Калі знаходзіш справу па душы, жыць заўсёды цікавей. Жанчына з Лідскага раёна вышывае на працягу амаль усяго жыцця
05 Августа 2021
1737
Менталітэт народа знаходзіць адлюстраванне ў культуры і традыцыях. Мы не выключэнне. Асаблівасці жыхароў лідскага краю, адданасць гісторыі і запаветам мінулага, блізкасць да прыроды з'яўляюцца важнымі аспектамі паўсядзённага жыцця.Убачыць іх можна ва ўсім, пачынаючы з музыкі, кухні, адзення і заканчваючы прыкметамі, павер'ямі і святамі. Захаванне традыцый продкаў з'яўляецца неабходнай умовай духоўнага развіцця. Такім чынам ствараецца нябачная, але вельмі моцная сувязь пакаленняў. І пра ўсё гэта мы збіраемся расказаць чытачам у сумесным праекце “Лідскай газеты” і аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, які называецца «Тут Радзімы маёй пачатак».
Апынуўшыся ў доме жыхаркі хутара Збляны Рэгіны Лаўнік, цяжка схаваць здзіўленне і захапленне. Сцены, мэбля, пасцельныя прыналежнасці і нават адзенне захоўваюць адбітак творчай рукі жанчыны. Рэгіна Сцяпанаўна вышывае на працягу амаль усяго жыцця. Хоць валодаць іголкай і ніткамі ніхто яе не вучыў – сама асвоіла.
– Калі іншых дзяўчынак вучылі мамы, то мая мама ніколі не вышывала, – апавядае гераіня артыкула. – Памятаю, убачыла ў кагосьці вышыўку – і загарэлася жаданнем навучыцца. Адразу спакой страціла. Хто тады даў мне першыя ўрокі вышывання, ужо не памятаю (усё-такі восемдзесят гадоў стукнула). А вось бацька быў здатным краўцом. Памятаю, як вельмі хацела паехаць вучыцца ў горад, але ён не дазволіў. Сказаў, як адрэзаў: «Я кравец, і ты шыць будзеш для людзей!» Вось так я засталася ў роднай вёсцы Збляны. Тут выйшла замуж за мясцовага хлопца. Але, колькі сябе памятаю, як толькі была вольная хвілінка – брала ў рукі пяльцы.Рэгіна Лаўнік у акрузе славілася як вышывальшчыца не толькі таленавітая, але і вынаходлівая. Гэта цяпер да нашых з вамі паслуг – сотні і тысячы найпрыгажэйшых, прадуманых да дробязей схем, а ад каляровай гамы мулінэ дух захапляе. А калі вясковая майстрыха стварала большасць сваіх шэдэўраў, нічога такога не было. Вышывала яна самыя розныя рэчы. І толькі аднойчы быў перыяд, калі захапленне легла на паліцу шафы. Ужо будучы замужам, яна шмат працавала ў калгасе, вяла хатнюю гаспадарку. А потым, у росквіце сіл, пайшоў з жыцця муж, і прыйшлося адной падымаць на ногі дзяцей.
– Не ведаю, як усё вытрымала, але адукацыю дзецям дала. Скончыўшы вышэйшыя навучальныя ўстановы, усе ўладкаваліся ў жыцці, выпырхнулі з бацькоўскага гнязда. А я была не супраць: чалавек сам каваль свайго шчасця. І зараз я ў прамым сэнсе багатая бабуля, таму што маю шмат унукаў і праўнукаў. Родныя наведваюць мяне, не забываюць. Але ў асноўным жыву адна. Маю агарод і курачак, займаюся рукадзеллем. Вось на ложку пяльцы ляжаць, побач пачатая работа – сурвэтка з кветкамі. Дачка дапамагла зрабіць малюнак, а я ўжо «размалёўваю» ніткамі. Вышываю павольна, з расстаноўкай. З сотняў клетачак не адразу атрымліваюцца вобразы. Але мне вельмі прыемна назіраць, як пустое палатно запаўняецца фарбамі і ажывае.Колькасці работ, вышытых рукамі Рэгіны Сцяпанаўны, пазайздросціў бы любы музей. Карціны, яркія навалачкі для падушак, сурвэткі, упрыгожаныя рукатворнымі ўзорамі, – галоўнае багацце жанчыны. Усе работы светлыя і добрыя. Пры гэтым у інтэр’еры пакояў знаходзіцца толькі частка з іх – астатнія захоўваюцца на паліцы шафы і ў куфры.
Дарэчы, менавіта ў куфры знайшлося самае, на мой погляд, каштоўнае – вясельныя ручнікі. Эксклюзіў, зроблены рукамі сельскай працаўніцы, у наш час сустракаецца нячаста. Але менавіта гэтыя рэчы калісьці займалі галоўнае месца ў хаце, без іх не праходзілі ніводнае свята, ніводная сямейная ўрачыстасць.– Усе ручнікі вышытыя маімі рукамі. Некаторыя (напрыклад, божнікі) сталі ўпрыгажэннем абразоў. Яшчэ ёсць ручнік для вяселля, як сімвал шляху, жыццёвай дарогі. Калісьці матуля казала, што само палатно – сімвал жыцця, а тонкія ніткі на ім – Боская дапамога, абярэг. Мабыць, таму з асаблівым настроем садзілася за вышыванкі, падбірала яркую нітку, ўяўляла, як і куды накіраваць кожны шывок. Вышывала ў асноўным той ўзор, які сама малявала. Але многія жанчыны са Зблян не маглі прыдумаць тэму вышыўкі – і тады бралі ўпадабаны ўзор і па ім вышывалі. А потым вязалі кручком махры. Ад гэтага ручнік здаваўся яшчэ больш прыбраным. У мяне захоўваецца шмат такіх ручнікоў. Але традыцыя выкарыстоўваць іх сышла, а калі і ёсць, то вельмі мала людзей, якія самі вышываюць з душой. У цяперашні час вельмі шмат фабрык, дзе вырабляюць ільняныя ручнікі і вышыўку на іх наносяць спецыяльныя машыны. Гэта, вядома, вельмі прыгожа, але без душы.
Захоўваюцца ў доме Рэгіны Лаўнік і іншыя даўнія рэчы. Ім гадоў, мабыць, шэсцьдзясят, а то і больш. У невялікім клуначку акуратна складзеныя не толькі рознакаляровыя маткі з ніткамі, але і паясы, якімі ў вёсцы ўпрыгожвалі вопратку і абразы.– Бачыце, які ён доўгі, – некалькі разоў аперазаўшы адным з паясоў сябе, адзначыла рукадзельніца. – Гэтую рэч ткала для мяне мая будучая свякроў, а я ўжо дапоўніла яго бубонамі.
– А вытканы ўзор таксама штосьці сімвалізуе? – пытаюся ў жанчыны.
– Раней лічылася, што ён прынясе шчасце ў сям'ю. Толькі, на жаль, не было такіх складаных узораў, якія можна ўбачыць сёння. Нашы майстры выводзілі на паясах тое, што бачылі вакол сябе. Гэта і кветкі (я іх так люблю!), і зорачкі, і каласы, якія жалі ў полі. Людзі на вёсцы шмат працавалі, і фантазіраваць было некалі. Ткалі паясы перад святам, як тыя ручнікі, дарылі адзін другому. З цягам часу традыцыя сышла на нішто. Можа, хто зараз і памятае гэтую тэхніку, але не чула, каб у нашых месцах ткалі.
Немагчыма адвесці позірк ад немудрагелістых узораў на сукенцы, спадніцы, кафтане і фартуху Рэгіны Сцяпанаўны. На тканіне адзення знайшлося месца блакітным васількам і званочкам, чырвоным ружам і белым рамонкам. Было прыемна, што працаўніца падрыхтавалася да майго прыезду. Магчыма, яна выглядала нямодна, калі судзіць па сучасных мерках, але надзвычай самабытна.– Вельмі падабаецца мне гэты ўбор, – адзначыла Рэгіна Сцяпанаўна. – Мабыць, таму, што люблю вышываць кветкі. Тут, на блузцы, ёсць мае любімыя васількі. А ў цэлым кветкі ўсюды. У такім касцюме я была першай модніцай у вёсцы.
Пасля майго ад'езду бабуля-майстрыха паабяцала зноў сесці за любімы занятак. Так час ляціць непрыкметна (гэта вясковая жыхарка заўважыла даўно). У вышыўцы яна знайшла сваю крыніцу натхнення, сваю аддушыну. А калі знаходзіш справу па душы, жыць заўсёды цікавей.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.



