Ліда адзначыла Дзень Незалежнасці (фота)
Галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці - адзначылі ў мінулую сераду лідчане. Прыгожы сонечны дзень пад купалам блакітнага з белымі аблачынкамі неба спрыяў узнёсламу настрою тысяч жыхароў і гасцей горада, якія прыйшлі на плошчу каля Палаца культуры.
Свята ўрачыста было адкрыта выступленнем народнага ансамбля “Лідчанка” з кампазіцыяй “Мой край” і гімнам Рэспублікі Беларусь, які разам з артыстамі выканалі ўсе прыстуныя. З прывітальным словам да лідчан звярнуўся старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Астроўскі. Галоўнае свята краіны непарыўна звязана з адной з найважнейшых падзей айчыннай гісторыі -- вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. Для беларусаў гэтая дата з'яўляецца сімвалам нацыянальнага гонару. Навекі ў нашай памяці застанецца подзвіг нашых продкаў, якія адстаялі сваю свабоду. Пасляваеннае пакаленне адраджала гарады, узнімала прамысловасць. Эстафету слаўных спраў годна прыняло і маладое пакаленне лідчан. Сёння лідскі рэгіён дынамічна развіваецца і з’яўялецца флагманам дабрабыту Гродзеншчыны. А ўсіх нас аб’ядноўвае адно – мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Мы ідзём па абраным шляху да дасягнення пастаўленай мэты: ўмацавання моцнай і квітнеючай Беларусі.
Па традыцыі на свяце адбылося ўшанаванне ганаровых грамадзян Ліды: першым у гэтым шэрагу стаіць імя Надзеі Іванаўны Паповай, былога першага сакратара гаркома. Важкі ўклад у развіццё рэгіёну ўнеслі таксама Пётр Пятровіч Лабан, дырэктар прадыпремства электрычных сетак, і Пётр Рыгоравіч Гардзіёнак, які узначальваў Лідскую ТЭЦ.
Працягам свята на канцэртнай пляцоўцы стала тэматычная праграма “Ты гонар і песня мая, Беларусь!” Лепшыя выканальнікі і калектывы Лідчыны славілі радзіму сваім талентам. У такт ім многія гледачы падпявалі: “Мы беларусы, і ганарымся тым, што маем гэтае імя...” Лірычныя кампазіцыі, напоўненыя прызнаннямі ў каханні роднай Беларусі, самай прыгажэйшай з краін, якую нездарма параўноўваюць з васільковым полем, рэхам адгукаліся ў сэрцах прыстуных. Сярод гледачоў карэспандэнт “Лідскай газеты” сустрэў грамадзянку Бельгіі Насенс Брыджыт Мары Дамінік. Брыджыт вось ужо другі раз падарожнічае па Беларусі, сёлета -- каб прайсці сцежкамі Марка Шагала. “Я палюбіла гэту краіну і яе працалюбівы народ за іх менталітэт, гасціннасць”, -- кажа яна. У Лідзе Брыджыт упершыню... Што перш уразіла: шырокія вуліцы, шмат зеляніны, магазіны, культура... А яшчэ горад падаўся ёй горадам для дзяцей. Брыджыт наведала шклозавод “Нёман”. Поўная ўражанняў засталася і ад прыгожага свята.
Між тым, на тэрыторыі каля Палаца культуры таксама бурлела святочнае жыццё: можна было наведаць алею мастакоў, дзе выстаўляліся работы не толькі дарослых майстроў пэндзля, але і таленавітых выхаванцаў дзіцячай мастацкай школы. Галерэю сваіх вырабаў прадставілі рамеснікі і народныя ўмельцы: увагу прыцягвалі вырабы з саломкі, дрэва і скуры. Як заўсёды, попытам карысталіся сувеніры. А вось жанчыны абавязкова спыняліся каля павільёна швейнага прадпрыемства “Элема”. Працаваў дзіцячы гарадок з вясёлымі батутамі, а ў Палацы культуры маленькіх гараджан прымала Планета забаў. Прадпрыемствы гандлю арганізавалі выязную працу: пад парасонамі на летніх пляцоўках кафэ можна было адведаць духмяныя шашлыкі і розныя прысмакі, наталіць смагу квасам.
Асаблівую прыгажосць святу надало авія-шоу, якое аранізавалі асы мясцовай авіябазы: у небе над Лідай яны паказалі фігуры найвысшага пілатажу, пакідаючы у небе рознакаляровыя стужкі дыму, а ў памяці прыстуных незабыўныя ўражанні.
На схіле дня гаспадарамі святочнай пляцоўкі стала моладзь: пад адкрытым небам да позняга вечару гуляла дыскатэка.