толькі канцэртныя нумары. Гутарка ішла аб усім, што блізка і знаёма вяскоўцам: аб роднай зямельцы, аб роднай вёсачцы, аб хлебе надзённым, аб бацьках і дзецях. Памяць старэйшых жыхароў вёскі вярнула ў мінулае. Некаторыя, хоць і былі падлеткамі, могуць згадаць, як у 1949 годзе з дробных сялянскіх гаспадарак арганізоўвалі калгас. Увайшлі ў яго, акрамя Гудаў, Белевічы і Аўсядава. Праз два гады з іншых навакольных вёсак таксама была  створана агульная гаспадарка. Аб’ядналіся яны ў 1959 годзе, а яшчэ амаль праз дзесяцігоддзе ўліліся ў саўгас “Лідскі”.

На свяце вёскі прысутнічаў прадстаўнік кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, загадчык участка “Гуды” Віктар Кеса. Дарэчы, сам ён з Аўсядава, таму добра ведае жыхароў вёскі. Віктар Валяр’янавіч дзякаваў усім, хто ўносіў і ўносіць свой асабісты ўклад у развіццё гаспадаркі.

Вельмі прыемна, што РСУП “Саўгас “Лідскі” выдзеліў сродкі, каб набыць падарункі для тых вяскоўцаў, якія добра зарэкамендавалі сябе жыццём і працай. Гучалі з гэтай нагоды прозвішчы Веранікі Адольфаўны Кесы, Ядзвігі Станіславаўны Івуць, Станіславы Іосіфаўны Місевіч, Вацлава Вацлававіча Карпея, Генаэфы Іосіфаўны Мацкевіч, Яніны Браніславаўны Данілецкай, Марыі Станіславаўны Рынкевіч, Люцыі Феліксаўны Брындзы. Асобна адзначалася самая старэйшая жыхарка Аўсядава Марыя Баляславаўна Брэйва.

А сын і нявестка Марыі Баляславаўны, Станіслаў і Ганна Брэйвы, былі адзначаны як сям’я жывёлаводаў, што шчыруюць на мясцовай ферме.

– Для нас з мужам Аўсядава – родная вёска. Тут мы нарадзіліся, выраслі, стварылі сям’ю. Тут нарадзіліся і выраслі нашы сыны, – казала журналісту Ганна Брэйва. – Ведаеце, мне здаецца, што лепшага за нашу вёску населенага пункта няма. Кажаце, сваю ролю іграе звычка? Можа, гэта і так. Шмат у свой час моладзі ў горад падалося. Ён жа блізенька – каля шасці кіламетраў ад нас. Таму ёсць зараз і пустуючыя дамы. Але і  гэтыя сядзібы не забываюць тыя, хто тут нарадзіўся. Яно ж сваё, роднае!

Ганна Іванаўна кажа, што, калі ёй, як старасце вёскі, культработнікі прапанавалі арганізаваць жыхароў Аўсядава на мерапрыемства, прысвечанае вёсцы і яе жыхарам, вельмі ўзрадавалася. Бо людзі ў вёсцы добрыя,   заслугоўваюць павагі (а ў асноўным тут засталіся  пажылыя жыхары), і важна выказваць прыемные словы ім пры жыцці.

Як тут не згадзіцца з Ганнай? Вельмі добра, што культработнікі ладзяць святы як вялікіх, так і зусім маленькіх вёсак раёна. Гэта нагода не толькі разнастаіць вольны час вяскоўцаў, але і ўшанаваць іх.

















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться