Папяровыя карункі лідчанкі Дар'і Шафак. Аўтарская выстава «Карункавыя мары» адкрылася ў Лідскім замку

16 Декабря 2022 3985
Аўтарская выстава «Карункавыя мары» адкрылася ў Лідскім замку. У чым яе ўнікальнасць? Свае працы напярэдадні Калядаў і Новага году на ёй прадставіла мясцовая рукадзельніца Дар'я Шафак. Усе экспанаты не простыя: зроблены яны не з нітак, а са звычайнага папяровага аркуша.

Дар'я – той самы майстар, які валодае старадаўнім мастацтвам выразання ажурных карцін з паперы. Называецца яно выцінанкай. З'явілася дадзеная тэхніка ў Кітаі. На тэрыторыі Беларусі набыла шырокае распаўсюджванне толькі ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў. Карункамі з паперы ўпрыгожвалі пакоі і мэблю ў доме. Пазней з паперы сталі рабіць нават выцінанкі-паштоўкі.

Сёння майстроў, якія віртуозна выводзяць нажніцамі ўзоры з паперы, па пальцах можна пералічыць, таму што тэхніка патрабуе ад чалавека засяроджанасці і стараннасці: папера найтанейшая, а ўзоры настолькі мудрагелістыя, што дзіву даешся: ці магчыма, наогул, такое стварыць?

Беларуская выцінанка ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны, – распавядае Дар'я. – У гэтага мастацтва шмат варыянтаў назваў. Яго яшчэ называлі выразанка, выстрыганка. З паперы нашы продкі стваралі ажурныя вырабы ў выглядзе сурвэтак і фіранак, імі ўпрыгожвалі вокны, мэблю і нават абразы да найбольш значных святаў – Калядаў і Вялікадня. Прычым, у свае вырабы ў рознай мясцовасці майстры дадавалі местачковыя асаблівасці.

Сурвэткі, пано, паштоўкі... На выставе прадстаўлены адразу дзясяткі работ лідскай рукадзельніцы. Стыль кожнай вельмі індывідуальны, сюжэты разнастайныя: тут і біблейскія матывы, і народныя казкі, і беларускія ўзоры, і сімвалы. Дарэчы, сняжынкі, якія мы рабілі ў дзяцінстве, і ёсць разнавіднасць выцінанкі.
“Карункавыя мары” – гэта вынік маёй працы за апошнія дваццаць гадоў, – заўважыла Дар'я. – Калі можна так сказаць, асабісты ўклад у развіццё дадзенага мастацтва. Тое, што старажытная выцінанка яшчэ існуе, – заслуга сапраўдных энтузіястаў, якія яе актыўна адраджалі. І гэтая любоў да папяровых карункаў ў адзін цудоўны момант перадалася мне.

Ад сябе заўважу, што наведаць выставу адназначна варта. Хоць бы дзеля таго, каб натхніцца перадсвяточным настроем, які ствараюць творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва лідскага майстра.

Цікавыя факты

  • На Беларусі быў перыяд сілуэтнага вырэзвання. Яго выкарыстоўвалі ў дваранскім асяроддзі. У той час было папулярна аздабляць такімі выразанкамі з паперы жаночыя альбомы.

  • Для вырэзвання традыцыйных узораў выкарыстоўвалі нажніцы. Але былі і «вырыванкі”, іх выраблялі ў асноўным дзеці, таму што нажніцы ім не давяралі. Паперу проста рвалі рукамі, і атрымліваліся цікавыя вырабы. А вось «выбіванкі» – тэхналогія, пры якой малюнак выбіваўся на паперы гільзамі ад куль рознага калібру або завостранай адвёрткай.

  • Аднаўленнем традыцый выцінанкі займаюцца прафесійныя мастакі і майстры. Большасць з іх працуе ў цэнтральным рэгіёне (Мінск і Мінская вобласць). Самая знакамітая ў краіне школа выцінанкі – Маладзечанская, якая створана больш за 25 гадоў таму. З яе выйшла вялікая колькасць майстроў, у тым ліку і лідчанка Дар'я Шафак. Менавіта там яна пазнаёмілася з выцінанкай, менавіта там запалілася ў ёй іскрынка натхнення, якая з часам толькі разгараецца.






Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться