Шчыры вечар у Масявічах
Адна з важкіх прычын, за што люблю сваю работу, – магчымасць бываць на святах вёсак. Вось так у адзін нядзельны вечар я трапіла ў Масявічы, што ў Ганчарскім сельсавеце.
Тэндэнцыя змяншэння колькасці сельскага насельніцтва ў еўрапейскіх краінах не абмінула і Беларусь. Таму на такія святы часцей за ўсё збіраецца не больш за паўсотню чалавек. Але ад гэтага, наадварот, атмасфера, якая пануе каля сцэны, робіцца больш шчырай, амаль сямейнай. Так адбылося і ў Масявічах, дзе святочная сцэна разгарнулася… на падворку! Так, так! На падворку Віктара і Феафаніі Будзевічаў.
Цагляная хата, акуратненькія гаспадарчыя пабудовы, лагодны сабачка ў будцы, прыгожыя кветкі ўздоўж сцежкі, кусты парэчак за плотам і роўныя радкі квітнеючай малочным кіпнем бульбы -- ўсім сваім выглядам адразу і шчыра распавялі пра сваіх гаспадароў, сціплых, руплівых, працавітых і гасцінных.
- Не замінаюць вам столькі людзей на падворку?, - пытаюся.
- Ну што вы! Кожны год свята праходзіць менавіта тут. Гэта для нас вялікі гонар! - адказвае гаспадар.
- Я люблю людзей -- людзі любяць мяне. Так і жывём: у міры і згодзе з аднавяскоўцамі, - дадае гаспадыня.
Дарэчы, падчас свята даведалася, што Віктар Уладзіміравіч і Феафанія Іосіфаўна жывуць у міры і згодзе не толькі з аднавяскоўцамі, але і адзін з другім. Нядаўна яны адсвяткавалі сваё залатое вяселле! З гэтай нагоды ад гледачоў пачулася “Горка!”, а залатыя юбіляры і не збіраліся аднеквацца. А потым гаспадар пад павольны матыў з пяшчотай павёў сваю гаспадыню ў танец…
Пакуль артысты Ганчарскага дома культуры стваралі святочны настрой, я агледзела прысутных. Позірк у каторы раз затрымаўся на сталай жанчыне, якую беражліва захутвала ў плед другая, малодшая. Каб праверыць свае здагадкі, адразу спыталася пра іх у прысутных. А потым сама падсела да Лідзіі Іванаўны Кудлы і яе дачкі Ірыны Лявонаўны Язэпчык. Аказалася, Лідзія Іванаўна - самая старэйшая жыхарка Масявіч: ёй 89 гадоў. Як і ўсе, каго закранулі вайна і час аднаўлення краіны пасля яе, працавала шмат і цяжка: была ў калгасе паляводам. Выгадавала траіх дзяцей. Цяпер пражывае з дачкой Ірынай, якая, дарэчы, таксама карыстаецца павагай у аднавяскоўцаў. Менавіта таму яе і выбралі старастай вёскі.
Між тым, групка моладзі і дзяцей не прапускала ніводнай музычнай кампазіцыі. Весяліліся шчыра, не саромеючыся (усе ж свае!), танцавалі і жартавалі. Калі глядзела на іх вясёлыя твары, жвавыя забаўкі, з’явілася надзея, што ў гэтай вёсачцы агні не згаснуць яшчэ шмат гадоў. Якраз на імправізаваную сцэну выклікалі па падарунак самага малодшага жыхара Масявіч – чатырохгадовага Міраслава Чылеку.
Дарэчы, падарункі для паважаных удзельнікаў свята былі падрыхтаваны Ганчарскім сельвыканкамам.
Падчас мерапрыемства, дзелячыся эмоцыямі, да мяне звярнулася Ганна Паўлаўна Говар:
- Вось гляджу на ўсё гэта і ўспамінаю падзеі з дзяцінства, маладосці... У нас сям’я музычная была: тата іграў на скрыпцы, брат і я – на акардэоне.
- На вяселлях таксама ігралі?, - пытаюся.
- Я – не! Але на танцах, бывала, падмяняла музыкаў.
- А працавалі дзе?
- У калгасе. Адразу фуражырам, а потым – на складзе, загадчыцай. Амаць трыццаць год аддала калгасу…
Між тым для ўзнагароды запрасілі Веру Міхайлаўну Быстрыцкую і Соф’ю Антонаўну Бурдэйку, якія шмат гадоў адпрацавалі на шклозаводе ў Бярозаўцы.
Крыху пазней атрымалася перакінуцца парай фраз з Верай Міхайлаўнай. Вось што яна паведаміла пра сябе:
- Сама я родам з Дроздава. Сюды, у Масявічы, выйшла замуж (у васемнаццацігадовым узросце), так і засталася тут жыць. Шчыра кажучы, з самой маладосці былі праблемы са здароўем. Будучая свякроў адгаворвала свайго сына жаніцца са мной (я не крыўджуся на яе: кожная маці хоча свайму дзіцяці лепшую долю…), але ён сказаў, што вельмі кахае мяне і возьме ў жонкі такую, якая ёсць. Потым мы нарадзілі і выгадавалі двух дачок. Даўно ўжо няма ні свекрыві, ні мужа… Дочкі, зяць дапамагаюць мне. Аб адным прашу Бога: каб мір быў на зямлі…
Імёны яшчэ многіх вяскоўцаў у той вечар гучалі з нагоды віншаванняў і падзякі. Сярод іх называлі Ганну Ігнацьеўну Кудлу, Марыю Іванаўну Карабач, Валянціну Міхайлаўну Кумпяк, Ніну Мікалаеўну Халізаву, Уладзіміра Ўладзіміравіча Говара, Міхаіла Віктаравіча Говара, Аляксандра Сяргеевіча Язэпчыка, Ягора Віктаравіча Пехцерава, Андрэя Аляксандравіча Чылеку і іншых.
Аднак самай кранальнай часткай мерапрыемства сталі хвіліны памяці тых аднавяскоўцаў, твары якіх ўжо можна ўбачыць толькі на фотаздымках. Самым хвалюючым, нават сакральным момантам стала “праламленне” Хлеба памяці, якім былі абнесены ўсе прысутныя. Тыя адломвалі ад яго кавалачкі, успаміналі сваіх родных, сваякоў, аднавяскоўцаў, знаёмых. У гэты час жанчыны выціралі слёзы, мужчыны, мацуючыся, хавалі позіркі. На некалькі секунд ў паветры адчулася такое эмацыянальнае напружанне, што здавалася, быццам нябожчыкі сапраўды адарваліся ад сваіх нябесных спраў і зазірнулі на гэты падворак, каб праведаць прысутных…
Але жыццё працягваецца, пра што неўзабаве напомнілі ўсім артысты Ганчарскага дома культуры. Рэпрыза трох сябровак-весялушак з жартоўнымі кпінамі адна да другой разрадзіла сумную атмасферу.
Неўзабаве свята падышло да завяршэння, аднак разыходзіцца суседзі не спяшаліся. Калі яшчэ атрымаецца сабрацца такім вялікім колам! Будучы рэалістамі, усе разумелі, што заўтра настане новы дзень, які прынясе новыя клопаты, а тыя зацягнуць у карагод іх вырашэння…
Шчыра кажучы, у Масявічах я была ўпершыню (бог дасць, не апошні раз!) і парадавалася магчымасці, якую дае мая прафесія -- бываць сярод такіх шчырых, працавітых людзей, гутарыць з імі і расказваць пра іх нашым чытачам на старонках “Лідскай газеты”. Таму што тут пішуць для людзей і пра людзей…