Таўлаеўскія «Верабейкі» загучалі і на мове кропак і працяжнікаў
Перш чым закрануць асноўную тэму гэтага артыкула, нагадаем нашым чытачам, што каля года назад у Доме паэта Валянціна Таўлая працавала выстаўка тактыльных карцін (для людзей з праблемамі зроку) “Паэзія кропак. Разанаў, Таўлай…”, на якой былі прадстаўлены работы мастака-манументаліста з Мінска Васіля Зянько. У ліку гэтых работ – і тактыльная карціна на першы верш Таўлая “Верабейкі”, сто год з дня напісання якога адзначалася ў Доме Таўлая сёлета. Гэтую карціну і сёння можна ўбачыць у Доме-музеі ў экспазіцыі “Вераб’іная праСТОра”. На ёй можна прачытаць верш Таўлая, які напісаны тут шрыфтам Брайля.
“З дапамогай азбукі Брайля “Верабейкі” перада-дзены. А як жа гэты верш загучыць з дапамогай азбукі Морзэ?” – задаўся нядаўна пытаннем навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея, куратар Дома Таўлая Алесь ХІТРУН.
І праз некаторы час, пасля карпатлівай працы, Алесю ўдалося-такі перакласці “Верабейкаў” на марзянку. Яму нават пашанцавала пакарыстацца так званым “ключом”, які перадае таемныя літары азбукі Морзэ. Праўда, гэты “ключ” – забава для дзяцей, выпушчаная яшчэ ў 70-я гады. Пакарыстацца ім Алесю даў калега па працы – старшы навуковы супрацоўнік музея Мікалай Іода.
– Верш Валянціна Таўлая я паклаў на азбуку Морзэ не выпадкова, – гаворыць Алесь Хітрун. – Паэту сапраўды даводзілася выкарыстоўваць гэтую азбуку “за польскім часам”, у суровыя гады знаходжання за кратамі. Карыстаўся ён, знаходзячыся ў зняволенні, і іншымі тайнымі знакамі, выкарыстоўваў іх у сваіх турэмных вершах, пісаў таемныя запіскі, якія называлі “грыпсамі”. Вось што пісаў у артыкуле “Ён вершам краты пілаваў” Якуб Міско, які перад вайной працаваў разам з Валянцінам Таўлаем у Лідзе ў рэдакцыі газеты “Уперад”:
“…Учора Таўлай, які сядзіць (у турме Лукішкі. – Заўв. рэд.) на другім паверсе, прыслаў “грыпс”. Піша, што ўжо крыху акрыяў, … вось толькі сэрца стукае часам не так, як трэба. Доктар прапісаў нейкія кроплі, але яны, мусіць, дапамагаюць як кашаль хваробе. Сядзіць адзін, таксама не даюць ні паперы, ні алоўка. Вершы “запісвае” ў памяць. Калі будзе суд і ці будзе ён наогул – невядома…
Галоўным сродкам сувязі паміж вязнямі быў звычайны шнурок, які называўся “канём”. Як толькі ссутоньвала, вязні кідалі ў суседняе акно канец шнура, дзе яго лавілі і пры дапамозе мятлы, і проста рукой. Пасля гэтага “конь” перавозіў з камеры ў камеру любую рэч. Вядома, дзейнічаць прыходзілася асцярожна, каб не заўважылі вартавыя, таму што расплачвацца ў першую чаргу прыходзілася сваімі бакамі. Трэба мець на ўвазе, што за невялічкі агрызак алоўка вязню пагражаў карцар, а ў горшым выпадку яму “лічылі” скабы так, што ён пасля доўга вычухваўся…
Той чэрвеньскі вечар 1936 года не забудзецца ніколі. Увесь дзень калектыў палітвязняў з трывогай чакаў, чым скончыцца працэс над Прытыцкім. Сёння павінен быць прысуд. І вось “загаварылі” астрожныя сцены. З камеры ў камеру марзянкай-маланкай пабегла жахлівае паведамленне: “Кара смерцю”.
– Трэба крыху патлумачыць, што ўяўляе сабой азбука Морзэ (інакш код Морзэ, марзянка), – працягвае Алесь Хітрун. – Гэта спосаб перадачы тэксту паслядоўнасцю сігналаў (выбліскамі святла, колькасцю кропак і працяжнікаў, пстрычак і г. д.), якія могуць быць лёгка распазнаныя навучаным прымальнікам перадаваемай інфармацыі. Азбука Морзэ была названа ў гонар Сэмюэла Морзэ, аднаго са стваральнікаў тэлеграфа і гэтага кода. Кожны сімвал (літара, лік, знак пунктуацыі) у ёй адпавядае ўнікальнаму шэрагу кропак і працяжнікаў. Пры перадачы інфармацыі працягласць працяжніка прынята як тры працягласці кропкі. Пасля кожнай кропкі альбо працяжніка ідзе паўза, па даўжыні роўная кропцы. Кожны сімвал аддзяляецца ад іншага цішынёй, роўнай тром кропкам (аднаму працяжніку), а два словы аддзяляюцца “прагалам”, роўным сямі кропкам. Даўжыня кропкі з’яўляецца базавай адзінкай часу пры перадачы звестак.
Далей Алесь Хітрун адзначыў, што азбука Морзэ выкарыстоўваецца і маракамі ў флоце – з дапамогай ліхтарыка. Разабрацца ў гэтай справе Алесю дапамог сябар Лідскага гісторыка-мастацкага музея, старшыня Лідскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ваенных маракоў” Уладзімір Каспяровіч. А пакарыстацца ліхтарыкам з гэтай мэтай куратару Дома Таўлая даў сябар літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “ЛідаМедыяКампанія” Канстанцін Якубчык.
– Цікава, а ці была тэлеграфная станцыя з марзянкай у Лідзе? – пацікавіўся напаследак карэспандэнт.
– Была, – адказвае Алесь Хітрун. – Як стала мне вядома, 150 гадоў назад, у 1872 годзе, уздоўж паштовага тракту Вільня – Ліда – Навагрудак – Мір была пабудавана тэлеграфная лінія да Карэліч, а ў Лідзе пачала дзейнічаць тэлеграфная станцыя з двума апаратамі Морзэ. Першым начальнікам гэтай станцыі быў Савелій Нікіцін, тэлеграфным тэхнікам – Хрысанф Аляхновіч (ён жа будаваў гэтую лінію). Тэлеграфная станцыя знаходзілася на першым паверсе каменнага дома па вуліцы Сувальскай, 42 (цяпер Савецкая). У тыя часы наша Ліда была адзіным (пасля Вільні) горадам тагачаснай Віленскай губерні, у якім дзейнічала тэлеграфная станцыя з прыёмам і перадачай тэлеграм на тэрыторыі Расійскай імперыі і за мяжу.