Жыхарка Ліды атрымала ордэн Маці. Узнагароду ўручыў кіраўнік раёна Сяргей Ложэчнік

17 Января 2020 3605

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, згодна з якім Вікторыя Цеста ўзнагароджана ордэнам Маці, быў падпісаны ў канцы снежня мінулага года. А сёння заслужаную ўзнагароду ва ўрачыстай абстаноўцы Вікторыі Віктараўне ў райвыканкаме ўручыў кіраўнік раёна Сяргей Ложэчнік. 

На мерапрыемства з нагоды сям’я Цеста прыйшла ў поўным складзе: акрамя самой мамы, муж і бацька Валерый Віктаравіч, дзеці – Уладзіслаў, Карына, Арцём, Мікіта і Вадзім. Павіншаваць віноўнікаў урачыстасці палічылі за гонар прадстаўнікі калектываў, дзе працуюць жонка і муж Цеста. Вікторыя Віктараўна зараз знаходзіцца ў водпуску па догляду дзіцяці да трох гадоў, а раней працавала прадаўцом ЧТУП “Тансэрвіс”. Валерый Віктаравіч шчыруе рэзчыкам у ЗАТ “Ліпласт-СПб”.

Добрыя словы, пажаданні гучалі ў адрас сям’і з вуснаў старшыні райвыканкама Сяргея Ложэчніка. Сяргей Васільевіч падкрэсліў, што  ордэн Маці – высокая адзнака дзяржавай працы жанчын, якія нарадзілі і выхоўваюць пецярых і болей дзяцей. Дарэчы, гэта не першы раз, калі сям’я Цеста як мнагадзетная мае пашану. У мінулым годзе яна атрымала кватэру, пабудаваную з дзяржпадтрымкай.

Безумоўна, да гэтага трэба дабавіць, што самі дзеці – гэта шчасце сям’і, а калі іх пяцёра, дык шчасце памнажаецца на пяць. Вікторыя Віктараўна і Валерый Віктаравіч нарадзіліся і выраслі не ў шматдзетных сем’ях, а вось сваё сумеснае жыццё вырашылі расквеціць большай колькасцю дзіцячых усмешак. Прызнаюцца, быццам нядаўна быў той дзень, калі пазнаёміліся на дыскатэцы, а сёння ўжо старэйшы сын Уладзіслаў амаль дарослы – навучэнец Лідскага каледжа. А калі азірнуцца назад, на той шлях, які прайшлі побач, то згадваецца, што крочылі ўпэўнена, у любові і павазе, заўсёды і ва ўсім падтрымліваючы адзін аднаго. Пад стаць бацькам і дзеці, якія нарадзіліся ў сям’і. Нягледзячы на тое што паміж   старэйшым і малодшым сынамі розніца ва ўзросце складае пятнаццаць гадоў, паміж усімі дзецьмі пануюць вельмі добрыя, цёплыя адносіны, якія і павінны быць паміж роднымі.

У такіх шматдзетных сем’ях, як Цеста, заўсёды вялікую ролю іграе мама.

– Яна вельмі добрая маці, гаспадыня, цудоўны чалавек! – казаў журналістам пра сваю жонку Валерый Віктаравіч.

– Няма лепшай мамы на свеце, чым наша! – адзначалі дзеці Вікторыі Віктараўны.

– У нашым калектыве Вікторыя Віктараўна працавала з 2010 года. Выдатны работнік, адказная, вельмі ветліва адносіцца да пакупнікоў.  Чакаем пасля дэкрэтнага водпуску на работу, – дабавіла да сказанага дырэктар ЧТУП “Тансэрвіс” Таццяна Косая.

Ордэн Маці, які атрымала Вікторыя Цеста, яшчэ адна важкая яе характарыстыка.







Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться