Рэпартаж з адкрыцця музея-дачы Васіля Быкава
Васіль Быкаў… Асоба сусветнага маштабу. Сваё імя ён увекавечыў яшчэ пры жыцці, бо яго творы – гэта аснова сучаснай беларускай літаратуры. Менавіта Гродзеншчына і паклала пачатак яго творчасці. Неаднаразова ён бываў і на Лідчыне, сустракаўся з маладымі на той час лідскімі пісьменнікамі і журналістамі (У. Васько, А. Жалкоўскім), аб чым сведчаць здымкі, матэрыялы-ўспаміны. Мінула ўжо больш за 10 год, як не стала гэтай знакавай асобы. Так сталася, што месяц чэрвень падвёў рысу жыцця вялікаму таленту: 19 чэрвеня Васіль Быкаў нарадзіўся і 22 чэрвеня – памёр.
Нядаўна споўнілася 90 год з дня нараджэння класіка. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла пабываць на важнай, гістарычнай падзеі – адкрыцці музея-дачы ў Ждановічах-6, што ля Мінска, дзе калісьці жыў Васіль Быкаў. Аб тым, што плануецца адкрыць гэты музей, мне аднойчы (14 лістапада 2012 года) нагадаў сын Васіля Уладзіміравіча, таксама Васіль (Васіль Васільевіч), у кватэры якога я меў шанц пабываць, папіць разам гарбаты, узяць у яго інтэрв’ю, а яшчэ атрымаць у дар літаратурнаму аддзелу (доміку Таўлая) Лідскага гісторыка-мастацкага музея прыжыццёвыя рэчы славутага пісьменніка.
І вось гэты дзень настаў: 19 чэрвеня 2014 года. Хваляванню не было мяжы. Хваляваліся ўсе, хто сабраўся ў гэты дзень у пасёлак Ждановічы-6 на важную, гістарычную падзею: чыноўнікі, пісьменнікі, кіраўнікі сталічных музеяў, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і проста сябры Васіля Быкава. Звыш паўсотні чалавек сабралася каля двухпавярховага дома агульнай плошчай 104 квадратныя метры, які знаходзіцца па вуліцы Вінаграднай, 62.
Трэба зазначыць, што гэты цагляны дом з мансардай пабудаваў сам пісьменнік у 1984 годзе, калі яму было 60 гадоў. Пабудаваная дача стала для пісьменніка месцам адпачынку ад гарадской мітусні, тут ён прымаў сваіх блізкіх, сяброў, маляваў, займаўся аўтамабілем у гаражы. Удава В. Быкава Ірына Міхайлаўна ў 2012 годзе перадала дачу ва ўласнасць дзяржавы. Дзякуючы намаганням былога міністра культуры Паўла Латушкі і добрай волі Ірыны Міхайлаўны, а таксама пры падтрымцы кіраўніцтва краіны было прынята рашэнне адкрыць тут музей – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. На працягу двух гадоў вёўся капітальны рамонт, каб прыстасаваць дом пад музей, а таксама добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Па даручэнні Прэзідэнта нашай краіны супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры правялі навуковую апрацоўку архіва і асабістых рэчаў Васіля Уладзіміравіча, якія знаходзіліся ў яго кватэры і на лецішчы. Гэтыя дакументы і прадметы і сталі асновай экспазіцыі музея пісьменніка.
Усё агледзець за невялікі час, запісаць у нататнік і зафіксаваць з дапамогай фотаапарата не паспяваеш: вочы разбягаюцца ад убачанага. І гэта добра, бо музейшчыкі ўсё пакінулі некранутым, захавалі ў тым выглядзе, як было пры жыцці Быкава.
Музей-дача Васіля Быкава будзе працаваць з мая да кастрычніка, у цёплую пару года, бо ў доме няма належнай ацяпляльнай сістэмы. Але ж з-за гэтага сумаваць не трэба, бо, як адзначылі музейшчыкі, на вясенне-летні перыяд прыпадаюць даты – Дзень Перамогі, дзень пачатку вайны, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, – з якімі звязана імя Васіля Быкава, пісьменніка-франтавіка. У наступным годзе, паводле задумак, наведвальнік убачыць крыху змененую экспазіцыю, у якой разгорнуцца новыя старонкі біяграфіі і творчасці пісьменніка. А пакуль ёсць магчымасць наведаць музей (з 11.00 да 17.00, з серады па нядзелю).