У Доме Валянціна Таўлая адкрыта выстаўка «Пад белым яварам» да 110-годдзя беларускай паэтэсы Ніны Тарас

19 Июня 2026 76
У Доме Валянціна Таўлая да 110-годдзя беларускай паэтэсы Ніны Тарас, творчая і грамадская дзейнасць якой неразрыўна звязана з горадам Лідай, адкрыта выстаўка «Пад белым яварам».

Яна арганізавана паводле хатняга архіва паэтэсы. У 2024 годзе гэтыя рэчы перадала ў літаратурны аддзел музея сям’я Сямернікаў – пляменнікі пісьменніцы: Галіна Іванаўна і яе муж Іван Іосіфавіч. Сярод іх – шэраг фотаздымкаў, якія раскрываюць біяграфію паэтэсы. На некаторых з іх можна пабачыць маладую Ніну ў вёсцы Заполле, што на Навагрудчыне. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца і з унікальнымі фотаздымкамі, дзе будучая паэтэса сярод навучэнцаў Навагрудскай (1931-1932 гг) і Віленскай (1935-1936 гг) беларускіх гімназій. Варта звярнуць увагу на фотаздымкі бацькоў паэтэсы Міхаіла Адамавіча і Антаніны Сямёнаўны і інш.

Цікавымі экспанатамі з’яўляюцца пасведчанні аб заканчэнні вясковай школы з польскамоўным навучаннем (1929 г), Навагрудскай беларускай гімназіі – на імя Тарасішкі Ніны, дачкі Міхася (1930-1932 гг), гімназіі імя А. Міцкевіча, выдадзенае на імя Тарас Ніны (1932-1934 гг).
У 1940 годзе Ніна Міхайлаўна была прынята ў Саюз пісьменнікаў СССР, затым – БССР, аб чым сведчаць членскія білеты.


Ваенны перыяд пакінуў след у жыцці паэтэсы юбіляркі. Вялікую Айчынную вайну яна сустрэла ў Лідзе. Сведкамі таго часу з’яўляюцца копіі хадатайніцтваў, даведак, характарыстак, а таксама – арыгінальнае пасведчанне партызана Беларусі.

Яе дом у Лідзе выкарыстоўваўся для явак партызан. Пазней ён быў спалены разам з назапашаным архівам паэтэсы: рэчамі, кнігамі, рукапісамі новых твораў. Гэты дом належаў мужу Ніны Тарас Янку Федаровічу. Па ўспамінах сястры Валянціна Таўлая – Ніны Таўлай Радзюкевіч, гэты дом знаходзіўся ў раёне Пяскі. А больш дакладна пра ваеннае жыццё ў Лідзе паэтэса пісала сакратару ЦК КП Беларусі таварышу Кузьміну Аляксандру Трыфанавічу 18 сакавіка 1973 г:
«У час вайны эвакуіравацца не змагла – засталася жыць у Лідзе, у акружэнні трайнога ворага: нямецкіх фашыстаў, белапалякаў і беларускіх нацыяналістаў. У горадзе Ліда мяне ведалі як камсамолку (камсамольскі білет за нумарам 12250760 у час вайны я перахавала), дэпутата гарсавета, актыўнага агітатара, супрацоўніка рэдакцыі лідскай газеты «Уперад», а таксама як маладую паэтэсу (у той час ужо выйшаў з друку мой першы зборнік вершаў «На ўсход ідучы…»). У сувязі з гэтым сярод белапалякаў я набыла сабе палітычных ворагаў, якія рыхтавалі нада мною крывавую расправу. Першыя месяцы вайны прышлося хавацца ў бацькі ў роднай вёсцы Заполле Навагрудскага раёна. Змяніўшы сваё дзявочае прозвішча Тарас на мужава Федаровіч я зноў засталася жыць у Лідзе, у доме мужа па вуліцы Тапалёвай, 7. Там мяне знайшлі былыя падпольшчыкі рэвалюцыянеры – паэт Валянцін Таўлай, якога я добра ведала па працы ў лідскай газеце «Уперад», і Каця Главінская, з якою я калісьці разам вучылася і працавала ў падпольным камсамоле ў Навагрудскай беларускай гімназіі. Яны прапанавалі мне далучыцца да «групы мсціўцаў», арганізаванай у г. Навагрудку, і прыняць удзел у барацьбе з нямецкімі акупантамі. З прапановай я згадзілася. Гэта было ў пачатку 1942 г. З той пары і да прыходу Савецкай Арміі ў 1944 г трымала сувязь спачатку з членамі «групы мсціўцаў», а пазней, калі яны ўліліся ў партызанскі атрад імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага, – з партызанамі гэтага атрада. Мая кватэра па вуліцы Тапалёвай, 7 пачала служыць для явак партызан. У ёй сустракаліся партызаны-падпольшчыкі Іван Кашпар, Фама Жук, Мікалай Шаўка, Моця Наказных і іншыя. Я звязалася са спецгрупай партызанскай брыгады імя С.М. Кірава. Неаднаразова па заданню лідскай спецгрупы, падвяргаючыся небяспецы, ездзіла ў Навагрудак і праз Валянціна Таўлая перадавала неабходныя звесткі партызанскаму камандаванню «Дзяржынскай» брыгады, ад іх атрымлівала далейшыя даручэнні…»
Вул. Тапалёвай на карце горада Ліда ўжо няма. Яна з 26 мая 1955 г перайменавана ў вул. Даватара. Цяпер там прыватны сектар, які вырас пасля пажарышча ў пачатку 1950-х. На месцы Тапалёвай, 7 (Даватара, 7) зараз цагляны двух павярховы дом. Калісьці там жыла сям’я Мацулевічаў. Па некаторых звестках яны прыехалі з Цыбараў, а потым пераехалі ў в. Пурсці Лідскага раёна. Тым часам, як мяркуецца, у Пурсцях захаваўся драўляны дом, у якім жыў Іван Уладзіміравіч Федаровіч – муж Ніны Тарас. У гэтым доме потым жыў Вацлаў Федаровіч (магчыма, сын мужа Ніны Тарас), які з цягам часу пераехаў жыць у в. Крупава да жонкі.

У Лідзе па вул. П. Марозава,17 зараз знаходзіцца СШ №10 г. Ліды імя А. А.Клімко, а падчас вайны там размяшчалася гестапа. Менавіта туды нямецкім паслугачом Якуцэвічам і У сталіцы яна жыла па вул. Палярнай, 5, кв. 1, затым па вул. Сядых, 16, кв. 24. Вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які так і не скончыла (на выставе прадстаўлена заліковая кніжка студэнткі за вочнага аддзялення быў перададзены ліст Ніны Тарас і Лідзіі Таўлай аб вызваленні Валянціна Таўлая. Усе кропкі на карце знаходзіліся побач. Як бачы, да гэтай пары захоўваецца яшчэ шмат загадак... Час разгорне іх.

***

З 1944 па 1945 гг паэтэса зноў працавала ў газеце «Уперад». У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца ліст Ніны Тарас да старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Лынькова, у якім яна прасіла дапамогі ў выдачы зборніка.  

У хуткім часе паэтэса пакінула Ліду. Праз пасведчанні, прадстаўленыя на выставе ў Доме Валянціна Таўлая, можна ўпэўніцца, што ў пасляваенны час яна працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, рэдакцыі газет «Піянер Беларусі» і «Звязда».

У сталіцы яна жыла па вул. Палярнай, 5, кв. 1, за тым па вул. Сядых, 16, кв. 24. Вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які так і не скончыла (на выставе прадстаўлена заліковая кніжка студэнткі завочнага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ за 1947 г). Але скончыла Вышэйшыя двух гадовыя літаратурныя курсы ў Маскве, аб чым сведчыць агульнае фота 1955-1957 гг. 50-ыя гады для Ніны Тарас былі насычаныя на паездкі і сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі БССР. Сведкамі гэтага сталі фотаздымкі, на якіх можна пабачыць Ніну Тарас з Петрусём Броўкам, Міхасём Клімковічам, Янкам Брылём, Іванам Шамякіным, Іванам Мележам, Паўлам Кавалёвым і інш. падчас трэцяй рэспубліканскай нарады маладых пісьменнікаў у Мінску ў 1950 г. Шэраг момантаў зафіксаваны на фотакамеру ў 1958 г, дзе Ніна Міхайлаўна прымала ўдзел у дэкадзе беларускай літаратуры ў Літве разам з Максімам Танкам, Пятро Глебкам, Пятрусём Броўкам і з іншымі класікамі беларускай літаратуры. 
Нямала грамат адрасавана паэтэсе ў гонар яе юбілейных датаў: на іх пакінуты дзесяткі подпісаў вядомых майстроў беларускага слова – Піліпа Пестрака, Максіма Танка і Янкі Брыля. Колькі ў іх жыцця, эмоцый і настрою!


На выставе прадстаўлены выразкі з газет і часопісаў, дзе змешчаны нізкі вершаў паэтэсы ў той час, а такса ма – зборнікі вершаў «Вершы» (1952), «Кветка шчас ця» (1958), «Пад белым яварам» (1966), «Наш бор» (1968), «У тапаліную замець» (1976), «Праметэю прый ду пакланіцца» (1981), «Праз вятры-завеі» (1986), «У тапаліную замець» (1976).

***

У апошнія гады пісьменніца жыла ў пляменнікаў Сямернік на лецішчы ў Мінску, дзе натхнялася на напісанне твораў. Захаваўся багаты архіў. Штосьці, ка нешне, ужо перададзена ў бібліятэкі, школы. Але, як зга дала пляменніца Галіна Іванаўна, незадоўга да смерці, Ніна Міхайлаўна сабрала нейкія паперы, перавязала і папрасіла іх спаліць. Просьбу пляменніца выканала, бо адказнасць была вышэй за ўсё. Што было ў тым стосе?.. Невядома. Але не ўсё, як ведаем, згублена! 

Частка архіва паэтэсы перададзена ў Ліду – у Дом яе сябра і таварыша, беларускага паэта-рэвалюцыянера, грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча Валянціна Таўлая, у якога яна гасцявала не адзін раз, дзе чыталі адзін аднаму вершы, рыхтавалі ў друк матэрыялы для га зеты «Уперад».

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі захоўваецца перапіска былога дырэктара Мікалая Ісаевіча Іванова (за 30 жніўня 1965 г). У сваім адказе яму Ніна Тарас узгадвае пра сяброўства з Валянцінам Таўлаем:

“… пазнаёміліся ў 1939 г, разам працавалі ў рэдакцыі газеты «Уперад». Валянцін Таўлай у працу ўкладваў ўсю сваю душу. Я не адразу даведалася, што ён – паэт. Спачатку ён хаваў гэта ад мяне, хаця ведаў, што я пішу вершы. Пазней дзяліўся са мною кожным радком свайго верша, кожнай задумай. У газеце перыядычна друкаваліся літаратурныя старонкі, у якіх прымалі ўдзел маладыя літаратары раёна і якіх вельмі беражліва стараўся выхоўваць Валянцін Таўлай. У нас быў вялікі спіс уласных селькораў, якія нам дапамагалі газетнымі матэрыяламі. Людзі цягнуліся да газеты, стараліся дзяліцца з намі сваім жыццём, сваімі справамі. Мы друкавалі на старонках газеты і ўласныя вершы. Асабліва стараліся рабіць урачыстымі святочныя нумары. Валянцін Таўлай вельмі радаваўся, калі нумар удаваўся, быў добра аформлены, змястоўны. У першамайскім нумары 1941 г быў змешчаны адзін з самых лепшых вершаў паэта «Першамайскія сцягі». Я добра памятаю той святочны сонечны дзень, дэманстрацыю працоўных у горадзе, якую мы назіралі з Таўлаем з балкона рэдакцыі. Побач з Таўлаевым вершам быў змешчаны і мой верш. Там былі радкі: «крокам цярэбяць шлях». Гледзячы на дэманстрацыю, Таўлай сказаў: «Глядзі: крокам цярэбяць шлях». Мяне гэта крыху кальнула, і я прамовіла: «Ты лепш глядзі, як твае першамайскія сцягі панеслі». І мы доўга смяяліся. Гэта было наша першае вольнае першамайскае свята…”

Пра Валянціна Таўлая Ніна Тарас пісала таксама ў сваім матэрыяле «Я ведала яго». Вось некаторыя вытрымкі:

«Аднойчы ён запрасіў мяне дамоў, у сваю сям’ю. На стале я ўбачыла вершы – закончаныя, незакончаныя, асобныя радкі, а на некаторых лістках толькі адны назвы. Пасля ён паказаў мне доўгі спіс адных толькі назваў. Валянцін растлумачыў, што ўсе гэтыя вершы напісаны ў турме і многія з іх ён забыўся, а цяпер стараецца ўспомніць. Так у нас пачаліся літаратурныя чытанні, якія трывала ўвайшлі ў наша жыццё і паўтараліся амаль кожны дзень – то ў яго на кватэры, то ў мяне. Захапляліся мы Маякоўскім і Багрыцкім. З польскіх класікаў Валянцін незвычай на любіў Славацкага».

«Цяжка цяпер меркаваць, што выйшла б з-пад пяра паэта, але сам ён ускладваў на гэты матэрыял вялікую надзею і пасля балюча перажываў, што ўсе рукапісы новых вершаў, паэма пра Палессе і яго багатая бібліятэка загінулі ў час вайны».

 «Валянцін Таўлай прывёз аднойчы ў Ліду свой невялікі, акуратна зроблены ад рукі зборнічак вершаў пад назвай «Шляхі і краты», пад псеўданімам Паўлюк Сірата. Пад загалоўкам зборнічка было дробна напісана: «нізанка вершаў». Гэту «нізанку» ён прынёс мне прыхаваць у выпадку, калі ён загіне. Такіх экзэмпляраў ён зрабіў некалькі і раздаў розным асобам. Тое самае раіў зрабіць і мне». «Таўлай дажыў да Перамогі і зноў акунуўся ў працу. Але сілы яго былі падарваны. Лежачы ў бальніцы, цяжка хворы, ён прасіў мяне прынесці яму карэктуру яго першага зборніка вершаў. Але пабачыць яго паэт не паспеў. «Выбранае» яго мы чыталі ўжо без паэта».
Ніна Тарас узгадвала, што ў Валянціна Таўлая была свая бібліятэка. Гэтыя ўспаміны далі магчымасць стварыць у Доме-музеі пакой адкрытага захоўвання «Бібліятэка пісьменніка». У гэтым жа памяшканні і вырашына адкрыць выстаўку «Пад белым яварам», прысвечаную 110-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы. У 1949 годзе, праз два гады пасля смерці земляка, яна напісала верш «Памяці Валянціна Таўлая» з такімі радкамі: «Калі па звычцы прывядзе сама / У дом твой сцежка, ціха рыпнуць дзверы, / Мне скажа ўсё, што ўжо цябе няма. / Цябе няма… / А я ўсё не веру».


А пазней, у 1961-1964 гг, нібыта ў адказ на паэтычныя радкі Валянціна Таўлая «Помню, помню, мы некалі дзікую ружу сустрэлі / І не ведалі, ружа цвіла ці сустрэча і вочы цвілі» Ніна Тарас напіша: «Дзікая ружа! Пялёсткі засохлі, завялі. / Годы прайшлі, а боль у душы не пагас…/ З новымі песнямі крочым мы ў новыя далі. / Чаму ж не хапае сягоння цябе паміж нас?» Сімвалічна, што на Даўгабродскіх (Вайсковых) могілках у Мінску па вуліцы Казлова, 11, дзе пахаваны Валянцін Таўлай, расце дзікая ружа, як знак камунікацый паміж двума неабыякавымі асобамі.

***

Сярод стоса архіўнага матэрыялу захаваліся машынапісы аповесці «Бура», якую Ніна Тарас пісала яшчэ ў маі 1965 г. Між іншым, урывак з гэта га твора быў змешчаны ў часопісе «Работніца і сялянка» №11 1966 г пад назвай «Першы снег». Усё ж твор адляжаўся, уратаваўся… Першаму яго варыянту далі свет у блізкім для аўтара горадзе Ліда, а больш дакладна – у літаратурна мастацкім зборніку «Ад лідскіх муроў» № 11 (кніга 2) за 2022-2025 гг.

Напрыканцы мая 2026 г у Дом Таўлая наведаліся пляменнікі паэтэсы з Баранавічаў – сям’я Хрышчановічаў – Генадзь Аляксеевіч і Таццяна Анатольеўна. Яны перадалі ў музей фотаздымкі. А сям’я Сямернікаў, у якіх апошнім часам і пражывала паэтэса, – прыжыццёвае выдан не «Суніцы» за 1946 г з самаробнай вокладкай, дзе вершы змяшчаюць рукапісныя папраўкі, зробленыя Валянцінам Таўлаем. Аб тым, што гэты зборнік чытаў Таўлай, поўнасцю даказана ў яго лісце да жонкі, калі ён лячыўся ў клінічнай бальніцы ў Мінску. Захавалася яго перапіска, у якой гучыць просьба, каб яна прынесла ў бальніцу кніжачку «Суніцы» Ніны Тарас. Яму было цікава пазнаёміцца з новым, ужо другім паліку выданнем сяброўкі-паэтэсы. Гэтыя карэктарскія заўвагі для Ніны Тарас былі значнымі, бо яна давярала Валянціну, тым больш ён ведаў, як даводзіць да чысціні мастацкі твор. Гэты асобнік для паэтэсы быў найдаражэйшым! І – вярнуўся ў Ліду ў Дом паэта.

***

Самым сакральным прадметам на выставе з’яўляецца гербарый – галінкі белага явару, якія захаваліся ў мяшочку. На старонцы альбома, у якім ляжыць гэты прадмет, рукой Ніны Тарас пазначана: «Галінкі свайго явара з уласнага садка прыслаў мне бацька, калі працавала над зборнікам «Пад белым яварам». А было гэта ў 1965-1966 гг. Так, гэта бацька Міхаіл Адамавіч, які калісьці паверыў у дачку, што яна стане паэтам. Ён даваў ёй першыя веды ў навуцы. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, аддаў дачку ў Навагрудскую беларускую гімназію, а затым – у Віленскую. Гэтыя галінкі майскага дрэва – явара або белага клёна, дачка атрымала ў свае 50 год і захоўвала да канца жыцця, да 12 снежня 2006 г. Мінула 20 год з таго часу, як адышла ад нас паэтэса. А вось галінкі явару прарастаюць у сэрцах лідчан.

Гайда на выставу «Пад белым яварам»! Адрас – Дом Валянціна Таўлая, дзе ў двары расце клён, разнавіднасцю якога і з’яўляецца явар.
Текст: Алесь ХІТРУН,  навуковы супрацоўнік  Лідскага гісторыка-мастацкага музеяАлесь ХІТРУН, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться