Вітаем добрай песняй, цёплым словам вас, дарагія землякі!

13 Октября 2024 3506
Загадчыца філіяла “Мажэйкаўскі Дом культуры” Аксана Жукава – чалавек на Лідчыне вядомы. Сёлета спаўняецца 35 гадоў, як Аксана Антонаўна ўзначальвае ўстанову культуры аграгарадка, работа якой арганізавана самым найлепшым чынам. Гэта адзначаецца на розных узроўнях. Вось, напрыклад, нядаўна на базе Мажэйкава праходзіла паседжанне Лідскага райвыканкама. Напярэдадні яго было праведзена сацыяльнае апытанне сярод мясцовага насельніцтва наконт дзейнасці ўстаноў, якія размешчаны ў населеным пункце. У адрас Мажэйкаўскага Дома культуры гучалі толькі станоўчыя водгукі, работа была ацэнена на “выдатна”. Дружнымі апладысментамі заўсёды сустракаюць прысутныя артыстаў з Мажэйкава і на раённых мерапрыемствах. Ды хіба толькі на раённых? Мажэйкаўскаму калектыву было даверана прадстаўляць Гродзеншчыну і выступаць на адной сцэне са знакамітымі артыстамі перад удзельнікамі Усебеларускага народнага сходу. Упрыгожвае ён сваімі выступленнямі і абласное (а раней рэспубліканскае) свята “Дажынкі”. Не толькі, як кажуць, на людзей паглядзелі, але і сябе паказалі прадстаўнікі Мажэйкаўскага Дома культуры на рэспубліканскім фестывалі народнага гумару “Аўцюкі”. Падобны пералік можна прадаўжаць.

Безумоўна, вынікі дзейнасці, аўтарытэт любой арганізацыі ў многім залежыць ад яе кіраўніка. Загадчыца Дома культуры Аксана Жукава не толькі чалавек творчы, мае артыстычны талент, яна яшчэ і добры арганізатар, у характары – адказна падыходзіць да любой справы. Улічваючы рознабаковыя здольнасці жанчыны, яна магла б быць прафесіяналам у многіх сферах дзейнасці. Аднак Аксана Антонаўна яшчэ ў дзяцінстве бяспярэчна выбрала для сябе прафесійную сцяжынку, па якой будзе ісці ўсё жыццё. Пасля заканчэння школы Аксана мару здзейсніла: паступіла ў Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча (зараз каледж мастацтваў) на тэатральнае аддзяленне. Падчас вучобы дзяўчына выйшла замуж. Мікалай вучыўся ў тым жа вучылішчы на аддзяленні “Народныя інструменты”. Абодва былі, лічы, з адной мясцовасці: Аксана Антонаўна нарадзілася і жыла ў Мураванцы, а Мікалай Мікалаевіч – у Мажэйкаве. Пасля атрымання дыпломаў сям’ю Жукавых па размеркаванню накіравалі працаваць у Карэліцкі раён, аднак хутка лёс распарадзіўся так, што маладыя людзі вярнуліся на малую радзіму. Неяк яны прыехалі да бацькоў у госці і сустрэлі тагачаснага дырэктара мясцовага сельгаспрадпрыемства Казіміра Рахатку. Казімір Уладзіслававіч прапанаваў маладой сям’і пераехаць у Мажэйкава і заняць вакантныя пасады – загадчыка і мастацкага кіраўніка ў Доме культуры, абяцаў усебаковую падтрымку. Муж і жонка згадзіліся. Дырэктар жа стрымаў слова. Сям’я атрымала кватэру, а ўстанова культуры заўсёды адчувала да сябе ўвагу з боку сельгаспрадпрыемства. 

– Мне пашанцавала і ў тым, што з першага дня маёй работы побач са мною быў творчы і таленавіты калектыў, – кажа Аксана Антонаўна. – Муж праз некаторы час змяніў работу, пераняў працоўную эстафету ў свайго бацькі і набыў навыкі электраманцёра. У Лідскім РУЭС ён зараз на добрым рахунку. Але як чалавек творчы, Мікалай не адмаўляецца ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія праводзіць Мажэйкаўскі Дом культуры. Самыя добрыя словы магу сказаць пра нашага культарганізатара Алену Венска. Яна для мяне не толькі калега, але і сябра, суседка. Разумеем адна адну з паўслова. Вялікі ўклад у дзейнасць Дома культуры ўносіў і ўносіць Юрый Шмара. Ён акампаніятар народнага ансамбля бытавых інструментаў “Каханачка” і гукарэжысёр. Ансамбль “Каханачка”, як вы ведаеце, – брэнд нашага Дома культуры. У свой час калектыў стварыла Людміла Масевіч. Зараз яна яго кіраўнік. Мы ўсе ўдзячны Аліне Грынкевіч, якая ў свой час сыграла вялікую ролю ў станаўленні і развіцці гэтага гурта самадзейных артыстаў. Не адзін наш канцэрт не абыходзіцца таксама і без народнага сямейнага ансамбля «Круіз», кіраўніком якога з’яўляецца Уладзімір Бачыла.

Дарэчы, калі прадаўжаць тэму брэндаў, то трэба згадаць і пра шэраг мерапрыемстваў, якія праходзяць з мясцовым каларытам, што арганізоўвае Мажэйкаўскі Дом культуры. Яны сталі папулярнымі не толькі ў вяскоўцаў акругі, але і слынныя на ўсёй Лідчыне. Гэта напоі-фэст “Глыток гісторыі з Брахоцкім” і фестываль памяці Зімавіта Фядэцкага “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі”. 

Мажэйкаўскі Дом культуры цесна супрацоўнічае з Лебяцкой царквой і непасрэдна з айцом Мікалаем. Некалі бацюшка прапанаваў мясцовым культработнікам сумесна з ім арганізаваць для дзяцей і моладзі духоўна-патрыятычную гульню “Выратаваць свет”. Ідэя была рэалізавана. Больш таго, мерапрыемства прыжылося, пашырыўшы свае рамкі, і вось ужо каторы год праводзіцца ў аграгарадку 22 чэрвеня.

Культработнікі з Мажэйкава, рыхтуючы любое са шматлікіх мерапрыемстваў для жыхароў акругі ці выязджаючы для ўдзелу ў імпрэзах за яе межы, падыходзяць да гэтай справы з вялікай адказнасцю, выкладваюцца ў прафесійным плане па максімуму. 

– А як жа іначай? – кажа Аксана Жукава. – Па-першае, нас накіроўвае на гэта дырэктар Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Раманаўна Троцкая. Па-другое, мы любім сваю работу і маем на яе настрой.

Творчыя здольнасці часта перадаюцца ад бацькоў да дзяцей. Не выключэннем сталі і нашчадкі сям’і Жукавых. Праўда, яны не пайшлі па прафесійнай сцежцы маці. Тым не менш, паколькі дачка Майя добра спявае, заўсёды гатова ўзяць на сябе ролю вядучай, а сын Канстанцін асвоіў ігру на гітары, яны не адмаўляюцца ад выступленняў перад гледачамі. Божая іскарка таленту ёсць і ў маленькай унучкі Сафіі, якая з ахвотай вучыцца іграць на скрыпцы.

Да ўсяго сказанага нельга не дадаць і такі факт. Загадчыца Дома культуры Аксана Антонаўна Жукава з’яўляецца дэпутатам Мажэйкаўскага сельскага Савета. А гэта значыць, аказваючы ёй давер, вяскоўцы ацанілі прыстойнасць жанчыны, яе якасці характару і тое, што яна заўсёды была і будзе сярод людзей.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться