«Любоўю мацярынскай мы сагрэтыя», або Свята ў бібліятэцы
Пры ўсёй разнастайнасці святаў ёсць асаблівыя, напоўненыя сваёй непаўторнай атмасферай, – атмасферай цяпла і дабрыні.
Дзень маці з’яўляецца менавіта такім асаблівым святам. Дзень маці – выдатная нагода выказаць сваю любоў і глыбокую падзяку галоўнаму ў нашым жыцці чалавеку – маме.
Філіялы ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” святкавалі гэты дзень разам са сваімі чытачамі, для якіх былі праведзеныя разнастайныя мерапрыемствы. Сярод іх – святочная праграма “Усё лепшае ў мяне ад Мамы” (філіял “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка”), творчая сустрэча “Букет для мамы” (філіял “Інтэграваная бібліятэка аг. Гуды”), святочнае мерапрыемства “Як сонейка ў жыцці маім матуля” (філіял “Лідская гарадская бібліятэка №2”), літаратурна-музычная кампазіцыя “Когда есть мама – жизнь прекрасна” (філіял “Лідская гарадская бібліятэка №6 імя В. Таўлая”) і многія іншыя.
Гісторыя беларускага свята Дня маці ідзе каранямі ў рэлігійнае свята – Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Ва ўсіх праваслаўных цэрквах у гэты дзень праводзіцца святочнае набажэнства. Менавіта па гэтай прычыне філіял “Інтэграваная бібліятэка аг. Дворышча” ладзіў мерапрыемства, прысвечанае Дню маці. Так, 14 кастрычніка ў бібліятэцы прайшла духоўная гутарка з епіскапам Лідскім і Смаргонскім Парфірыем і настаяцелем храма Святой Праведнай Сафіі Слуцкай Георгіем Мухам. Гутарка суправаджалася чаяваннем. У завяршэнне жанчын павіншавалі са святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы і пажадалі Божай дапамогі ва ўсім.
Святочным днём філіял “Дзітвянская сельская бібліятэка” ладзіў для сваіх чытачоў паэтычныя віншаванні “Мы будем вечно прославлять ту женщину, чье имя – Мать”. На працягу імпрэзы гучалі вершы і песні, прысвечаныя маці. А мамам, чые дзеці часцей за ўсіх наведвалі бібліятэку, былі ўручаныя падзячныя лісты за прыцягненне сваіх дзяцей да чытання кніг. Завяршылася мерапрыемства аглядам літаратуры ля кніжнай выставы “Вобраз маці дарагі”.
14 кастрычніка ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка №4” бібліятэкары сумесна з работнікамі і навучэнцамі Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў арганізавалі канцэртную праграму для чытачоў бібліятэкі пад назвай “Любоўю маці душа мая сагрэта”, прымеркаваную да Дня маці. Прысутныя з вялікай цікавасцю прымалі ўдзел у конкурсах, спявалі песні, успаміналі прыказкі пра маці, а таксама віншавалі адзін аднаго са святам.
“Сказ от сердца и от души о том, как мамы хороши” – пад такой назвай ладзіўся святочны калейдаскоп у філіяле “Лідская гарадская бібліятэка №5”, удзельнікамі якога сталі навучэнцы 3 класа ДУА “Сярэдняя школа №12 г. Ліды”. У час мерапрыемства дзеці чыталі вершы і выказванні пісьменнікаў аб маці, а таксама пачулі гісторыю ўзнікнення свята і як святкуюць Дзень маці ў розных краінах свету.
У той жа дзень для дзяцей з 2 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа №4 г. Ліды” прайшла літаратурная кампазіцыя “Усё ў свеце пачынаецца з Мамы”, арганізаваная супрацоўнікамі філіяла “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка”. Цяпло дзіцячых сэрцаў і любоў да сваіх матуль дарылі ў той дзень у бібліятэцы. Гучалі толькі самыя далікатныя, самыя ласкавыя дзіцячыя словы пра мам. Хлопчыкам і дзяўчынкам зачыталі кранальнае і ласкавае пісьмо салдата, які пісаў сваёй маці ў час Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці расказалі, якімі добрымі словамі называюць сваіх мам, як умеюць аб іх клапаціцца і дапамагаць ім. У гульні “Абед для мамы” паказалі свае кулінарныя здольнасці, а ў літаратурнай гульні “Казачная мама” ўспомнілі казкі, дзе ёсць літаратурныя мамы.
16 кастрычніка філіял “Далекская сельская бібліятэка-клуб” арганізаваў тэматычны вечар “Няма даражэй слова “МАМА”!”. У той вечар у бібліятэцы сабраліся мамы і бабулі таленавітых дзяцей аграгарадка Далекія, якія парадавалі гледачоў сваімі выступленнямі. На працягу ўсяго вечара са сцэны гучалі самыя шчырыя словы падзякі і віншаванні.
Юныя чытачы філіяла “Лідская гарадская бібліятэка №3” былі запрошаныя на гадзіну паэзіі “Пагаворым мы сёння пра маму”. Дзеці даведаліся аб гісторыі свята і аб тым, што слова “мама” – адно з самых старажытных на Зямлі і гучыць амаль аднолькава на мовах усіх народаў. У час мерапрыемства знаёміліся з творамі пра маму рускіх і беларускіх пісьменнікаў, чыталі вершы, удзельнічалі ў віктарыне, разгадвалі загадкі. У заключным конкурсе дзеці праявілі фантазію і творчасць пры стварэнні букета для мамы і віншавальнай паштоўкі.
Мама – самы родны чалавек. З самага дзяцінства мы цягнем да яе рукі, моцна абдымаем, спяшаемся падзяліцца з ёй радасцю або смуткам, і яна заўсёды пахваліць або суцешыць, скажа, што ўсё абавязкова будзе добра. І ёй верыш, бо з матчынай любоўю так лёгка дыхаецца і жывецца!